Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Не забывайце пра тых, хто ў Грэцыі працуе"


Учора ў Атэнах адбыліся масавыя беспарадкі ў сувязі з пратэстамі жыхароў супраць эканамічнай палітыкі ўраду. У пажары аднаго з будынкаў, выкліканага гэтымі беспарадкамі, загінулі тры асобы. Мы патэлефанавалі ў Атэны Ганьне Дзем’янюк, беларусцы з Падляшша, якая жыве і працуе ў Грэцыі больш за 10 гадоў, і папрасілі яе падзяліцца меркаваньнямі пра тое, што там адбываецца.





Інтэрвію ўзяла Алена Радкевіч. Гутарка адбылася на падляскай гаворцы, якая ў розных сваіх відазьмяненьнях, з большай ці меншай дамешкай польскіх словаў, зьяўляецца роднай мовай для 70 адсоткаў беларусаў Беласточчыны.

Свабода: Спадарыня Ганна, учора грэкі зноў выйшлі на вуліцу, каб запратэставаць супраць палітыкі свайго ўраду. Чаго на самай справе хочуць людзі, якія выходзяць пратэставаць у Атэнах? Чаго яны канкрэтна дамагаюцца?

Ганна Дзем’янюк: Людзі выходзяць на вуліцу таму, што грэцкі ўрад плянуе прымаць новыя законы. Некаторыя з гэтых законаў ужо ўвайшлі ў жыцьцё, таму яны пратэстуюць супраць гэтых законаў. А што гэта значыць канкрэтна? Людзям замарозілі зарплаты, абрэзваюць грэкам трынаццатую і чатырнаццатую зарплаты, ідуць павышэньні коштаў, павысілі падатак на дададзеную вартасьць. Проста будзе даражэйшае жыцьцё. Павысілі таксама пэнсійны ўзрост для людзей — да гэтай пары было 53 гады, калі грэк мог выйсьці на пэнсію, а цяпер будзе 65 гадоў. Таму людзі выходзяць на вуліцу, таму яны пратэстуюць і дамагаюцца таго, што было раней.

Свабода: А што на гэтыя дамаганьні кажа ўрад? Ці, на вашу думку, урад дастаткова моцны, каб не саступіцца перад натоўпам на вуліцы?

Ганна Дзем’янюк: Скажу вам, што тут ёсьць такі закон, які дазваляе людзям выйсьці на вуліцу, і людзі выходзяць, бунтуюць супраць таго, што хоча ўвесьці ўрад. Аднак адказ ураду такі, што проста няма выйсьця. Вядома, якая на дадзены момант сытуацыя ва ўсёй Грэцыі — ёсьць крызыс, і ўрад мусіць быць моцны. Ён не саступіць перад людзьмі, таму, як кажуць, трэба зацягваць пас.

Свабода: У Эўропе чуваць галасы, што грэкі прызвычаіліся да выгаднага жыцьця і што калі прыйшоў цяжкі час, дык ім проста ня хочацца зацягваць пас, каб выйсьці з крызысу. Яны нібыта хочуць, каб Брусэль, як і раней, плаціла рахункі за іх. Ці маюць рацыю такія галасы?

Ганна Дзем’янюк: Такія галасы і маюць рацыю, і гэтай рацыі ня маюць. Несумненна, жыцьцё ў Грэцыі — вельмі выгаднае. Мы тут маем добры клімат, цёплае мора, горы, можна сказаць, што жыць у Грэцыі — прыемна,. Супраць гэтых законаў выступаюць людзі, які працуюць на дзяржаўных пасадах. А што сказаць пра тых, якія працуюць у іншых фірмах, у іншых суполках? Яны ж штодня ходзяць на працу, і цяпер мы маем шмат праблемаў у сувязі з пратэстамі. Гэта такое пытаньне, ведаеце... Я сказала б, што такія галасы могуць мець рацыю, але не забывайце пра тых людзей, якія штодня ходзяць на працу.

Свабода: Спадарыня Ганна, калі параўнаць вашу эканамічную сытуацыю ў Атэнах з 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя і цяперашнюю, дык што насамрэч зьмянілася? Чаго вам не хапае цяпер, у крызысе?

Ганна Дзем’янюк: У 90-я гады Грэцыя таксама атрымала шмат грошай ад Эўразьвязу. Ды і пасьля, калі ў Грэцыі была алімпіяда. Тады ўся каньюнктура была лепшая. Проста была праца. На гэты момант у гэтым крызысе нам найбольш не хапае якраз таго, каб была стабілізацыя, каб заўсёды была праца, ну бо зразумела, што як ёсьць праца, дык і час для ўсіх людзей стаецца лепшы.

Свабода: Вы працуеце у турыстычнай фірме. Як цяпер выглядае турыстычны бізнэс у Грэцыі? Ці сёлета маеце больш кліентаў, чым летась, ці менш?

Ганна Дзем’янюк: Цяпер мы маем нашмат менш кліентаў. Тое, што паказвае тэлевізія, пра што гавораць у СМІ, узьдзейнічае на людзей. Людзі проста баяцца, ну бо карцінкі, якія зьяўляюцца ў тэлевізіі могуць напалохаць кожнага. Сёньня маем генэральны страйк, і я ведаю, што ў гэты момант перад грэцкім парлямэнтам цісканіна, і што там нават б’юцца, але не забывайма, што частка людзей пайшла на працу і проста шануе тое, што мае. Турызм, і зь віны СМІ, і зь віны таго, што тут дзеецца, пайшоў на спад. Не забывайма таксама, што турызм — гэта такі жалезны ланцуг. Гэта ня толькі нашае турыстычнае бюро, яно не адно тут у Атэнах, ёсьць іншыя бюро, а за імі ідуць аўтобусы, гатэлі, рэстараны, усё. А калі няма турыстаў, дык падумайце, колькі людзей ня мае работы. Кожная кніжка пра Грэцыю, якая нам ні пападзецца на вочы, кажа, што 60 адсоткаў валавага ўнутранага прадукту Грэцыі паходзіць ад турызму. А калі няма турызму, дык грэкам няшмат застаецца месца, каб падзейнічаць, калі можна так сказаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG