Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя беражэ нават Маці Божую…


Мэталашукальнікі


Пілігрымка ў нас адбылася, ці паломніцтва — як каму больш падабаецца. Карацей: храм стары, абраз Маці Божай у ім, сьвятары ў адметных — дзеля нагоды шатах і тысячы-тысячы людзей адусюль. Так-так, тысячы і тысячы: крыжы ў руках, харугвы, сьцягі. Малітвы, сьпевы рэлігійныя, мэлёдыя арганаў, словам, можна было б адчуваць сябе цудоўна, узьнёсла, каб не ачапленьні міліцэйскія. Мэталашукальнікі перад храмам. Пагоны, кабуры, фуражкі.

І скуль яны толькі ўзяліся на вёсцы, цэлая плойма?! Да бліжэйнага гораду кілямэтраў дваццаць, мабыць, дый сам горад — мястэчка і міліцыянтаў тых — тфу! Карацей, сьцягнулі рэзэрвы, як на спэцапэрацыю нейкую. Ня ведаю, ці па барацьбе зь ляснымі броварамі ці яшчэ зь якой трасцай, але ў нас тут не было ні бровараў лясных, ні братоў, толькі Маці Божай абраз цудатворнай. Некаторыя, больш прыстойныя з выгляду, нам тлумачылі: раней храмы вашыя ўзрывалі, купалы, крыжы скідалі, бацюшак на Салаўкі, вернікаў — у Курапаты, а цяпер, маўляў, нас ахоўваюць ад розных нягодаў. Вы, кажуць, цаніце, што мы вас абараняем грудзьмі! Ад каго, зьдзіўляемся непрыемна: ад землятрусу, ад цунамі, ад вульканічнага попелу?!

Крыўдзяцца, робяць выгляд прынамсі, але рукамі дзейнічаюць як на мытні не раўнуючы. Абшукваюць, асабліва незадаволеных. Рот гаворыць міліцэйскі мядовыя прамовы, а рукі торбамі занятыя. Пералапачваюць усё, што на вока трапіць — шкарпэткі, сала, бо надта ж шукаюць кніжкі, газэты розныя, улёткі. Мне гэта фільмы пра вайну прыгадала, як там у падпольшчыкаў і партызанаў фрыцы з паліцаямі правяралі перад вёскай — што на возе, ці ў мяшку заплечным, таксама шукалі крамолы, баяліся людзей нашых. Гэтыя — незразумела каго страшацца — хутчэй генэралаў сваіх, начальства вельмі высокага, у каторага ўсё строга. Ці няма карыкатураў або жартаў пра вайну цукровую і гарэлачную з русакамі, зь якімі ў нас любоў-нянавісьць? Колькі ні гавары “свабода веравызнаньня”, але мы скурай адчуваем: калі ў Бога верыш, ты пад падазрэньнем застаешся, ня важна, што ў нас канстытуцыя ёсьць быццам, бо яны вераць толькі ў бога свайго і калі нехта іншага мае, яны заўжды гатовыя кухталёў яму…

”Опіюм”


Асабліва яны ня любяць, калі фатаграфуюць іх за работай. Гэта справа дзяржаўнай важнасьці — прапускаць людзей да Бога скрозь міліцэйскія кардоны! Калі ты на іх фотааб’ектыў накіраваў, ты, значыцца, пад сумнеў бярэш, падспудна крытыкуеш, ты нядобранадзейным зьяўляешся! У іх для цябе друкі і кайданкі, пратаколы казённыя. Калі ты да Бога, ды за дзясяткі кілямэтраў, ды, ня дай божа (выбачай за такія словы!), пешшу ці зусім — укленчыўшы, то на цябе вока і вока міліцэйскае патрэбна, каб адчуваў, што ўлада ў нас па-ранейшаму савецкая, што Фэлікс Эдмундавіч, уласна кажучы, не пахаваны і справа яго жыве.

Кажуць, у іх там — ад выпрацоўкі аплата, прэміяльныя прынамсі: колькі абшукалі людзей, колькі торбаў, колькі чаго сканфіскавалі таксама — улік і кантроль. Думаю, самую вялікую “прагрэсіўку” атрымаў бы найбольш “вынаходлівы”… У думках-марах ён спыняе рашуча манашак, якія несьлі Маці Божай фігуру — паступіў ананімны званок, таварышы, што ўнутры можа быць бомба! Людзі пачынаюць ціхенька так наракаць уголас, яшчэ не абурацца, не, але сваімі паводзінамі выказваць нязгоду, дык іх міліцэйскія ланцугі адцясьняюць убок. А Маці Божую кідаецца спрактыкавана абнюхваць Рэкс міліцэйскі. Сьвятары і манахі моляцца нягучна, а некаторыя з паломнікаў спрабуюць задаваць пытаньні раздражнёна. Дзябёлы сяржант ім адказвае — а раптам опіюм унутры, забыліся — што такое ваша рэлігія? А ў самога рот да вушэй.

Але другі, больш лагодны з выгляду (маўляў, добры сьледчы), супакойвае: бяз панікі, таварышы, зараз праверым вашу статую на ўсякі выпадак, і прадаўжайце тады хрысьціцца-маліцца далей — колькі вашай душы заўгодна, як вучыў нас Ленін — “на бога надзейся, а сам не плашай”, таварышы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG