Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Праваслаўную культуру” — у школы, Балёнскую сыстэму — у ВНУ


Канстанцін Чарнец
Канстанцін Чарнец
Выкладчык філязофіі: ...Barbara, Celarent, Darii, Ferio, Baralipton і гэтак далей.

Сп. Журдэн: Ужо надта вось словы мудрагелістыя. Не, лёгіка мне не пасуе. Лепей што-небудзь прывабнейшае.

Мальер. Мешчанін у дваранах


Калі зь вядомага бальшавіцкага лёзунгу выдаліць коскі, то атрымаецца нешта кшталту таго, чаго рэгулярна патрабуюць ад стомленых разнастайнасьцю жыцьця вучняў і студэнтаў: “Вучыцца, вучыцца і вучыцца!” Тым выдатней, калі гэта гучыць у адпаведны час. Лета: навучэнцы ў адпачынку, настаўнікі — у рэжыме “standby”. Толькі дзяржаўныя людзі ў гэтыя часіны агульнай разьняволенасьці дбаюць пра адукацыю. Надоечы кіраўнік краіны зьдзівіў амаль усіх пастановаю далучыцца да Балёнскага працэсу. Хто б з прыхільнікаў эўрапейскіх каштоўнасьцяў мог спадзявацца на гэткі заварот? І ці радавацца цяперака?

Балёнскі працэс выглядае як зьява нэўтральная. Яго мэта, як вядома, — інтэграцыйная, без аніякіх выразных эканамічных альбо палітычных сэнсаў. Нават яго крытыкі не выступаюць супраць базавых прынцыпаў — пытаньне толькі ў тым, як дастасоўваецца сыстэма да мясцовых умоваў. Напрыклад, у Гішпаніі студэнты супрацьстаяць новаму акадэмічнаму ладу, бо ён спалучаецца з прыватызацыяй навучальных установаў; у Расеі сьвядомыя выкладчыкі ўвогуле б'юць трывогу — яны добра ведаюць сваіх службоўцаў і чакаюць ускоснага скасаваньня бясплатнай адукацыі. Большая частка краінаў, закранутых Працэсам, здаволена маўчыць.

На беларускай глебе шкілет эўрапейскай сыстэмы таксама абрасьце мясцовым "мясам". Цікава будзе паназіраць, як дбайныя студыёзусы пачнуць зарабляць "крэдыты" на прадмеце "дзяржаўная ідэалёгія", якія новыя прылады для праўкі дэвіянтаў увойдуць ва ўжытак і што нарэшце станецца з адыёзным "разьмеркаваньнем". Бо можам атрымаць проста эўрарамонт у пастарунку.

Таму варта зьвярнуць увагу на яшчэ адну, сапраўды эпахальную адукацыйную навіну. Зь першага верасьня беларускія школьнікі змогуць вывучаць праваслаўе ня толькі ў нядзельных школах. Факультатывы “Асноваў праваслаўнай культуры” зьявяцца ў звычайных дзяржаўных дзесяцігодках. Чаму праваслаўе? Калі адбылося апытаньне сярод бацькоў? Ці можна будзе ўнікнуць заняткаў? — гэтыя натуральныя пытаньні, трэба думаць, пакуль павіснуць у шляхетнай безадказнасьці.

Рызыкоўны крок: нават у больш рэлігійна-заклапочанай Расеі* ўвод АПК суправаджаўся нежартоўнымі спрэчкамі й хваляваньнямі; а ў Беларусі яшчэ памятаюць непрыемную гісторыю са скасаваньнем прадмету "Сусьветная мастацкая культура". Выглядае на тое, нібы адбыўся вельмі дзіўны "культурны абмен", і шмат каму ён можа падацца нераўнавартым. Пакуль невядомай застаецца колькасьць навучальных гадзінаў ды ступень добраахвотнасьці праваслаўнага выхаваньня, "факультатыў" выклікае зразумелую асьцярогу. Ёсьць з чаго мітрэнжыцца: цяпер толькі чвэрць "праваслаўных" верыць у Другое Прышэсьце, затое траціна прызнае перасяленьне душы**; пра ўстойлівы давер да гараскопаў і гаварыць ня варта. Увосень іх нашчадкаў чакае неспадзеўка: яны ўрэшце ўведаюць тую рэлігію, да якой фармальна належыць большасьць беларускіх вернікаў. Абазваўся грыбам — вось і кошык.

"Атэны ці Ерусалім?!" — патрабаваў выбраць штосьці адно хрысьціянскі парадаксаліст Тэртуліян, маючы на ўвазе сэкулярнае й царкоўнае. Нашае кіраўніцтва ўхітраецца выкручвацца зь любых ультыматумаў, часьцяком цаной безгустоўнага эклектызму. Сумяшчаецца ж у дзяржаўнай ідэалёгіі "кансэрватызм" зь "лібэралізмам". Вось у нас і будзе: пачатковая школа — з дадаткам кансэрватызму, вышэйшая — лібэральнейшая.

*Згодна з дадзенымі цэнтру Гэлапа.
** Безнюк Д.К. Религиозная ситуация в Беларуси (опыт комплексного описания) // Социология. 2003. № 2.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG