Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні скончылася кампанія збору подпісаў за вуліцу Быкава


Аляксандар Фядута, Уладзімер Някляеў і Зьміцер Вайцюшкевіч на вуліцы Савецкай, дзе месьціцца грамадзкі музэй Васіля Быкава.
Аляксандар Фядута, Уладзімер Някляеў і Зьміцер Вайцюшкевіч на вуліцы Савецкай, дзе месьціцца грамадзкі музэй Васіля Быкава.

Сёньня — угодкі сьмерці Васіля Быкава, які памёр 22 чэрвеня 2003 году. У гэты дзень Горадню наведалі паэты Ўладзімір Някляеў і Міхась Скобла, публіцыст Аляксандар Фядута, бард Зьміцер Вайцюшкевіч. Яны меліся завяршыць кампанію збору подпісаў за вуліцы Быкава ў Горадні і ў Менску, а таксама наведаць грамадзкі музэй пісьменьніка і сустрэцца з чытачамі.


У грамадзкім музэі Васіля Быкава на вуліцы Савецкай менчукоў чакаў адзін са стваральнікаў экспазыцыі Аляксей Дземідовіч, затым прыехаў кіраўнік музэю Мікалай Мельнікаў, адбылася гутарка з Уладзімірам Някляевым. Нагадаем, што паралельна апошнім часам зьбіралі подпісы за тое, каб вуліцы Васіля Быкава былі ў Менску і ў Горадні — двух гарадах, дзе ён найбольш жыў і працаваў. Пра мэту прыезду ў Горадню кажа сам Уладзімір Някляеў:

«Паспрабуем мы яе скончыць, сымбалічна, канечне, бо подпісаў няшмат мы сёньня дададзім да тых сямідзесяці тысяч, якія сабраныя. Можа, дзясятак-два, але гэта такі акорд завяршэньня кампаніі».

Сваю ацэнку выказвае Аляксандар Фядута, сам былы гарадзенец:

«Тое, што ў Горадні павінна быць і вуліца Быкава, і вуліца Карпюка — гэта ні ў кога не павінна выклікаць сумневу. Таму што Горадня нашая існуе ў грамадзкай сьвядомасьці як горад культурны пастолькі, паколькі пра яе пісалі вельмі добрыя пісьменьнікі. Калі пра старую Горадню пісаў, напрыклад, той жа самы Караткевіч, дык Горадню ХХ стагодзьдзя ўславілі менавіта Карпюк і Быкаў. Пяць тысяч подпісаў для Горадні — гэта шмат. І тое, што людзі іх ставілі, гэта сыгнал, перш за ўсё, для прадстаўнічай улады, для дэпутатаў — яны павінны прыняць рашэньне».

Аднак гарадзкія ўлады маюць рашэньне, на якое спасылаюцца: больш не пераймяноўваць вуліцы ў Горадні.

Фядута: «Я разумею, што ў Менску сытуацыя троху лягчэйшая менавіта таму, што там сабрана 65 тысяч подпісаў, гэта нават для Менску вялікая лічба. Пасьля таго як пройдзе праверка гэтых подпісаў — да 29 чэрвеня, іх панясуць у Менскі гарадзкі савет. А вось калі ён прыме рашэньне сапраўды назваць вуліцу імем Быкава, я думаю, што тады празь дзень зьбярэцца Гарадзенская рада дэпутатаў і прыме тое ж самае рашэньне. Таму што, на жаль, вырашаюць не гарадзенцы».

Уладзімір Някляеў падпісвае кнігу для музэю Васіля Быкава, справа — Аляксей Дземідовіч.
Якое ўражаньне пакінула наведваньне грамадзкага музэю Быкава?

Някляеў: «Я ведаю, што было некалькі спробаў закрыць музэй, забраць зь яго рэчы і падмайстраваць пад нейкі іншы музэй — ці ў гістарычны, ці ў школу, каб Быкаў расплыўся і яго не было. Не, калі ўжо вы ня можаце вырашыць гэтае пытаньне так, як належыць вырашаць у краіне пра гонар яе і славу, якой зьяўляецца Быкаў, то няхай гэта будзе тут. Я вельмі ўдзячны гэтым людзям, якія заняліся стварэньнем музэю, найперш Мельнікаву, які стаяў каля вытокаў яго стварэньня. Але ўсё зьменіцца, і будзе не пакойчык быкаўскі, а музэй, мы да гэтага дойдзем, але толькі таму, што ёсьць такія людзі, як яны».

Збор подпісаў за вуліцы Быкава ў Горадні і Менску адбываецца ў рамках кампаніі «Гавары праўду!»

Уладзімір Някляеў падпісвае кнігу для музэю Васіля Быкава, справа — Аляксей Дземідовіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG