Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Зараз праўду можна казаць на ўвесь голас”


Агляд тэлефанаваньняў за аўторак, 9 сакавіка.


Днямі прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце запрасіла Аляксандра Лукашэнку на ўрачыстасьці з нагоды 20-х угодкаў аднаўленьня літоўскай незалежнасьці.

Спадар: “Лукашэнку запрасілі ў Літву на Дзень незалежнасьці, на 11 сакавіка. А цікава, што з гэтым генэралам Усхопчыкам, дзе зараз ён знаходзіцца? Што з гэтай АЭС літоўцы думаюць? Раскажыце, калі ласка!”

2 сакавіка Генэральная пракуратура Беларусі на просьбу літоўскага боку дапытала генэрала Ўладзімера Ўсхопчыка. Усхопчык камандаваў віленскім гарнізонам падчас падзеяў 13 студзеня 1991 году. Спадар Усхопчык, паводле літоўскіх пракурораў, 13 студзеня 1991 году аддаў загад страляць па бяззбройных людзях, якія выйшлі на дэманстрацыю. Генэрала дапыталі ў якасьці сьведкі. Выдаць яго Беларусь адмаўляецца.

На пытаньне, як ставяцца літоўцы да будоўлі атамнай электрастанцыі ў Астравецкім раёне Гарадзенскай вобласьці, адказвае грамадзкі актывіст з Астраўца Мікалай Уласевіч:

Мікола Ўласевіч
“2-га сакавіка я быў у Вільні на грамадзкіх слуханьнях пра магчымае ўзьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе будучай АЭС. Я бачыў рэакцыю людзей. У Літве людзі зусім не абыякавыя. Яны супраць будаўніцтва гэтай АЭС, бо разумеюць, наколькі гэта дрэнная справа. Бальшыня залі супраць гэтага будаўніцтва. Вось такая сытуацыя ў Літве”.

25 лютага ў Беларусі стартавала грамадзянская кампанія “Гавары праўду”. Мэта яе — усьведамленьне беларускім грамадзтвам рэальнага стану рэчаў у краіне, дзе мала месца праўдзе і шмат — мане. Ініцыятыву ачоліў паэт і грамадзкі дзеяч, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Ўладзімер Някляеў.

Сёньня мы атрымалі наступныя тэлефанаваньні:

Спадарыня, Менск: “Зараз можна праўду казаць на ўвесь голас. І стварылі групу на чале зь Някляевым “Кажы праўду”. Гэта трэба распаўсюдзіць, каб людзі ведалі, як гэта зрабіць афіцыйна. (…) А мы толькі скардзімся адзін аднаму. І вось свае скаргі трэба накіроўваць у вышэйшыя інстанцыі. Грукайцеся, і вам адчыняць”.

Яцкевіч: “Атрымаў паштоўку “Гавары праўду” на расейскай мове. Я хачу сказаць праўду.

1. За 15 год улады жыцьцё пагоршылася.
2. Улады не вырашаюць ніводнай праблемы.
3. Здрада ва ўсіх структурах.
4. Духоўна адчужаны ад дзяржавы.
5. Грошай нестае на лекі.
6. Закрыты доступ на канцэрты праз галечу”.

Аўтары тэлефанаваньняў працягваюць разважаць пра сьвята 8 сакавіка.

Рыгор Кулік-Невяроўскі: “Радыё Свабода, з прывітаньнем да вас Рыгор Кулік-Невяроўскі. Я віншую жанчын зь міжнародным сьвятам 8 сакавіка і жадаю ім здароўя і посьпехаў у іх жыцьці і працы”.

Спадар: “Гэта 8 сакавіка зьяўляецца вялікай дыскрымінацыяй нашым жанчынам. Прыдумана гэта было адзначаць, каб раўнапраўе з мужчынамі, заробак, працоўны дзень. Гэта палітычны акт быў, зь якога мы зрабілі камэдыю. Ня ў гэтым трэба праяўляць стаўленьне да жанчыны, павагу і г.д. Самая сапраўдная дыскрымінацыя! Нібыта гэта дзень міліцыянта ці нешта іншае! Глупства ўсё! Увагу праяўляць трэба штодзень!”

На незалежным спадарожнікавым тэлеканале “Белсат” выходзіць праграма “Тыдзень з Радыё Свабода”. Нашая сталая слухачка дзеліцца ўражаньнямі ад працы “Белсату”:

Спадарыня: “Перадачы тэлеканалу робяцца ўсё больш прафэсійнымі. На жаль, ёсьць страты. Загінуў, а магчыма, забіты лепшы карэспандэнт, паклон яму за працу. А колькі іх, яшчэ безыменных карэспандэнтаў за кадрам, якія мужна нясуць працу на экран! І наогул у кароткіх, трапных, як стрэл, паведамленьнях карэспандэнтаў у кадры, дыктараў — нейкая самаадданасьць, розум, інтэлігентнасьць, жаданьне дапамагчы радзіме. Мне падабаецца і жаноцкасьць строю дыктарак, эўрапейскасьць і адначасна дзелавітасьць. Я не кажу пра мужчынаў, проста я сама жанчына, хоць і ўзрост ужо. Самааддана і цікава працуюць журналісты ўсіх праграмаў. Можа, толькі некаторыя дакумэнтальныя фільмы, асабліва ранейшыя, трохі зацягнутыя. І яшчэ ваш Сяргей Дубавец сказаў, што народ, якія не сьпявае сваё, ужо не народ. Трэба на 5—7 хвілінаў у эфіры Белсату падаваць аўтэнтычны цікавы беларускі фальклёр. Пастаянна. Альбо 2—3 песьні беларускіх кампазытараў, беларускае сольнае выкананьне. Канечне, некаторыя цікавыя беларускія выканаўцы зьехалі ў Расею, Германію, і ўсё ж можна. Вось такое маё меркаваньне. Ня ўсе любяць рок, я люблю беларускі рок. Абаяльнасьці вам усім, вашым галасам, і добрага настрою!”

Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG