Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Жанчыны – вялікія эгаісткі, яны не аддадуць нікому сваё сьвята”


Агляд тэлефанаваньняў за 8 сакавіка. 8 Сакавіка ў Беларусі адзначаюць Жаночы дзень. У званках на “Свабоду” – шмат віншаваньняў.


Спадарыня, в .Квасоўка:
“Са сьвятам, дарагія жанчыны радыё “Свабода”! Цудоўна, што сьвет адзначае дзень жанчын. Менавіта дзякуючы жанчыне – Марыі з Назарэта – Бог паслаў у сьвет збаўцу. Жанчына адыгрывае сёньня ўсё большую ролю ў жыцьці. Сёньня, калі вясна напаўняе нас новай надзеяй у краіне, няхай напаўняе вас радасьць, шчасьце, добрае здароўе, зьмена ў нашым жыцьці”.

Слухачка, Менск: “А я хачу паўдзельнічаць завочна і адказаць на пытаньне, якое было ўзьнята ў “Праскім акцэнце” аб ролі жанчыны ў грамадзтве, і жыцьці, і наогул, аб здольнасьці кіраваць. Не ўпэўненая, як яна будзе кіраваць у нашай краіне, гэта вельмі складана. Але калі паглядзець, што адбываецца ў асабістым жыцьці на многіх мне знаёмых прыкладах, то кіруе яна вельмі добра. Але калі яна мае яшчэ вышэйшую адукацыю, то яе голас на першым месцы. У сям’і яе голас на першым месцы: яна ведае, колькі муж павінен зарабляць грошай, а мы ведаем, як ён можа зарабляць грошы зараз, каб хапіла на ўсё, што яна жадае. А жадае многа, і ўсё адразу. Можа, гэта і добра. Але мы, жанчыны сталяга веку, многае ў іх жыцьці не разумеем. І прабачце, калі я трохі ў гэты дзень – 8 сакавіка – паспачуваю мужчынам, якія не могуць зарабіць многа грошай”.

Ніна Аляксееўна, Менск: “Мая дачка працуе з 1985 года на адным прадпрыемстве, ніводнай заўвагі не было. Прыйшоў новы начальнік. А малы пяцігадовы часта хварэе. І ён – у гістэрыцы, ён яе выжывае. Але аднак беларускай маці і жанчыне ён патэлефанаваў у пятніцу, павіншаваў з днём 8 сакавіка і сказаў: “Я цябе пакуль звальняць не буду, але “Дня маці” ты атрымліваць не будзеш”. Гэта жахлівае віншаваньне, мы ўсе пад гнётам ходзім, мы не знаходзім сабе месца. Што бузе далей? Колькі можна зьдзеквацца?”

Аляксандар: “Віншую са сьвятам, паважаныя жанчыны радыё “Свабоды”, Браніславу Санкевіч, Ганну Соўсь, Любоў Лунёву, Алену Ціхановіч, Галіну Абакунчык. Дзякую вам за вашыя звонкія галясы, якія нясуць праўду ў кожную хату беларуса. Жадаю вам здароўя, любові, дабрабыту!

Спадар: “Раскажыце, хто прыдумаў гэтае сьвята – 8 Сакавіка – дзень гэты жаночы? Я б лепш пераставіў гэтае сьвята на 1 траўня, то хоць, можа, кветак будзе больш у лесе.

Выказваньні слухача камэнтуе філёзаф і культуроляг Валянцін Акудовіч:

Валянцін Акудовіч
“Рэч у тым, што спробы ў сваю пару, на пачатку адраджэньня, скасаваць гэтае сьвята, неяк яго перамяніць, перайначыць нічым не скончыліся і не павінны былі скончыцца. Таму што жанчыны самі прагнуць гэтага сьвята. Прычым усе. І ім абсалютна яго ідэалагічная складовая неістотная. І ведаеце, жанчыны – вялікія эгаісткі, яны не аддадуць нікому сваё сьвята. І не трэба тут асабліва супраціўляцца, трэба прыняць гэта як дадзенае і святкаваць”.

7 сакавіка споўніўся год ад дня сьмерці праваабаронцы з Салігорску Яны Паляковай. Праз чатыры дні пасьля суду, які пакараў Яну Палякову на 2,5 гады “хіміі”, праваабаронца павесілася ў сваёй кватэры.

Віктар Бут, Менск: “Прайшоў год, як недатыкальныя каты аднялі ў Яны Паляковай многія правы і нават жыцьцё. Але яны не здолелі забраць у яе свабоду, хаця вельмі імкнуліся ажыцьцявіць і гэтае беззаконьне”.

Слухачы таксама адгукаюцца на арышт сьледчай у асабліва важных справах Генэральнай пракуратуры Беларусі Сьвятланы Байковай. Байкова расьсьледавала справы высокапастаўленых карупцыянэраў з КДБ.

“Магчыма, зь яе боку былі парушэньні працэсуальнага характару”, -- заявіў Інтэрфаксу генэральны пракурор Рыгор Васілевіч. Васілевіч сказаў, што дакладна ня ведае, у чым падазраюць ягоную падначаленую.

Спадар: “У інтэрнэце я прачытаў, што Байкова перад арыштам хацела сустрэцца з Шэйманам. Я думаю, што калі ёсьць што сказаць, то гэта трэба казаць незалежным журналістам, ну хаця б патэлефанаваць на тэлефон “Свабоды”. А так, я думаю, калі б нават яна зь ім сустрэлася, нічога гэта не зьмяніла б”.

На 11 красавіка заплянаванае паседжаньне Эўрапарлямэнту, на якім будзе разглядацца сытуацыя ў Беларусі. Эўрадэпутаты таксама вырашаць, хто будзе прадстаўляць Беларусь у Парлямэнцкай асамблеі праграмы Ўсходняе Партнэрства (Эўранэст). Разглядаюцца два варыянт: Беларуская дэлегацыя будзе складацца з роўнай колькасьці дэпутатаў Нацыянальнага сходу і прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі, альбо толькі з дэпутатаў.

Віктар: “Мяркую, што гэта несур’ёзна: калі не прызнаюць гэтую палатку, дык навошта запрашаць? Гэтак і з прэзыдэнтам. Сур’ёзныя людзі калі не прызнаюць і лічаць самазванцамі, дык і не маюць аніякіх стасункаў”.

Спадарыня: “І зараз, калі трэба нейкія пытаньні вырашыць на Захадзе і хто павінен ехаць, вось тут ніяк не могуць вырашыць, бо афіцыйны Менск не прызнае апазыцыю, а парлямэн – непрызнаны проста. Вось задача, якую ніяк не вырашыць. Пяць на пяць не атрымліваецца, і дзесяць не атрымліваецца. Задача з двума невядомымі. Пакуль апазыцыя не будзе ўваходзіць у склад парлямэнта, так і будуць спрачацца. І гэта ўсё не на карысьць справы для Беларусі, для беларускага народа”.

Нагадаю, што тэлефон “Свабоды” у Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: . Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG