Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газавыя жарсьці астываюць, нафтавыя — разгараюцца


Эканамічны суд СНД назваў дату разгляду пазову Беларусі да Расеі аб неправамоцнасьці спагнаньня мыта на нафтапрадукты. Працэс пачнецца 7 верасьня, аднак калегія суду спадзяецца, што бакі ня вычарпалі ўсіх магчымасьцяў, каб урэгуляваць канфлікт самастойна.

Экспэрты між тым выказваюць сумнеў, што пасьля газавай вайны бакі здольныя дэманстраваць узор дыпляматыі ў сыравінных пытаньнях.

Эканамічны суд СНД заклікае бакі да перамір'я. На мірны вынік разьлічваюць і ангажаваныя чыноўнікі, якія яшчэ намагаюцца падтрымаць сапсаваны імідж так званай саюзнай дзяржавы. Гаворыць сябра Пастаяннага камітэту Саюзнай дзяржавы Васіль Хрол:

Васіль Хрол
"Я ў такіх сытуацыях прывык мадэляваць: вось у мяне яшчэ два браты. І калі б мы, браты, пачалі вырашаць нашыя праблемы праз суд, то суседзі нас ніколі б не ўхвалілі. Ну як так?! Дажыліся два браты — Расея і Беларусь — што ня могуць дамовіцца за сталом перамоваў, за круглым сталом, а вымушаныя зьвяртацца па тлумачэньне да якогасьці суду. Гэта неяк ну зусім не па-братэрску. Вось дажыліся!.."

Міністэрства юстыцыі, якое выстаўляе прэтэнзіі ад імя беларускага ўраду, выказала шкадаваньне, што судовая інстанцыя не задаволіла хадайніцтва пра часовую забарону сплаты мыта на пастаўку нафтапрадуктаў з Расеі. У адмысловай заяве ведамства гаворыцца: "Неправамоцнае спагнаньне расейскім бокам мыта на нафтапрадукты разбурае дзелавыя сувязі, створаныя паміж прадпрыемствамі дзьвюх краінаў, парушае эканамічныя інтарэсы больш як 70 беларускіх і расейскіх арганізацыяў нафтахімічнага комплексу".

Калегія Эканамічнага суду СНД 21 красавіка прыняла пазоў ураду Беларусі да ўраду Расеі. Беларускі бок аспрэчвае ўведзенае Расеяй з 1 студзеня мыта на экспарт нафтапрадуктаў. 24 чэрвеня суд адмовіўся задаволіць хадайніцтва беларускага боку пра часовую забарону зьбіраць мыта на нафтапрадукты, якія пастаўляюцца з Расеі, да таго моманту, калі суд прыме канчатковае рашэньне ў гэтай справе. Беларусі бок у гэтым зьвязку канстатаваў, што цягам усяго пэрыяду падрыхтоўкі да працэсу ніводнае з заяўленых беларускім бокам хадайніцтваў не было задаволенае.

У часе тыднёвага газавага канфлікту Аляксандар Лукашэнка неаднойчы згадваў нявырашаныя нафтавыя праблемы, якія тармозяць стварэньне Мытнага саюзу. Лукашэнка настойвае, што Расея ўжывае да Беларусі дыскрымінацыйныя захады, тым часам як іншы партнэр — Казахстан — ужо карыстаецца ўсімі выгодамі адзінай мытнай прасторы:
Я казаў: давайце з 1 студзеня наступнага году адмяняем усе пошліны. А зараз, як крок добрай волі, здымаем мытныя бар'еры, мытныя пошліны на нафтапрадукты ...

"У нас тры чальцы Мытнага саюзу. Але стаўленьне Расеі па адным і тым жа пытаньні да Беларусі і да Казахстану, найперш па мыце на нафту, абсалютна рознае. Там бязмытная нафта, тут уводзіцца мыта. Дзеля таго, каб нам прасунуцца да Мытнага саюзу ўшчыльную, канечне, трэба скасоўваць мыта. Я казаў: давайце з 1 студзеня наступнага году адмяняем усе пошліны. А зараз, як крок добрай волі, здымаем мытныя бар'еры, мытныя пошліны на нафтапрадукты. То бок зараз, па заканчэньні першага паўгодзьдзя, здымаем мыта на нафтапрадукты, а мы ўжо неяк патрываем да пачатку наступнага году адносна мыта на нафту. Але з 1 студзеня 2011-га гэтыя пошліны павінны быць зьнятыя".

Стала вядома, што Эканамічны суд адмовіўся задаволіць тры хадайніцтвы, заяўленыя беларускім бокам. Хадайніцтвы, у прыватнасьці, тычыліся ўжываньня меры забесьпячальнага характару да расейскага боку. Беларусь настойвае, што спагнаньне мыта на нафтапрадукты супярэчыць шэрагу міжнародных прававых дакумэнтаў: "Такое мыта ніколі ў гісторыі ўзаемнага гандлю Беларусі і Расеі не спаганялася, — гаворыцца ў хадайніцтве Мін'юсту. — Але сплата вывознай мытнай пошліны цягне істотныя эканамічныя страты для прадпрыемстваў як Беларусі, так і Расеі".

Праўда, у Маскве так ня лічаць. Прэм'ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін чарговым разам пацьвердзіў, што для ўнутранага карыстаньня Беларусь цалкам забясьпечаная бязмытнай нафтай, а ўсе выгоды існаваньня ў адзінай мытнай прасторы адчуе толькі пасьля таго, як падпіша Мытны кодэкс:
мы ў поўным аб'ёме дзеля ўнутраных патрэбаў Беларусі прадставілі льготу, паставіўшы 6,3 мільёна тон сырой нафты бяз-мыт-на ...

"Маючы на ўвазе нашыя асаблівыя адносіны зь Беларусьсю, жадаючы падтрымаць і беларускі народ, і беларускую эканоміку, мы ў поўным аб'ёме дзеля ўнутраных патрэбаў Беларусі прадставілі льготу, паставіўшы 6,3 мільёна тон сырой нафты бяз-мыт-на. Аднак нашы калегі, пэўна, хацелі б, каб мы гэтую ільготу пашырылі. Але ж гэта ўжо зусім іншая гісторыя".

Расея і Казахстан, са свайго боку, ратыфікавалі Мытны кодэкс Мытнага саюзу, які для іх паўнавартасна запрацуе ўжо празь некалькі дзён — ад 1 ліпеня. Беларусь з-за асаблівай пазыцыі наконт шэрагу пунктаў кодэксу, і перадусім у частцы мыта на нафтапрадукты, марудзіць з ратыфікацыяй трохбаковага пагадненьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG