Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь хадайнічае ў судзе пра часовую забарону мыта


Беларусь падала хадайніцтва ў Эканамічны суд СНД аб часовай забароне на спагнаньне вывазнога мыта на нафтапрадукты расейскім бокам.

Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт Міністэрства юстыцыі Беларусі.

"Беларускі бок, рэалізуючы сваё права, прадугледжанае пунктам 40 Рэглямэнту Эканамічнага Суду СНД, заявіла хадайніцтва аб ужываньні судом меры забясьпечвальнага характару да расейскага боку. У якасьці такой меры суду прапанавана забараніць Расейскай Фэдэрацыі спаганяць вывазное мыта на нафтапрадукты, якія пастаўляюцца з Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусь, да прыняцьця канчатковага рашэньня суду па дадзеным пытаньні", — гаворыцца ў паведамленьні.

У паведамленьні падкрэсьліваецца, што вынясеньне судом рашэньня аб часовай забароне зьбіраньня мыта на нафтапрадукты, якія пастаўляюцца з Расеі ў Беларусь, да вынясеньня судом канчатковага рашэньня па сутнасьці "дазволіла б захаваць каапэрацыйныя сувязі паміж прадпрыемствамі, павысіць канкурэнтаздольнасьць прадукцыі прадпрыемстваў Расеі і Беларусі на сусьветным рынку".

Спагнаньне Расеяй вывазнога мыта на нафтапрадукты цягне за сабой істотныя эканамічныя страты ня толькі для беларускіх, але і для расейскіх прадпрыемстваў і супярэчыць шэрагу міжнародных прававых дакумэнтаў, адзначаюць у Міністэрстве юстыцыі Беларусі.

Нагадаем, у Эканамічны суд СНД беларускі бок зьвярнуўся амаль тры месяцы таму, аднак ніякіх зрухаў ад таго часу так і не адбылося. Менск аспрэчвае спагнаньне Масквой з 1 студзеня 2010 году вывазнога мыта на нафтахімічную сыравіну, бо гэта нібыта супярэчыць міждзяржаўным пагадненьням у рамках стваранага Мытнага саюзу. Расейскі бок адмаўляе прэтэнзіі, аргумэнтуючы гэта тым, што нафту для ўнутранага карыстаньня Беларусь атрымлівае бяз мыта ў поўным аб'ёме — больш за 6 мільёнаў тон.

На 22 чэрвеня заплянаванае распараджальнае паседжаньне да судовага разбору ў справе нафтавага пазову Беларусі да ўраду Расеі. Да таго часу будуць вырашацца працэдурныя пытаньні ўдакладненьня патрабаваньняў ураду Беларусі, а таксама чакаецца водгук з Масквы аб прадстаўленьні дадатковых матэрыялаў. Сама дата працэсу застаецца пад пытаньнем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG