Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радаўніца па-над Бесядзьдзю


Крыж на магіле старавера.
Крыж на магіле старавера.

Выселеныя пасьля Чарнобылю вёскі Гомельшчыны сёньня сталі сапраўднымі месцамі паломніцтва. Сотні беларусаў ехалі на пакінутыя ў чарнобыльскай зоне пагосты, каб ушанаваць памяць родных і блізкіх, памерлых як да чарнобыльскай катастрофы, так і пасьля яе. Ніякіх прапускоў на ўезд у заражаную радыяцыяй зону на гэтыя дні не патрабавалася.


Вёску Бесядзь, што месьцілася колісь ў Веткаўскім раёне на беразе аднайменнай рэчкі, высялялі ў 1989-1990 гадах. Пазьней закапалі ў зямлю й пакінутыя вяскоўцамі пабудовы. І толькі могілкі ды адзінюткая сядзіба Ніны Коўзелевай нагадвае пра колішняе нясьпешнае жыцьцё-быцьцё па-над ціхай Бесядзьдзю.

Сядзіба Ніны Коўзелевай.

На Радаўніцу Бесядзь зноў ажывілася. Ля тутэйшых могілак — дзясяткі машынаў. Апавядае ўраджэнка Бесядзі, а цяпер жыхарка Веткі спадарыня Ганна:

«Тут у мяне маці пахаваная й бацька. Бацькі ўжо дзевяць гадоў як няма, а маці — у ліпені будзе толькі два гады. Бацькі апошнім часам жылі ў Ветцы, перасяліліся зь Бесядзі ў Ветку. Іхні запавет — вярнуцца, канечне, сюды. Тут усе сваякі. У мяне тут і бабуля пахаваная, і брат. Цяпер езьдзім, адведваем».

Былы мясцовы жыхар, пэнсіянэр спадар Анатоль прыехаў на могілкі з сынамі, нявесткамі, унукамі. Тут пахавана ягоная першая жонка, багата іншых сваякоў:

«Прыяжджаем на Радаўніцу. Кладзем на магілкі пасху, цукеркі, фарбаваныя яйкі. І самі перакусваем».
Спадар Анатоль зь сям’ёй.

Другая жонка Анатоля спадарыня Таіса — са старавераў. Іх багата ў Веткаўскім раёне. Кабета апавядае, як і калі памінаюць продкаў стараверы:
А прыехаць у іншы звычайны дзень — паглядзець, можа, помнік заваліўся ці што іншае, я не магу.


«Прыходзім, памолімся, гаворым: «Хрыстос уваскрэс». Тры разы гаворым. Яйкі пакладзем, кветачкі, пасачку, сьвечачку запалім. Садзімося за столік й запрашаем: «Усё, хто ёсьць, родзічы — калі ласка, за стол абедаць з намі. Будзем вас успамінаць! Я сама — стараверка. У нас ходзяць на могілкі ў першы дзень Вялікадня. Яйкі нясем, кветкі, прыбіраем. Тое ж самае — хрыстосаемся, сьвечачку запалім, памолімся. Гэта на першы дзень Вялікадня. На Радаўніцу таксама на могілкі прыходзім».

Некаторыя былыя жыхары Бесядзі незадаволеныя тым, што на могілкі ў родную вёску можна прыехаць бяз пропуску толькі раз у год — на Радаўніцу.

Апавядае спадар Аляксандар, які цяпер жыве ў Гомелі:

«Цягам году толькі на Радаўніцу я маю права прыехаць да маці бяз пропуску. А прыехаць у іншы звычайны дзень — паглядзець, можа, помнік заваліўся ці што іншае, я не магу. Пропуск калі ня ўзяў, даюць моцныя штрафы — 350-700 тысяч рублёў. Наша мясцовая ўлада ці то нажываецца на гэтым, ці што іншае тут, я нават ня ведаю».

Рушнік — абавязкова.
Брама на могілкі.
Ля роднага крыжа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG