Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія студні забруджаныя нітратамі


У шэрагу раёнаў Беларусі ўтрыманьне нітратаў у калодзежнай вадзе ў 10-20 разоў перавышае нарматывы. Пра гэта паведаміў вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гідрагеалёгіі РУП "Беларускі навукова-дасьледчы геолягаразьведачны інстытут" Раман Станкевіч.


Паводле агенцтва БелаПАН, гэтая інфармацыя была агучаная 17 сакавіка на пасяджэньні круглага стала ў Менску. Па словах Р.Станкевіча, такія перавышэньні адзначаюцца, перш за ўсё, на Палесьсі. У некаторых калодзежах там утрыманьне нітратаў дасягае 800 мг/л, тады як у адпаведнасьці з нарматывамі дапушчальным ёсьць паказчык у 45 мг/л. Спэцыяліст адзначыў, што на смак вада зь нітратаў не адрозьніваецца ад чыстай.

Як паведаміла ўрач-гігіеніст аддзяленьня камунальнай гігіены Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Ірына Жаўняк, у цэлым па Беларусі ў 2009 годзе павышанае ўтрыманьне нітратаў было вызначана ў 28,6% калодзежаў. "Гэта тлумачыцца нашай мінулым інтэнсыфікацыяй сельскай гаспадаркі і выкарыстаньнем мінэральных угнаеньняў", – сказала спэцыяліст. Па яе словах, падземныя воды насычаныя гэтымі солямі, у выніку яны трапляюць у калодзежы.

Спэцыяліст заявіла, што вада з павышаным утрыманьнем нітратаў асабліва небясьпечная для немаўлятаў. У дзяцей, якіх кармілі разьведзенай у такой вадзе сумесьсю, можа разьвіцца кіслароднае галаданьне. У Беларусі адзначаліся нават выпадкі сьмерці немаўлятаў з-за гэтага. Для дарослых спажываньне вады з павышаным утрыманьнем нітратаў павялічвае рызыку разьвіцьця раку.

Па словах Жаўняк, вырашыць праблему ачысткі калодзежнай вады ад нітратаў вельмі складана. Таму сельскім жыхарам, у студнях якіх выяўлена павышаная ўтрыманьне нітратаў, для прыгатаваньня ежы рэкамэндуецца выкарыстоўваць бутыляваную ваду.

Як адзначыла спэцыяліст, у 2009 годзе ў студнях таксама адзначалася перавышэньне нарматываў па мікрабіялягічных паказчыках. Нестандарные пробы складалі 14,5%, тады як бясьпечнай вада лічыцца, калі такія пробы не перавышаюць 5%. Вада з павышаным утрыманьнем мікраарганізмаў можа выклікаць праблемы з кішэчнікам. Таму спэцыялісты рэкамэндуюць кіпяць ваду з калодзежа.

Па словах Жаўняк, праблема перавышэньня мікрабіялягічных паказчыкаў вады вырашаецца з дапамогай рэгулярнай чысткі і дэзінфэкцыі калодзежаў. Пры раённых ЖКГ ёсьць спэцыяльныя службы, куды можна зьвярнуцца і за плату замовіць гэтыя работы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG