Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сама меней 40% людзей незадаволеныя якасьцю свайго сну


Людзі, якія маюць хранічнае бяссоньне, утрая больш рызыкуюць памерці, чым тыя, хто не знаёмы з гэтай праблемай. Да такой высновы прыйшлі амэрыканскія навукоўцы з Асацыяцыі таварыстваў спэцыялістаў па праблемах сну — Associated Professional Sleep Societies.


У дасьледаваньнях узялі ўдзел 2400 чалавек, якія мелі праблемы са сном. Усе яны тры разы — у 1989, 1995 і 2000 гадах — запаўнялі анкеты пра тое, як ім сьпіцца. Ахвярамі бяссоньня былі прызнаныя тыя, хто паскардзіўся на праблемы са сном сама меней двойчы. У 2010 годзе вучоныя праверылі статыстыку Нацыянальнага інстытуту страхаваньня і высьветлілі, што на гэты час спаміж іхніх апытаных памерлі 128.

У анкетах улічваліся такія паказчыкі, як маса цела, узрост, пол, стан здароўя — наяўнасьць сардэчна-сасудзістых захворваньняў, высокага ціску, а таксама цукровага дыябэту і дэпрэсіі.

"гэтую праблему нельга недаацэньваць. Хранічна дрэнны сон павялічвае рызыку сардэчна-сасудзістых захворваньняў, дэпрэсіі і псыхічных расстройстваў. Чалавек, які мае праблемы са сном, можа, да таго ж, стаць прычынай аварыяў на дарогах, іншых няшчасьцяў"
Дасьледаваньні, прысьвечаныя праблемам бяссоньня, былі нядаўна праведзеныя нямецкімі навукоўцамі ў горадзе Брэмэргафэн. Высьветлілася, што ня менш за 25% з абсьледаваных, якія маюць працу, цярпяць ад праблемаў са сном. Тым ня менш абсалютную большасьць зь іх гэтая праблема не прымусіла зьвярнуцца да лекара.

Як лічыць адна з кіраўніц брэмэргафэнскага навуковага калектыву — доктар Рэгіна Шульц, "гэтую праблему нельга недаацэньваць. Хранічна дрэнны сон павялічвае рызыку сардэчна-сасудзістых захворваньняў, дэпрэсіі і псыхічных расстройстваў. Чалавек, які мае праблемы са сном, можа, да таго ж, стаць прычынай аварыяў на дарогах, іншых няшчасьцяў".

Паводле навукоўцаў, у сярэднім чалавеку трэба спаць ня менш як 8 гадзін у суткі. Большасьці людзей гэтага досыць, каб прачынацца бадзёрымі. Пры гэтым класьціся спаць лепш у пэўны час, пажадана — да паўночы. Аднак, як сьведчыць міжнародная статыстыка, каля 40% ці нават болей людзей не дасягаюць гэтай нормы. Да 18% зь іх маюць у зьвязку з гэтым патрэбу ў мэдычнай дапамозе. Гэта, зрэшты, не азначае, што такім людзям трэба адразу ж шукаць выйсьця ў розных мэдыкамэнтах.

"Бяссоньне — гэта сымптом нейкіх псыхічных разладаў: трывогі, дэпрэсіі. А таму спачатку трэба вызначыцца з прычынай, а потым яе лекаваць", кажуць экспэрты з Associated Professional Sleep Societies.

Аналягічнай думкі прытрымліваюцца і нямецкія навукоўцы. Яны лічаць, што змаганьне з праблемай трэба пачынаць з усталяваньня здаровага ладу жыцьця, з шпацыраў перад сном, з таго, каб не наядацца нанач. Гэтыя ўсім вядомыя парады, аднак, мала хто выконвае.

Шмат хто кажа, што ня бачыць сноў, аднак насамрэч гэта ня так. За ноч чалавек праходзіць празь некалькі стадыяў — ад дрымоты да глыбокага сну, у часе якога да людзей нярэдка прыходзяць розныя відзежы. Гэтыя стадыі паўтараюцца за ноч некалькі разоў, аднак, прачынаючыся, чалавек у стане ўзгадаць толькі апошні сон.

Здаўна людзі спрабавалі патлумачыць убачанае ў сьне. Сёньня ў інтэрнэце можна знайсьці любыя трактоўкі — ад народных прыкметаў да фройдаўскіх інтэрпрэтацыяў. Айчынныя лекары-самніёлягі тлумачаць сьненьні перапрацаванай за дзень інфармацыяй.

Цікава, што паняцьце "сон", у якім аб'ядноўваюцца сьненьне і фізіялягічны працэс, сустракаецца ў беларускай, расейскай ды некаторых іншых славянскіх мовах. У заходнеэўрапейскіх мовах гэта два розныя паняцьці — па-нямецку "Schlaf" і "Traum" , па- ангельску — "sleep" і "dream", па-француску — "sommeil" і "rêve". Вось жа, у эўрапейскім разуменьні сьненьне стаіць бліжэй да мроі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG