Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Непалонныя румыны


Аляксандр Глеб і Чыпрыян Марыка пасьля фінальнага сьвістку. Падчас гульні Аляксандр атрымаў траўму. Здымкі Алеся Шухера (1927.by)
Аляксандр Глеб і Чыпрыян Марыка пасьля фінальнага сьвістку. Падчас гульні Аляксандр атрымаў траўму. Здымкі Алеся Шухера (1927.by)

У аўторак 7 верасьня на менскім стадыёне "Дынама" футбольная зборная Беларусі згуляла ўнічыю 0:0 са зборнай Румыніі.


Дагэтуль тройчы мы гулялі з румынамі, і ўсе тры разы прайгравалі – з агульным лікам 2:8. І вось першы станоўчы вынік – нулявая нічыя. Яе дакладна запісваем у "плюс" нашай футбольнай зборнай, якая пасьля двухматчавага старту адборачнага турніру да чэмпіянату Эўропы дзеліць з альбанцамі 1-е месца ў групе.

Канечне, не нічыёй чакалі беларускія заўзятары, але румынская каманда настолькі пісьменна пабудавала гульню, што гаспадары адсоткаў на 70% запоўненага менскага стадыёна "Дынама" за ўвёсь матч здолелі зладзіць толькі адну сапраўды вострую атаку, а ўдараў у створ брамы румынскага галкіпера Панцілімона мы так і не дачакаліся – усё міма. Таму нічыя па такой гульні – някепскі вынік, улічваючы тое, што пару разоў румыны проста "прабачылі" Беларусь.

Карніленка вырываецца да варотаў…

…б'е моцна, але недакладна…

… хапаецца за галаву — чаму не аддаў пас?

Якія высновы можна рабіць пасьля перамогі ў Парыжы супраць французаў ды нічыёй у Менску супраць Румыніі? Больш-менш наладзіліся справы ў абароне, цэнтральны абаронца Мартыновіч увогуле прыемна зьдзіўляе надзейнасьцю, а ў крытычных сытуацыях выратоўвае Жаўноў-капітан. Шытаў, канечне, ледзьве не "прывёз" гол у свае вароты, калі пачаў выдурняцца з двума румынамі, а тыя адабралі мяч ды вывелі на галявую пазыцыю Богдана Станку. Але абыйшлося, і мы дагэтуль маем ганаровы "нуль" у графе "прапушчаныя мячы" – адзіныя ў групе.

Віталь Радыёнаў ды Крыстыян Ківу

Румыны трымаюць абарону

Пытаньні ёсьць да атакі. Толькі адзін удар "у рамку" за 180 хвілінаў! Так, гэта той самы гол Сяргея Кісьляка на "Стад дэ Франс". Ад тлумачэньняў нямецкі трэнер нашай каманды Штанге даволі тэхнічна ўвільвае, спасылаючыся на тое, што Францыя ды Румынія – надзвычай сур'ёзныя супернікі. Праўда то праўда, але апрача выніку хочацца і прыгожага футболу. І ніякія сур'ёзнасьць супернікаў не перашкодзіць гэтага хацець.

Чэскі арбітр Павел Кралавец, беларус Аляксандр Глеб, Крыстыян Ківу ды Міхай Фларэску (на траве)

Удары ў Сяргея Кісьляка ня йшлі

Радуе фан-групоўка беларускай зборнай — Б-12 ("12-ты гулец зборнай Беларусі"). Яны даволі масава выехалі ў Парыж, а таксама наладзілі прыгожую падтрымку на "Дынама", падрыхтаваўшы перфоманс на тэму пекла, у якое, па ідэі, мусяць трапляць госьці-супернікі беларусаў.

Перфоманс ад "Б-12". Надпіс на расьцяжцы: "Дадзім чаду!"

На "казырок" менскага стадыёна "Дынама" квіты не прадаюць, бо надбудоўка ў аварыйным стане

Сёлета ў нашай зборнай яшчэ два матчы, абодва ў кастрычніку: 8-га — на выездзе зь Люксембургам, а 12-га — у Магілеве супраць Альбаніі. Няўжо пойдзем на зімовы перапынак лідэрамі групы?

Румыны гулялі грубавата, вось Аляксандру Юрэвічу, напрыклад, нос разьбілі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG