Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Землятрус у Вялікабрытаніі ўсё ж быў, хоць і невялікі


Дэйвід Кэмэран з жонкаю Самантай у рэзыдэнцыі на Даўнінг стрыт
Дэйвід Кэмэран з жонкаю Самантай у рэзыдэнцыі на Даўнінг стрыт

Учора новым прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі стаў лідэр Кансэрватыўнай партыі Дэйвід Кэмэран. Ён зьмяніў на гэтай пасадзе лідэра Партыі працы Гордана Браўна.

У выніку парлямэнцкіх выбараў, якія адбыліся 6 траўня, брытанскія кансэрватары прыйшлі да ўлады пасьля 13 гадоў кіраваньня краінай лейбарыстамі. Але кансэрватары былі вымушаныя, упершыню за апошнія 70 гадоў палітычнай гісторыі Вялікабрытаніі, стварыць кааліцыйны ўрад, каб мець патрэбную большасьць у парлямэнце.

У брытанскай Палаце грамадаў (House of Commons) — 650 месцаў. Мінімальная колкасьць мандатаў, патрэбных для парлямэнцкай большасьці — 326. Кансэрватыўная партыя ў выбарах 6 траўня здабыла 305 мандатаў, Партыя працы — 258, лібэральныя дэмакраты — 57. Выбары выразна выйгралі кансэрватары, так што было ясна, што менавіта яны будуць фармаваць урад. Не было толькі ясна — самі ці зь лібэральнымі дэмакратамі?

Дэйвід Кэмэран вырашыў узяць у кааліцыю лібэральных дэмакратаў пад кіраўніцтвам Ніка Клэга, каб быць пэўным, што ўрад будзе мець падтрымку ў парлямэнце па ўсіх пытаньнях.

Дэвід Кэмэран і Нік Клэг

Клэг будзе віцэ-прэм’ерам, а ва ўрад увойдуць яшчэ чатыры ягоныя калегі з партыі.

Клэг растлумачыў, што ён пагадзіўся прыняць прапанову пра кааліцыйны ўрад пасьля таго, як Кэмэран паабяцаў яму, што абедзьве партыі правядуць рэфэрэндум аб зьмене выбарчай сыстэмы краіны з мажарытарнай на прапарцыйную.

Кэмэран і Клэг таксама дамовіліся, што правядуць у парлямэнце закон, які абмяжуе самаўпраўства прэм’ер-міністра ў распусканьні парлямэнту і прызначэньні выбараў у такі час, які выгадны для яго партыі. Тэрмін парлямэнцкіх выбараў павінен быць вядомы выбарцам загадзя. Палітыкі цьвёрда пастанавілі, што наступныя парлямэнцкія выбары ў Вялікабрытаніі адбудуцца ў траўні 2015 году.

Клэг пагадзіўся падтрымаць тую частку выбарчай праграмы Кэмэрана, якая абяцала брытанцам абмежаваньне наплыву імігрантаў з-па-за Эўразьвязу.

У Вялікабрытаніі даволі простая мажарытарная выбарчая сыстэма (first-past-the-post system) — мандат у выбарчай акрузе здабывае той, хто ўзяў больш галасоў за іншых кандыдатаў. Галасы за іншых кандыдатаў ня маюць ніякага значэньня. Дзесяцігодзьдзямі гэтая сыстэма была выгадная кансэрватарам і лейбарыстам. А іншыя партыі заўсёды выразна прайгравалі. Не інакш было і сёлета.

Па ўсёй краіне кансэрватары набралі 36 адсоткаў галасоў, што дало ім 47 адсоткаў месцаў у парлямэнце. Лейбарысты набралі 29 адсоткаў галасоў, што дало ім амаль 40 адсоткаў дэпутацкіх мандатаў.

У вялікім пройгрышы засталіся лібэральныя дэмакраты, якія набралі 23 адсоткі галасоў у краіне, але атрымалі ўсяго 9 адсоткаў мандатаў. Калі б сыстэма была прапарцыйнай, у іх было б не 57 мандатаў, а недзе пад 150. Гэта калясальная розьніца, якая дазволіла б ім стаць амаль упоравень з кансэрватарамі і лейбарыстамі.

Апытаньні перад выбарамі давалі больш-менш роўныя шанцы гэтым тром партыям (зь невялікай перавагай для кансэрватараў). Камэнтатары прадказвалі палітычны землятрус пасьля выбараў. Але сапраўдныя вынікі выбараў аказаліся вялікім расчараваньнем для лібэральных дэмакратаў, і іхні лідэр Нік Клэг прызнаў гэта публічна.

Аднак сёлетнія выбары ў такой кансэрватыўнай і ўстойлівай дэмакратыі, як Вялікабрытанія — таксама землятрус, хоць і невялікі.

Па-першае, гэта быў усяго трэці выпадак пасьля ІІ сусьветнай вайны, калі выбары ў Вялікабрытаніі сфармавалі "падвешаны парлямэнт" — без арытмэтычнай большасьці мандатаў для адной партыі.

Па-другое, мала хто з брытанцаў памятае, калі яны ўжо мелі кааліцыйны ўрад. Бо апошні раз гэта здарылася ў 1931-1940 гг., калі краінай кіраваў гэтак званы "нацыянальны ўрад" (National Government), у якім былі міністры з усіх асноўных партый.

Па-трэцяе, калі кансэрватары і лібэральныя дэмакраты праз рэфэрэндум сапраўды зьменяць выбарчую сыстэму, пра што згадваў Нік Клэг, дык палітычнае жыцьцё ў Вялікабрытаніі можа чакаць ужо сапраўдны землятрус.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG