Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Пяткевіч: “Разьвітацца з Ларысай Геніюш прыйшлі тысячы людзей”


7 красавіка – дзень памяці Ларысы Геніюш. У гэты дзень дваццаць сем гадоў таму закончыўся яе зямны шлях. Адным зь нямногіх, хто часта наведваў паэтку ў гарадзенскім шпіталі, быў яе сябра, прафэсар Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы Аляксей Пяткевіч.


Міхась Скобла: “Спадар Аляксей, прыгадайце тыя красавіцкія дні 1983 году. Як сябе адчувала паэтка ў шпіталі, ці былі ў яе нейкія кепскія прадчуваньні?”

Аляксей Пяткевіч: “Думаю, што Ларыса Антонаўна зусім не прадчувала, што заканчваецца яе жыццё. Яна мяне нават зьдзіўляла тым, што была, як звычайна, гаваркой, эмацыйнай, у размове пераскоквала з адной тэмы на другую. Помню, мы з жонкай прыехалі ў Лабна (лячэбны стацыянар за горадам) на таксі і доўга чакалі, пакуль Ларыса Геніюш вернецца з мэдыцынскага абсьледаваньня. Сустрэліся, і яна засыпала нас пытаньнямі, радаснымі эмоцыямі, аповедамі пра сваё жыцьцё ў больніцы. Прычым, яна рабіла ўражаньне апякункі над хворымі, расказвала, як яна ім вершы чытае, як людзі добра гэта ўспрымаюць, як весялеюць, як ім становіцца лягчэй пад узьдзеяньнем яе твораў. І яе самую гэта цешыла. Помніцца, Ларыса Антонаўна падпісала кніжку для маёй дачкі Марыны, прысланіўшыся ў вэстэбюлі да нейкага століка. Відаць, гэта быў яе апошні аўтограф. Магчыма, сіла духу чалавечага праяўляла сябе, але аніякіх прыкметаў панікі, самотнасьці, увогуле кепскіх прадчуваньняў у яе не было”.

Міхась Скобла
Аляксей Пяткевіч


Скобла: “Існуе меркаваньне, і мне даводзілася яго неаднаразова чуць, што сьмерць Ларысы Геніюш хтосьці прысьпешыў. Ці ёсьць для гэтага нейкія сур’ёзныя падставы?”

Пяткевіч: “Я гэтую думку абсалютна падзяляю, і падставы для гэтага ў мяне таксама ёсьць. Хоць лекары, якія рабілі ёй апэрацыю, былі надзейныя, хоць апекаваўся ўсёй гэтай сытуацыяй вельмі паважаны ў Горадні вучоны-мэдык і беларус-патрыёт, вельмі аўтарытэтны акадэмік Юры Астроўскі, які тады працаваў дырэктарам акадэмічнага Інстытуту біяхіміі. Ён сачыў за хадой хваробы, ведаў, хто будзе апэраваць Ларысу Антонаўну, і, вядома ж, тым людзям верыў. І пасьля першай апэрацыі справы нібыта пайшлі на папраўку. А недзе праз тыдзень ноччу яе раптам схапілі, бо знайшлася інфэкцыя ў арганізме, і адправілі на другую апэрацыю. І тут, вядома ж, ні Астроўскі, ні тыя лекары, якія рабілі першую апэрацыю, не маглі абсалютна гарантаваць, што інфэкцыя ня трапіла ў арганізм па віне некага з тых, хто трымаў у руцэ скальпэль. Там жа была і абслуга, штат сёстраў ды іншага пэрсаналу, якія маглі спрычыніцца да трагічнага фіналу. Пасьля другой апэрацыі Ларыса Антонаўна ўжо амаль не прыходзіла ў прытомнасьць, ёй стала адразу вельмі дрэнна, і фінал стаў ужо прадвызначаны”.

Скобла: “А навошта гэта было рабіць тагачаснай уладзе? Кнігі Геніюш выходзілі ў дзяржаўных выдавецтвах, нават у ЦК КПБ, былі людзі, якія яе падтрымлівалі (Максім Танк). Навошта ўладзе патрэбна было яшчэ адно злачынства?”

Пяткевіч: “Людзей ва ўладзе, якія падтрымлівалі паэтку, былі адзінкі, а ў цэлым улада ставілася да яе як да свайго ідэалягічнага праціўніка. І таму, натуральна, проста надарыўся зручны выпадак зь ёю парахавацца, і тыя, хто не хацеў, каб яна жыла, гэты выпадак скарысталі”.

Скобла: “Вы былі на пахаваньні Ларысы Геніюш у Зэльве. Па масавасьці яго можна параўнаць хіба з пахаваньнем Васіля Быкава. Як так сталася, што столькі людзей у 1983 годзе прыйшлі і прыехалі разьвітацца з паэткай у запалоханым мястэчку?”
Помню, як падняліся на гару, я азірнуўся, але канца некалькітысячнай працэсіі ня ўбачыў, яе хвост быў яшчэ ў мястэчку ...

Пяткевіч: “Мы ўсе тады ўразіліся, што практычна ўся Зэльва выйшла хаваць Ларысу Геніюш. Гэта было так нечакана і так важна для тых, хто прыехаў яе праводзіць у апошні шлях! Мы адчувалі сябе маленькай часьцінкай вялікага людзкога мора. Па тым часе адчуваньні даволі нязвыклыя. Пахавальная працэсія расьцягнулася з Зэльвы да самых могілак. Помню, як падняліся на гару, я азірнуўся, але канца некалькітысячнай працэсіі ня ўбачыў, яе хвост быў яшчэ ў мястэчку. Мне і цяпер здаецца, што на пахаваньне паэткі прыйшло ўсё дарослае насельніцтва Зэльвы. А нямала людзей прыехала і з Баранавічаў, і з Ваўкавыску, і з Горадні, была і пісьменьніцкая дэлегацыя зь Менску. Чаму так сталася? Па-першае, пахаваньне – гэта хрысьціянскі, спрадвечна народны рытуал, і праводзіць блізкага чалавека ў апошні шлях трэба было абавязкова, да гэтага абавязвала сумленьне. І страх, які ў савецкі час скоўваў людзей у пэўныя часіны, у гэтым выпадку ня дзейнічаў. Людзі тады асьцярожнічалі ў жыцьці, але тут ужо асьцярогі ніхто не трымаўся. Людзі прыйшлі разьвітацца з Ларысай Геніюш, выканаць спрадвечны, ад дзядоў і прадзедаў, звычай, прыйшлі пакланіцца блізкаму чалавеку. І, трэба прызнаць, у той сытуацыі людзі нашыя аказаліся на вышыні”.

Скобла: “Днямі я заходзіў у гарадзенскі Музэй Максіма Багдановіча, дзе ёсьць сталая экспазыцыя, прысьвечаная Ларысе Геніюш. І там я пабачыў куфэрак – падарунак паэтцы ад літаратараў Гарадзеншчыны. Якая гісторыя гэтага куфэрка?”

Пяткевіч: “Куфэрак, інкруставаны саломкай, для Ларысы Геніюш купіў Васіль Быкаў – перад яе 60-годзьдзем. Але трэба было неяк той куфэрак падпісаць. А ў Горадні на той час не знайшлося гравёра, і мы з жонкай паехалі спэцыяльна ў Друзгенікі, і тамтэйшы гравёр на мэталёвай пласьцінцы напісаў тэкст: “Дарагой Ларысе Антонаўне ад сяброў з Горадні”. У куфэрак мы паклалі свае кніжкі з надпісамі, таксама везьлі нейкі настольнік. Усе нашы падарункі Ларыса Антонаўна з удзячнасьцю прыняла. Везьлі, вядома ж, і кветкі, помню, жонка ў аўтобусе везла глядыёлусы, трымаючы іх у цэляфанавым пакеце з вадой на каленях. Букет быў бел-чырвона-белы, што таксама прыйшлося да душы юбілярцы. Помніцца мне і другая гасьціна, у 1980 годзе, калі Ларыса Геніюш захацела, каб я вёў рэй за сталом. У застольлі сабраліся вельмі розныя людзі, некаторых я нават ня ведаў, але ведаў, што гаспадыня ім давярае, хоць яна часам і памылялася. Для яе было важна, каб чалавек гаварыў па-беларуску, мова была для яе найгалоўнейшым знакам “свойскасьці”. І гэтая даверлівасьць часам каштавала ёй вельмі дорага, таму што церліся каля яе і тыя, якія ўмелі гаварыць па-беларуску, але рабілі пры гэтым сваю чорную справу. На 70-годзьдзі Геніюш быў цэлы гурт людзей, з якімі яна сядзела ў канцлягеры. Яны паводзіліся так годна, хораша, і ўсе мы на іх паглядалі. Яны карысталіся за сталом асаблівай павагай, уносілі ў размову сур’ёзную ноту. Калі нехта зь іх гаварыў пажаданьні юбілярцы, яны часам уставалі ўсе разам, і адчувалася, што гэта – маналіт. І гэтым яны выклікалі павагу”.

Скобла: “Вы згадвалі пра людзей, якія, трапіўшы ў атачэньне Ларысы Геніюш, рабілі сваю чорную справу. Каго ўсё ж вакол яе было больш – сяброў ці сэксотаў?”

Пяткевіч: “Я думаю, што нямала было тых, якія стараліся нейкую інфармацыю пра яе сабраць і перадаць адпаведным службам. Але, бясспрэчна, сапраўды блізкіх сяброў, сапраўдных беларусаў было значна больш. Хоць Ларыса Антонаўна нярэдка ставілася да малазнаёмых людзей стрымана і не пускала іх да сябе ў душу. А людзі часам проста шчыра хацелі нават не пазнаёміцца, а проста пабачыць яе і прывітаць. І такіх людзей было шмат”.

Скобла: “Ларыса Геніюш да гэтай пары застаецца нерэабілітаванай. Ці павінна грамадзкасьць, унукі паэткі дамагацца рэабілітацыі паэткі ад сёньняшняй улады?”

Пяткевіч: “Думаю, што гэта рабіць не патрэбна. Такую вялікую постаць як Ларыса Геніюш абавязкова рэабілітуе будучая, сапраўды беларуская, наша дзяржава. Сёньняшняя ўлада ня мае на гэта маральнага права. Бо рэабілітоўваць ахвяраў рэжыму той самы рэжым ні маральна, ні юрыдычна ня можа”.

Скобла: “Вы праводзіце паралель паміж сталінскім рэжымам і сёньняшнім палітычным ладам у Беларусі. Але ці правамернае такое параўнаньне?”

Пяткевіч: “Мабыць, не зусім правамернае. Але асудзіла Ларысу Геніюш савецкая сыстэма, а цяпер у нас сыстэма пост-савецкая, яны мала чым паміж сабою адрозьніваюцца, асабліва ў стаўленьні да ўсяго беларускага. Так што, на маю думку, улады Рэспублікі Беларусь ня маюць маральнага права рэабілітаваць Ларысу Геніюш. Гэта справа – недалёкай будучыні”.

7 красавіка ў менскай сядзібе ТБМ імя Ф. Скарыны адбудзецца літаратурная вечарына памяці Ларысы Геніюш. Прагучаць яе невядомыя вершы ў выкананьні вядомых людзей. Пачатак а 17.00.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG