Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: "Гандлявацца адносна сьмяротнай кары нельга".


В. Юзэпчук на судовым працэсе
В. Юзэпчук на судовым працэсе

Сёньня Парлямэнцкая асамблея рады Эўропы абмяркуе сытуацыю у Беларусі ў сувязі з нядаўнім прывядзеньнем ў выкананьне двух сьмяротных прысудаў.

На веснавой сэсіі ПАСЭ пройдуць тэрміновыя дэбаты адносна пагаршэньня сытуацыі вакол сьмяротнага пакараньня у Беларусі. Перад парлямэнтарыямі выступяць дакладчыкі ад камітэта па палітычных пытаньнях, а таксама ад камітэта па юрыдычных пытаньнях і правам чалавека, а потым адбудуцца спрэчкі.

Падставай для слуханьняў сталі расстрэлы ў сакавіку двух асуджаных на сьмерць беларусаў Андрэя Жука і Васіля Юзэпчука. Скаргі абодвух у камітэт правоў чалавека ААН былі раней прынятыя да разгляду, але беларускія праваахоўныя структуры выканалі сьмяротныя прысуды, не чакаючы разгляду скаргаў. Сваякам Андрэя Жука пра сьмерць сына паведамілі ў міліцыі, але афіцыйнага дакумэнту пра прывядзеньне прысуду яны дагэтуль не маюць, паведаміла праваабаронца Ірына Тоўсьцік.

"Маці накіравала ў МУС запыт, каб ёй паведамілі, дзе пахаваны яе сын і пакуль што адказу ёй няма".

25-гадовы Андрэй Жук быў прызнаны вінаватым у разбойным нападзе і забойстве працаўнікоў СПК "Бальшавік-Агра", якія перавозілі грошы для выплаты заробку працаўнікам сельгаспрадпрыемства.

Другі расстраляны -- 30-гадовы Васіль Юзэпчук. Яго прысудзілі да вышэйшай меры пакараньня за сэрыю забойстваў жанчын сталага веку ў Берасьцейскай вобласьці.

Камітэт ААН па правах чалавека ў адмысловай заяве выказаў абурэньне ў сувязі з пакараньнем двух чалавек, чые скаргі знаходзіліся на разглядзе камітэту.

У заяве падкрэсьліваецца, што пакараўшы сьмерцю асобаў, чые скаргі знаходзіліся на разглядзе камітэта, Беларусь "сур'ёзна парушыла" дамовы, якія былі падпісаныя ў межах ААН. У прыватнасьці, нагадваецца пра пункт 92 правілаў і працэдураў Камітэта аб выкананьні запыту ў забесьпячэньні прамежкавай абароны.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі мяркуе, што беларускія ўлады сваімі дзеяньнямі дэманструюць нежаданьне мяняць становішча з правамі чалавека паводле эўрапейскіх стандартаў.

"Хутчэй за усё гэта такі варыянт паводзінаў, што яны вось так адстойваюць сваю неразумную пазыцыю. Між тым Эўропа кажа, што калі яны дамагаюцца супрацоўніцтва, то гэта магчыма толькі пры ўмове мараторыя і нават адмены сьмяротнага пакараньня".

Беларускія праваабаронцы кажуць таксама пра парушэньні правоў сваякоў і бацькоў: целы пакараных сьмерцю ў Беларусі сваякам і бацькам не выдаюць, таксама ім не паведамляюць месца пахаваньня.

Паводле афіцыйных дадзеных з 1995 года ў Беларусі было выканана болей за 150 сьмяротных прысудаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG