Юнак: «На расейскім і ўкраінскім мо й канкурэнтаздольны, а на эўрапейскім — ня дужа. У нас адукацыя ідзе паводле старога ўзору, а ў Эўропе адукацыя выйшла зусім на іншы ўзровень».
Юнак: «Ня дужа канкурэнтаздольны на сусьветнай прасторы й нават у Расеі, бо Беларусь не ўвайшла ў зону Венскага кангрэсу, здаецца, і таму асабліва яго не прымаюць».
Юнак: «Ну, сам дыплём не асабліва канкурэнтны. Тут самае галоўнае — веды. Там жа можна пацьвердзіць свой дыплём, і пасьля гэтага возьмуць на працу добрую».
Юначка: «Дыплём канкурэнтаздольны, аднак ёсьць пытаньне. У тэхнічных ВНУ ўзровень замежных моваў кульгае. Мы вывучаем, аднак для тэхнічнага ўзроўню за мяжой гэтага мала. Гэта школьны ўзровень. А так нашыя дыплёмы дужа цэняцца».
Юнак: «Калі толькі ў Расеі. А так — за мяжой, мне здаецца, трэба паступаць наноў і перавучвацца».
Юнак: «Не, канечне. Там трэба перападрыхтоўку праходзіць у любым разе. Я чуў, што мы некуды не ўступілі, у нейкі Балёнскі саюз, ці што. У нас, кажуць, узровень вышэйшай адукацыі, як у іх каледж.
Калі падлічыць, колькі ў нас людзей з вышэйшай адукацыяй, то мы павінны былі даўно жыць, як на Захадзе.
Юнак: «Залежыць ад спэцыяльнасьці, хутчэй за ўсё. Можа, эканамічныя прафэсіі, праграмісты — ім перавучвацца ня варта, бо, у прынцыпе, усё паўсюль аднолькава. Трэба яшчэ ўлічваць спэцыфіку краіны адпаведна».
Юнак: «Не зусім. Давядзецца перавучвацца. Там зусім іншыя стандарты. Калі ты туды зьбярэсься ехаць вучыцца, табе давядзецца даказваць свой дыплём».
Юнак: «Беларускі дыплём ня так цэніцца, як, канечне, эўрапейскі. Аднак усё адно ўсё залежыць ад прэстыжнасьці беларускай ВНУ. Ну, і не галоўнае нават ВНУ, галоўнае — як чалавек вучыцца».
Юнак: «Каб у Эўропе працаваць, трэба яшчэ кваліфікацыю праходзіць тры месяцы на пацьвярджэньне твайго дыплёму».
Юнак: «Як вучыцца чалавек, так ён і далей будзе жыць, незалежна ад таго, які ў яго дыплём. Ну, канечне, зь ім у Францыю не паедзе, а вось у Расею — цалкам магчыма».