Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іосіф Бродзкі: “Не треба”



Ад Бродскага я пачуў толькі адно слова па-беларуску – “ня трэба”. Дакладней, гэтак ён спрабаваў сказаць па-ўкраінску, так напісаў “не треба”.

Год быў 1994, не памятаю, вясна ці восень, але ў Нью-Ёрку было горача, і народ на вечарыну Бродзкага ў мясцовым ўнівэрсытэце прыходзіў у летняй лёгкай вопратцы, велізарны амфітэатар паціху запаўняўся, разам з ангельскай гучала расейская мова, але вечарыну адкрываў амэрыканскі прафэсар, Бродзкі гаварыў, а потым чытаў вершы таксама па-ангельску, і калі перайшлі да пытаньняў, першай была просьба пачытаць па-расейску.



Бродзкі адмовіўся:

– Мы на тэрыторыі амэрыканскага кэмпуса, мяне запрасілі выступіць перад амэрыканцамі, трэба паважаць гаспадароў.

Але эмігранцкая публіка настойвала, прасіла, хацела пачуць паэта “на мове арыгінала” (хаця ангельскія вершы Бродзкага былі якраз не перакладамі, а арыгінальнымі творамі – ня толькі празаічныя эсэ, але і паэзію ён пачаў пісаць па-ангельску).

І Бродзкі пагадзіўся – адзін верш. І сказаў, што прачытае новы твор, які яму самому падабаецца. Паэтам заўсёды падабаюцца апошнія вершы, пакуль яшчэ раскалённыя зычныя і галосныя зацьвердзяваюць у літой форме радка, уздыбленага акцэнтамі і націскамі, які зьдзіўляе самога аўтара эпітэтамі, назоўнікамі і рыфмамі.

Назва – “На незалежнасьць Украіны”. Клясычная традыцыя, блізкая Бродзкаму, ён ня раз ёй карыстаўся раней. Але Ўкраіна ўжо была незалежнай тры гады, калі расейскі выгнаньнік напісаў:

Скажем им, звонкой матерью паузы медля строго:
скатертью вам, хохлы, и рушником дорога!

Нобэлеўскі ляўрэат 1987 года узгадаў і любімы адрас, куды па народнай традыцыі ўсіх пасылаюць калі што ня так:

Ступайте от нас в жупане, не говоря -- в мундире,
по адресу на три буквы, на все четыре стороны


Званьне “Амэрыканскі паэт-ляўрэат”, які ўсталяваў Кангрэс ЗША і якім Бродзкі быў уганараваны ў 1991-ым, мае задачу спрыяць папулярызацыі паэзіі ў краіне (Бродзкі прапанаваў прадаваць зборнікі паэзіі ў супэрмаркетах), добра што не геапалітыкі, а то бы Магілёў змыла:

Прощевайте, хохлы, пожили вместе -- хватит!
Плюнуть, что ли, в Днипро, может, он вспять покатит

Нацыянальнасьць людзі мастацтва часам лічаць фундамэнтальнай асноватворнай рысай ( Васіль Быкаў: “Я – беларускі пісьменьнік”), часам у дачыненьні да іх ўжываюцца некалькі характарыстык адначасна (Марк Шагал – габрэйскі, рускі, беларускі, французскі....), але Іосіфа Бродзкага, здаецца, ніхто не называў кацапам апроч яго самога:

Не нам, кацапам, их обвинять в измене.
Сами под образами семьдесят лет в Рязани
с залитыми глазами жили, как при Тарзане

Гэтая бязьлітасная – не самакрытыка, і не самаіронія, а халодная, пазбаўленая сантымэнтаў як справаздача паталягаанатама канстатацыя быццам прызнавала, што гэта быў труп менавіта імпэрыі, якая развалілася па швах, па сьценках турэмнай кладкі, і гэта прымірала разнастайную аўдыторыю з самой сабой – аж пакуль як удар ядавітага хваста гіганцкага скарпіёна не паласнулі на залі заключныя радкі:

С Богом, орлы, казаки, гетманы, вертухаи!
Только когда придет и вам помирать, бугаи,
будете вы хрипеть, царапая край матраса,
строчки из Александра, а не брехню Тараса.


Аплядысмэнты, даўгія, зьлева, справа, зьнізу. Пасьля – ізноў пытаньні, і вядучы заўважыў маю паднятую руку. Я гаварыў па-ангельску і пытаньне было пра здольнасьць пісьменьніка ствараць на замежнай мове, чаму такіх прыкладаў мала, і чаму гэта выключна на ангельскай (Бродзкі ў адказ гаварыў пра фінансавыя акалічнасьці), але перад пытаньнем я сказаў, што спачатку хачу пракамэнтаваць яго верш:

– Вы сказалі, што гэты верш падабаецца Вам самому. Я назаву імя яшчэ аднаго чалавека, якому ён таксама напэўна вельмі падабаецца – Уладзімер Жырыноўскі.

Заля выбухнула аплядысмэнтамі – як аказалася, у публіцы было шмат украінцаў, і ня толькі украінцаў, аплядысмэнты гарой каціліся на сцэну з трыбунаў амфітэатра, Сяржук Сокалаў-Воюш, зь якім мы прыйшлі на імпрэзу, ледзь ня кінуў ў Нобэлеўскага ляўрэата свой партатыўны магнітафон, і калі хваля сьціхла, Бродзкі сказаў нешта кшталту, што ён не ў адказе за ўсякую свалату, якой падабаюцца яго вершы.

А что до слезы из глаза –
нет на нее указа, ждать до другого раза.

Тры рэчы на разьвітаньне.

Пасьля вечарыны Бродзкі падпісаў мне кнігу “Холмы” – і яна цяпер стаіць на маёй паліцы разам з вершамі Максіма і Янкі.

Апошнім словам у вершы муза Бродзкага паставіла ўсё ж ня Пушкіна, а Шаўчэнку.

Па-ўкраінску правільна – “Нэ трэба.”


P.S. Па-ўкраінску пішацца "не треба", а чытаецца -- "нэ трэба"...

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG