Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сібірскі блог. Горад, які памірыў белых і чырвоных


Аўтар на беразе Ангары
Аўтар на беразе Ангары

Карэспандэнт "Свабоды" наведаў Усходнюю Сібір і Забайкальле. Мясьціны, у якія нашыя продкі ехалі не з уласнае волі. У трэцяй частцы фатаблогу зь Сібіры — Іркуцк, у якім спалучаюцца абрысы багатага купецкага гораду XIX стагодзьдзя, узорнага сацыялістычнага гораду XX стагодзьдзя і эканамічнага ды культурнага цэнтру сучаснай Сібіры.




Іркуцк у пазамінулым стагодзьдзі называлі Сібірскім Парыжам, горад быў багаты, тут жыло шмат купцоў-мэцэнатаў, якія не шкадавалі грошай на ўпрыгожаньне гораду. Многія будынкі ў цэнтры Іркуцку нагадваюць пра шыкоўнае жыцьцё купецкай эліты Сібіры.


Іркуцк лічыцца таксама сталіцай гарадзкога драўлянага дойлідзтва Расеі. У драўлянай сядзібе купца-мэцэната Сукачова цяпер дзейнічае мастацкі музэй.


Шмат якія ўнікальныя драўляныя будынкі яшчэ чакаюць рэстаўратараў.

Іркуцкія купцы думалі ня толькі пра сябе. Купец і золатаздабытчык Яўфімій Кузьняцоў пры канцы XIX стагодзьдзя аплаціў тут пабудову Казанскага катэдральнага сабору на 5 тысяч вернікаў, толькі крыху меншага за Ісакіеўскі сабор у Пецярбурзе. Бальшавікі зьнішчылі яго ў 1932 годзе…


Меншыя іркуцкія храмы былі пераабсталяваныя савецкай уладай і дзякуючы гэтаму перажылі той пэрыяд, а цяпер імкліва адбудоўваюцца. Як Богаяўленскі сабор 1741 году.


У гады ваяўнічага атэізму зьбярогся і іркуцкі “польскі” касьцёл. Яго выкарыстоўвалі як арганную залю. Касьцёл быў пастаўлены за кошт высланых сюды польскіх і беларускіх паўстанцаў, а таксама за кошт ахвяраваньняў каталіцкіх парафіяў з усёй Расейскай імпэрыі. Цяпер тут акрамя арганных канцэртаў адбываецца і імша, на якую зьбіраюцца нашчадкі паўстанцаў 1830 і 1863 гадоў.


Іркуцк аднаўляе сваё дарэвалюцыйнае аблічча, не разбураючы савецкага. На ўзьбярэжжы Ангары ў канцы вуліцы Карла Маркса нядаўна аднавілі вялізны помнік цару Аляксандру III, узьведзены як знак падзякі за ягонае рашэньне збудаваць Транссібірскую чыгунку. Побач зь ім захаваўся помнік “Змагарам рэвалюцыі”.


А ў цэнтры гораду — тыповы манумэнт кіраўніка гэтай рэвалюцыі У. Леніна. Цэнтральная плошча гораду дагэтуль носіць імя Кірава, які нейкі час быў тут у высланьні. Свае назвы захавалі і іншыя гарадзкія вуліцы.


Гарадзкая тапаніміка пайшла тут на кампраміс зь мінулым — апрача дзейных савецкіх назваў вуліц, на будынках пішуць і дасавецкія.


Яшчэ большы кампраміс учынілі аўтары помніка адміралу Аляксандру Калчаку, пастаўленага тут у 2004 годзе. Былога вярхоўнага правіцеля Расеі ў 1920-м расстралялі ў Іркуцку і ўкінулі ў палонку ў Ангару. На пастамэнце помніка Калчаку адлюстраваны фігуры белагвардзейца і чырвонаармейца, якія, стоячы адзін насупраць аднаго, схілілі стрэльбы.


Офіс цяперашняй кіроўчай партыі Расеі і грамадзкая прымальня яе лідэра знаходзяцца ў даволі сьціплым будынку.


Найлепшае ўпрыгожаньне Іркуцку — рака Ангара. Вада ў ёй надта халодная, як у Байкале, зь якога яна выцякае. Набярэжная ракі застаецца ўлюбёным месцам адпачынку іркуцян.


На берагах і мастах Ангары маладыя пакідаюць замкі, якія сымбалізуюць трываласьць іх шлюбаў. Гэта ўжо сучасная традыцыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG