Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сібірскі блог. Як выжывае забайкальская вёска?


Аўтар на кані забайкальскага фэрмэра Вячаслава Уюнова
Аўтар на кані забайкальскага фэрмэра Вячаслава Уюнова

Карэспандэнт "Свабоды" наведаў Усходнюю Сібір і Забайкальле. Мясьціны, у якія нашыя продкі ехалі не з уласнае волі. У чацьвёртай частцы фатаблогу расповед пра жыцьцё вяскоўцаў у Забайкальскім краі.






Праехаўшы больш за 1000 кілямэтраў па аўтамабільных і чыгуначных шляхах Забайкальля на поўнач, поўдзень і на захад ад Чыты, я так і не заўважыў ніводнага палетка з жытам ці якой іншай сельскагаспадарчай культурай. Толькі некалькі “культурных пашаў”, агароджаных ад тайгі, стэпу ці лугу. Аўтамабільныя дарогі час ад часу нібы правальваліся на некалькі сантымэтраў, машына з разгону “гушкала” ўніз. Мясцовыя людзі тлумачылі: гэтак “гуляе” вечная мерзлата пад грунтам, адрамантаваць такія дарогі немагчыма. Сельскай гаспадаркай у гэтых умовах займацца вельмі складана. Хіба што жывёлагадоўляй. У стэпах Забайкальля менавіта гадоўля коней, авечак і буйной рагатай жывёлы ратуе сялян.


Фэрмэр зь вёскі Тасей Вячаслаў Уюноў мае два дзясяткі коней, статак кароў, 100 гектараў пашаў, арандуе невялікае возера. Дзесяць кароў ён нядаўна прадаў на мяса, каб пабудаваць у сваёй вёсцы водазаборную сьвідравіну. У часе нядаўніх пажараў у яго ў тайзе згарэлі два паляўнічыя зімоўі.


Фэрмэр прадае малако, сьмятану, тварог. Але багацеем ён ня стаў.


Калісьці мясцовае аўтахтоннае насельніцтва — бураты — жыло ў юртах. Цяпер юрты можна ўбачыць толькі ў музэях ды ў турыстычных цэнтрах. Намесьнік дырэктара Агінскага нацыянальнага музэю Мунко-Бато Жамсаранаў дэманструе інтэр’ер традыцыйнай бурацкай юрты.


Цяпер бураты жывуць у вёсках у невялікіх драўляных дамах. Вялікія абагрэць дорага.


Уздоўж Транссібу сотні кілямэтраў цягнецца нудны і бязьлюдны пэйзаж, які ажыўляюць нешматлікія паўстанкі. Шмат выпаленых лясоў. Нават стажок зь сенам з радасьцю заўважаеш за вакном як прыкмету дзейнасьці чалавека. Далей ад чыгункі ўвогуле бязьлюдна. На сотні кілямэтраў. Раздольле хіба што зьвярам, паляўнічым ды рыбаловам.


Рыбалоўства ля шматлікіх сібірскіх азёр дае людзям магчымасьць падзарабіць. На дарогах ля сваіх вёсак яны будуюць прылаўкі з навесамі, прапануюць праежджым сьвежую рыбу розных відаў.


Альбо вэнджаную рыбу. Вязанка акунёў, чабакоў ці адзін шчупак — 100 рублёў. Як у гэтага рыбака з возера Арахлей. Найлепшымі выявіліся мясцовыя акуні гарачага вэнджаньня, яны падаліся мне нават смачнейшымі, чым знакамітыя байкальскія омулі.


Тым жа, хто сам хоча налавіць рыбкі на юшку, трэба купіць чарвякоў. Проста на беразе іх не накапаеш, яны бываюць на агародах сялян ці дачнікаў. Таму лепей іх купіць. У вёсцы Праабражэнская да гаспадароў чарвякоў вядуць спэцыяльныя ўказальнікі.


Адзін чарвяк у гэтай гаспадыні каштуе 7 рублёў. Але купіць варта. Магу засьведчыць, што акуні браліся на трэцяй сэкундзе пасьля закідваньня вуды, а “тапілі” паплавок праз паўхвіліны. Маленькія, праўда, але можа таму, што я лавіў іх зь берагу. Для прыгатаваньня юшкі ў сялян можна купіць і сухіх дроў — 10 рублёў за палена. Такі сьціплы бізнэс сібірскіх сялян у месцах, дзе бываюць турысты. Дзе турыстаў няма — грошы зарабіць складаней.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG