Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Томас Венцлава. Я задыхаюся


Томас Венцлава
Томас Венцлава
У сярэдзіне ліпеня часопіс IQ (партнэр The Economist ў Літве) апублікаваў артыкул вядомага літоўскага публіцыста, паэта, перакладчыка і праваабаронцы Томаса Венцлавы "Я задыхаюся”. Артыкул паслужыў падставай для актыўнай дыскусіі сярод літоўскіх інтэлектуалаў, якая працягваецца да гэтага часу. Прапануем вам фрагмэнты артыкулу.

(...)
Гавораць пра традыцыйныя літоўскія каштоўнасьці, варожыя сумнеўным эўрапейскім і глябальным каштоўнасьцям. Глябалізм - гэта нібыта толькі прыкрыцьцё і псэўданім драпежнага капіталізму, а карысьць ад гэтага драпежнага капіталізму атрымліваюць толькі цёмныя інтэрнацыянальныя сілы - звычайна іх не называюць, але даволі ясна даюць зразумець, што гэта габрэі (да прыкладу, Джордж Сорас). Гэтыя сілы сьвядома зьнішчаюць народы, а ў першую чаргу - літоўскі, які ненавідзяць больш за іншыя. Чым больш талерантнасьці, тым менш Літвы - кажа філёзаф Арвідас Юазайціс. Калі мы будзем талерантныя, то нас затопяць чужыя культуры, расы, наша сьвятое бурштынавае ўзмор'е апануюць розныя прайдзісьветы, ад якіх мы зацята адбіваліся і больш-менш (хаця, вядома, не зусім) здолелі абараніцца ў савецкі час.

Філёзаф Вітаўтас Раджвілас кажа аб глябальнай індактрынацыі, прамываньні мазгоў, аб эўракалябарацыянізме. Для многіх гэты "эўракалябарацыянізм" па сутнасьці не адрозьніваецца ад калябарацыянізму пры савецкай уладзе, хіба што ён горшы, бо народ цяпер зьнікае хутчэй. Філёзаф Рамуальдас Озалас бласлаўляе ксэнафобскія групы. Такія групы ня толькі дзеляць жыхароў на літоўцаў і нелітоўцаў, але і саміх літоўцаў - на добрых і дрэнных, сапраўдных і касмапалітаў, нават "генэтычных патрыётаў" і "генэтычных здраднікаў".

Сапраўдны літовец – гэта той, хто ня любіць, а яшчэ лепш, ненавідзіць рускіх, палякаў, габрэяў, а таксама жыхароў Захаду, а любіць хіба што палестынцаў (дарэчы, няцяжка ўявіць, што нашы патрыёты пачалі б казаць пра палестынцаў, калі б сустрэліся з імі ў побыце, як сутыкнуліся з чачэнцамі). Парлямэнт, выстаўляючы сябе на сьмех перад Эўропай, нярэдка выклікаючы ў яе агіду, прымае законы, якія забараняюць пісаць у пашпарце літару w і распаўсюджваць сэксуальную інфармацыю, а асобы, якія лічаць сябе змагарамі за свабоду, закідваюць камянямі шэсьце геяў (барані Божа – ня шэсьце тых, хто спачувае нацыстам). Пачакаем яшчэ, і магчыма зьявяцца дэпутаты, якія будуць падпальваць школы.

Леанідас Донскіс - адзін зь нямногіх нашых інтэлектуалаў, якія яшчэ не зракліся прысягі Сакрата - публічна пытаецца: што з намі здарылася? На жаль, нічога асаблівага: такія самыя тэндэнцыі выявіліся яшчэ ў гады Саюдзісу, хаця тады імкненьне да свабоды было такім палымяным і прыцягальным, што хацелася іх не заўважаць. Савецкую сыстэму адхілілі, па-першае, і ня толькі таму, што яна, на думку большасьці, уяўляла сьмяротную небясьпеку для народу.

(...)

Тое, што ў савецкі час насамрэч было важна зрабіць, тое атрымалася: сваіх падначаленых, на якой бы яны мове ні гаварылі, кім бы ні былі, моцна дэмаралізавалі, прышчапілі ім вузкі, прымітыўны мэнталітэт, часткай якога, дарэчы, і была ксэнафобія і нянавісьць да касмапалітаў. Па сутнасьці яны выдатна закансэрвавалі такі літоўскі народ, які так даспадобы нашым псэўдаінтэлектуалам.

(...)

Дадам, што для мяне асабіста вельмі важны росквіт літоўскай мовы і народу, бо я ня толькі публіцыст, але ў першую чаргу - паэт, мне неабыякавы лёс літоўскага слова. Проста важна мець чытача - ня толькі цяпер, але і ў будучыні. Аднак я ня згодны, што трэба любіць толькі такую радзіму, народ і літоўскасьць, якую ўяўляе сабе большасьць нашых філёзафаў і нефілёзафаў - трэба любіць і кропка, ні ў якім разе не разважаць. Народ, на думку гэтых філёзафаў і нефілёзафаў, вельмі слабы і мізэрны - калі не пасадзіць яго за плот, лепш за ўсё за калючы дрот, то ён адразу ж зьнікне. Акрамя таго, у яго павінны быць ворагі.

(...)

Мы жывем у эпоху, калі пачынае зьмяняцца паняцьце народ. Па-першае, у эпоху Інтэрнэту і самалётаў слабее сувязь паміж народам і тэрыторыяй. Сёньня можна быць літоўцам і плённа ўдзельнічаць у жыцьці Літвы, нават калі тваё жытло - на іншым кантынэнце. Вядома, для гэтага трэба разумна вырашыць пытаньне літоўскага грамадзянства. Па-другое, нацыянальнасьць становіцца ня справай паходжаньня, а пытаньнем свабоднага выбару. Многіх ахоплівае расісцкі жах пры думцы, што літоўцам могуць лічыць віетнамца або чарнаскурага, калі ён жыве ў Літве, атрымаў грамадзянства, выконвае абавязкі і гаворыць па-літоўску. Але гэта адзіны гуманістычны і сучасны, а значыць, адзіны дапушчальны погляд.

(...)

Ёсьць і псыхалягічны комплекс, які я б назваў "фэтышызмам незалежнасьці". Самастойная, нікім не абмяжоўваная дзяржаўнасьць лічыцца абсалютнай і галоўнай каштоўнасьцю, непараўнальна больш важнай, чым дэмакратыя, чалавечнасьць і здаровы розум. Гэтае стаўленьне спрабуюць падтрымліваць эмацыйна і на ўзроўні экстатычных літургіяў. Спробы яго мадыфікаваць або паддаваць сумневу характарызуюць як здраду, якая павінна карацца самым жорсткім спосабам, аж да расстрэлу. Нібыта так зьневажаюць шматгадовыя подзьвігі і пакуты народу.

Незалежнасьць - гэта не самамэта, гэта спосаб забясьпечыць дабрабыт народу. Вядома, гэта прыдатны спосаб, таму ўсё сваё сьвядомае жыцьцё я выказваўся і цяпер выказваюся за незалежную Літву. Але незалежнасьць без усялякіх абмежаваньняў практычна немагчымая, а калі і магчымая, то шкодная. Яна - анахранічная мэнтальная канструкцыя, пазычаная ў летуценьнікаў XIX стагодзьдзя.

(...)

Што ў нас застаецца ў нашай цяперашняй ня вельмі вясёлай сытуацыі? Пашырэньне і адстойваньне свайго меркаваньня, нават калі супраць яго быў бы народ ці хаця б большасьць інтэлектуалаў. Маленькія, але ўпартыя гурткі, невялікія, але прыстойныя школы. На гэта, напэўна, скажуць: "Вы патрабуеце талерантнасьці, але вы не талерантныя да нас, сапраўдных патрыётаў Літвы". Гэта ня так: мы толькі забараняем забараняць, забараняем гвалтаваць.

Мы - за фармальную дэмакратычную практыку. Можна не пагаджацца з геямі і не любіць іх, але нельга ганіць і кідаць у іх камяні. Можна выказацца супраць іміграцыі, але нельга іх зьневажаць, біць і жорстка дэпартаваць. Можна мець сваю палітыку, але нельга ўдзень і ўначы крычаць, што яе апанэнты - здраднікі і чужыя агенты, якім ня месца ў Літве. Можна дыскутаваць (мы ня будзем хаваць, што лічым тваё меркаваньне памылкай і анахранізмам), але нельга дыскрымінаваць. А калі будзеш спрабаваць ўвесьці фашысцкі, нэататалітарны парадак - будзеш мусіць лічыцца ня толькі зь незадаволенасьцю Брусэлю, але і ў першую чаргу з грамадзянскім непадпарадкаваньнем і супрацівам. Summa summarum я застаюся аптымістам: пасьля аднаўленьня незалежнасьці, пасьля эканамічнай і палітычнай трансфармацыі прыйдзе час і мэнтальнай трансфармацыі. Але ў гэтым трэба ўдзельнічаць, а не паддавацца тым, хто спрабуе прышчапіць дапатопны мэнталітэт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG