Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад Радуніцай


Гэтыя дні на ўсіх могілках Беларусі людзі прыбіраюць магілы продкаў, а ў аўторак на Радуніцу ўсе, хто толькі могуць, прыйдуць сюды, каб памянуць родных і блізкіх.

У вёсцы Масаляны Бераставіцкага раёну Гарадзенскай вобласьці могілкі знаходзяцца недалёка ад вёскі, за царквой. Пераважна ў вёсцы жывуць праваслаўныя, і магілы тут з праваслаўнымі крыжамі.

Старэйшыя людзі фарбуюць помнікі, прыбіраюць, падчышчаюць, выносяць сьмецьце. Падыходжу да дзьвюх сталых кабет, вітаюся. Пытаюся, чые магілкі прыбіраюць.

Спадарыня: «Бабуля наша, дзядуля і тата наш забіты тут у вайну і дзядзька таксама ў вайну забіты... Вось надпісы тут напісалі на помніку».

Пытаюся ў спадарыняў — дзе яны жывуць і ці часта наведваюцца на магілкі продкаў.

Спадарыня: «Мы прыехалі з Горадні і кожны год прыяжджаем сюды на службу ў царкву. І да нядзелі павінны ўсё тут прыбраць, пафарбаваць. Мы робім гэта штогод і кветкі прывозім абавязкова».

Да нас падыходзіць яшчэ адна старэйшая кабета, кажа, што яна мясцовая, з Масалянаў, і распавядае, што на сьвяты сюды прыходзіць вельмі шмат людзей з навакольных вёсак.

Спадарыня: «Тут рымусяўскія людзі, каеняўскія, валодзінскія, і ўсе прыходзяць да сваіх, да родных, асабліва ў сьвяты многа прыходзіць...»

Другая спадарыня дадае, што людзі з навакольных вёсак жывуць цяпер па ўсім сьвеце, але ўсе на сьвяты імкнуцца сюды даехаць.

Другая спадарыня: «Наагул едуць і з Магілёва, і зь Віцебску, зь Менску... адусюль едуць. А ў вёсцы засталіся адны дзядулі ды бабулі».

Пытаюся — хто даглядае магілкі, на якія ніхто ўжо не прыяжджае...

Спадарыня: «Такіх магілак няшмат, але вось каля нас дзьве, і мы ўжо бачым, што да іх ніхто не прыяжджае, то мы сталі іх прыбіраць. І так тут усе людзі робяць».

Карэспандэнт: «А вы ведалі гэтых людзей, яны з вашае вёскі?»

Спадарыня: «Не, мы ня ведалі гэтых людзей, яны нам не знаёмыя. Але калі ў іх няма каму прыбраць, то ў нас ёсьць каму, і мы прыбіраем...»

Праваслаўная царква ў Масалянах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG