Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя аднаго цуду: Мікола Сасноўскі


Мікола Сасноўскі. Аўтар здымка – Арцём Канцавы.
Мікола Сасноўскі. Аўтар здымка – Арцём Канцавы.

Першая ў паваеннай гісторыі нефармальная грамадзкая арганізацыя Беларуская Майстроўня ўзьнікла трыццаць гадоў таму ў менскім студэнцкім асяродзьдзі. Але пачынальнікамі яе былі ня толькі студэнты-учорашнія школьнікі. Майстроўскія хлопцы цераз аднаго ўжо адслужылі войска й мелі досьвед заводзкае працы. Быў сярод пачынальнікаў і Мікола Сасноўскі, які з тых часоў і да сёньня працуе рабочым на менскім Мотавелазаводзе.



Пазьней, калі Майстроўня зьдзейсьніць свой калядны цуд і распадзецца на мноства розных ініцыятываў, яе рабочы складнік таксама сфармуецца ў самастойны кірунак – рабочы рух, сьпярша ў складзе Канфэдэрацыі нефармальных маладзёвых суполак, а пасьля і ў БНФ. Але гэта будзе напрыканцы 1980-х. А ўласна ў 1980 годзе сярод заснавальнікаў Майстроўні адзіным на сто адсоткаў рабочым быў Сасноўскі.

БАБУЛІН ГАДАВАНЕЦ


У Міколавай гісторыі людзі, якія ядналі яго зь беларушчынай, называюцца абагуленым словам “інтэлігенцыя”.

Мікола
: “Перад тым, як пазнаёміцца з Майстроўняй, я пазнаёміўся са старэйшай інтэлігенцыяй.

Мне давялося ад ваенкамату быць на абсьледаваньні ў лякарні. Там я сустрэўся з адным мастаком. Бачу, ён малюе нешта ня вельмі мне зразумелае. Ну, але ўжо тады ў мяне было ўсьведамленьне, што трэба пераходзіць і я ўжо пераходзіў на беларускую мову. І я зацікавіўся, а што ж ён малюе? Ён быў графік. І аказваецца, ён рабіў накіды да 500-годзьдзя Міколы Гусоўскага, да выданьня кніжкі. Ну і тады ён мне растлумачыў, хто такі Гусоўскі, і што ён канкрэтна малюе. Імя мастака было Фэлікс. Фэлікс... Янушкевіч! Во! Ён мясьціўся ў лякарні і казаў мне, што гэта ягоны апошні тэрмін, пасьля якога яму ўжо будзе 27 гадоў. А я толькі пачаткоўцам быў...”

Дубавец: Гэта 1979 год. Налета адкрыецца тая знакамітая мастацкая выстава, прысьвечаная 500-м угодкам аўтара “Песьні пра зубра”, на якой Мікола будзе частым наведнікам. Але заўважце, што яшчэ да сустрэчы зь Янушкевічам Сасноўскі ўжо меў усьведамленьне і пераходзіў на беларускую мову. Адкуль што бярэцца? Пры тым, што ў біяграфіі нашага героя нічога экстраардынарнага не было. Калі не лічыць бабулі.
Нашы вясковыя бабулі сталі правадніцамі ў беларускі сьвет для большасьці майстроўцаў і для большасьці беларусаў увогуле.
Нашы вясковыя бабулі, традыцыйныя захавальніцы нацыянальных каштоўнасьцяў, сталі правадніцамі ў беларускі сьвет для большасьці майстроўцаў і для большасьці беларусаў увогуле. Будучы нібы тыповымі, яны й былі экстраардынарнымі для той эпохі, той сыстэмы і ўсёй беларускай савецкай антрапасфэры.

Мікола: “Нарадзіўся я ў 1960-м годзе, нарадзіўся на сьвята, якое цяпер у некаторых асяродзьдзях ня любяць, -- трэцяга ліпеня... Нарадзіўся я ў Менску. У пятым раддоме. Але адразу быў забраны ў вёску і там гадаваўся. Недзе гадоў да сямі, пакуль у школу не пайшоў. Адправілі ў рускамоўную школу, навучылі правільна разговарівать. У свой час, як наяжджалі бацькі, памятаю, я казаў: баба, а што яны ня так гавораць, як мы? Ой, унучак, ведаеш, яны ж там па-гарадзкому гавораць, па-моднаму. Ня так, як мы тут.

Але мае бацькі зь вёскі, натуральна. І таму карані туды вядуць. Вёска пад Сьмілавічамі, недалёка ад Менску. У свой час я нават выцечку ладзіў для майстроўцаў у Сьмілавічы, паказаў усё, што там ведаў, радзіму Манюшкі...

Тата мой паходзіць... на другі бок Сьмілавічаў праз Магілёўскую шашу ёсьць вёска Гудовічы. Там, дарэчы, у свой час Зайкоўскі археалягічныя раскопкі праводзіў на Сьвятой гары. Гэта мне знаёма, я туды наяжджаў, канечне. Матуля мая паходзіць... на другі бок Сьмілавічаў сем кілямэтраў, вёска Смолянка, дзе яе цяпер і пахавалі. Матуля мая працавала таксама на заводзе і тата працаваў у ліцейным цэху, ад чаго, відаць, і падарваў здароўе, ён памёр яшчэ ў 35 гадоў.

У Менску я навучаўся і скончыў расейскамоўную школу. І неяк усё часьцей прыходзіла мне на одум – як гэта так, я беларус, а роднае называецца чужым, чужое родным?!
... як гэта так, я беларус, а роднае называецца чужым, чужое родным?!
“Родная речь” у школе ў малодшых клясах. Ну і так я прыйшоў да ўсьведамленьня таго, што трэба вяртацца да мовы.

СТАРЭЙШАЯ ІНТЭЛІГЕНЦЫЯ


Ну а ўжо пасьля школы я неяк сьведама да гэтага прыйшоў. І калі пазнаёміўся з інтэлігенцыяй, дык гэта адбылося праз тое, што я ўжо сьведама размаўляў па-беларуску.

Гэта быў 1980 год. Якраз было Купалаўскае сьвята ў Вязынцы і я выцягнуў туды сваіх бацькоў. Мы пахадзілі па шапіках, закупілі літаратуру. Вунь у мяне й цяпер сем тамоў Купалы стаяць, купленых тады. Ну і там пазнаёміўся з Алесем Марачкіным. Віктар Сташчанюк быў і Алег Бембель і Генадзь Тумаш. Добра памятаю, калі мы спазьняліся ўжо на электрычку, дык першым дабег Алег Бембель і самааддана трымаў дзьверы электрычкі, пакуль ужо мае бацькі туды не ўвайшлі. Гэта ўжо як назад ехалі...”

Паэтычнае сьвята ў Вязынцы, лета 1980 году. Зьлева направа стаяць: Алесь Марачкін, Віктар Сташчанюк, Генадзь Тумаш, ?, маці Міколы Валянціна, Міколаў айчым Пётра, Алег Бембель. Мікола прысеў каля брата Андрэя.

Дубавец: Там, у Вязынцы Міколу запомніўся эпізод, які сьведчыць пра пэўнае кіраваньне працэсам. Гэта яшчэ да Майстроўні й Каляднага цуду. Я ведаю, што простага аўтарства ў гэтых зьяваў не было, бо не было ані канкрэтных плянаў ці праектаў, ані арганізаваных структураў, ані выразнага лідэра. Усё неяк рабілася само. Інакш у тых умовах і не магло быць. Старэйшая інтэлігенцыя марыла пра цуд і па магчымасьці яго набліжала.

Мікола: “Нехта, магчыма той жа Марачкін, сказаў Сташчанюку: ну ты там абмяняйся зь Міколам адрасамі і калі ён прыйдзе, дай яму што пачытаць. І так завязаліся ў нас адносіны са Сташчанюком”.

Дубавец: Да гэтага фэномэну мы будзем вяртацца яшчэ не аднойчы. Першапачатковы імпульс беларушчыны, які майстроўцы атрымлівалі ад сваіх вясковых бабуль, па ідэі мусіла разьвіць і дапоўніць ведамі пакаленьне іхных ужо гарадзкіх бацькоў. Але бацькі, як правіла, сваёй уласнай беларушчынай расплочваліся за пераезд у горад і таму нічога разьвіць і дапоўніць не маглі. Вось калі іхную ролю брала на сябе старэйшая інтэлігенцыя – людзі, якім можна было і не расплочвацца беларушчынай, бо яны сьвядома абралі яе прадметам сваёй дзейнасьці, і прафэсія мастака ці навукоўца-гуманітарыя зрабіць гэта ім дазваляла. Вось як згадвае гэты фэномэн дачыненьняў майстроўцаў і старэйшых Вэрця Лазоўская, якая цяпер Кандраль:

Вера Кандраль. Аўтар здымка – Арцём Канцавы.
Вэрця
: “Я памятаю, як мы сустракаліся з навукоўцамі з Акадэміі Навук, гэта былі Конан, Садоўскі, Зьніч – Алег Бембель... Гэта былі людзі старэйшага пакаленьня, за нас гадоў на дваццаць. Гэта былі фактычна нашы бацькі. Але яны з такім піетэтам да нас, моладзі, ставіліся, давалі нам слова, слухалі нас, прыслухоўваліся, ім былі цікавыя нашы думкі і тое, што мы робім. Яны намі захапляліся і гэта чыталася ў іхных вачах. І гэта нас падымала”.

Мікола: “Сташчанюк Віктар для мяне самы блізкі з мастакоў быў. Ён памёр у лютым 2007 году. Ён багата працаваў у галіне рэканструкцыі Менска, і ўвесь Верхні горад, можна сказаць, гэта ягоная праца, ягоная рэканструкцыя. Ён быў чалавекам адзінокім. Жыў на вуліцы Ленінградзкай у старым, яшчэ даваенным будынку разам з матуляй у двухпакаёвай кватэры. Я наведваўся да яго. Ён мне даваў літаратуру. Празь яго я шмат якія веды атрымаў. І менавіта гэтыя веды дазволілі мне ўступіць у спрэчку зь Вінцуком Вячоркам падчас знаёмства з Майстроўняй”.

Мастак Віктар Сташчанюк.

Дубавец: Гэтак мы падбіраемся да ключавога моманту ў гісторыі Міколы-майстроўца: якім чынам ён пазнаёміўся з астатнімі.

Мікола: “У майго айчыма цётка ў Заслаўі жыла, і мы сабраліся яе наведаць. А прыехаўшы ў Заслаўе, я прапанаваў пайсьці на замчышча. То й гляджу, там хлапец у акулярах усё нешта паказвае на Кальвінскі збор ды ўсё нешта расказвае. Я прыслухаўся, чую, нешта не зусім так, як я аб гэтым маю інфармацыю. Ну я і ўступіў зь ім у спрэчку, натуральна. Яны зацікавіліся: хлапец, адкуль ты ўзяўся?.. Той хлапец у акулярах быў Вінцук Вячорка, каля яго быў і Сяржук Дубавец і Сокалаў-Воюш Сяржук. Магчыма быў і Запрудзкі, былі яшчэ й дзяўчаты.

МАЙСТРОЎСКІ ФАТОГРАФ


Потым у музэі, ён тады яшчэ быў у Кальвінскім зборы, да мяне падышоў адзін такі патлаты з барадой дый пытаецца: а ты хто і адкуль узяўся? Гэта быў Сокалаў-Воюш. Зайшла гаворка. Ён тады мяне больш-менш прадставіў людзям. Ну і з таго часу так павялося”.





Дубавец: Дома ў Міколы ў шафе – вялізныя скрыні з асабістымі архівамі. Тут захоўваюцца аўдыёзапісы Майстроўні. А яшчэ -- гліняныя мэдалі да майстроўскіх сьвятаў, якія рабілі Гэнік Лойка і Алесь Костка; перазьнятыя фотаспосабам кнігі – у тым выглядзе, у якім яны трыццаць гадоў таму “хадзілі па руках”, а найперш – акуратна раскладзеныя ў капэрты многія сотні здымкаў, пераважна з часоў “Талакі” і пазьнейшых, але шмат таксама й майстроўскіх. У Майстроўні Мікола лічыўся сваім, майстроўскім фатографам.

Мікола: “Да 17-18 гадоў я ў рукі фотаапарат наогул ня браў. Тут мяне зацікавіў адзін хлопец, мой аднаклясьнік. І ўжо да таго часу, калі я пазнаёміўся з Майстроўняй, у мяне сякі-такі фотаапарат быў. І аднаго разу, заўважыўшы, што я неяк выпадаю з усіх кантэкстаў на гэтых сьвятах, мне Вінцук Вячорка прапанаваў: Мікола, у цябе фотаапарат, фатаграфуй ты нас, рабі нам здымкі. І я як бы заняўся такой практычнай дзейнасьцю ў Майстроўні. Вядома, на аматарскім узроўні.

Першае вялікае ўражаньне на мяне пакінула Купальле. Першае, на якім я быў. Гэта было ў Заслаўі. Сокалаў-Воюш быў тады княжычам. У яго на галаве быў парык зь яшчэ даўжэйшымі валасамі, хаця і сваімі ён быў не абдзелены. Яму яшчэ каня вызначылі... Напачатку ўсё было файна, цёпла. Потым пайшоў дождж. І тут ён заяжджае і заклікае народ адзначыць Купальле.

Купальле 1981 году ў Заслаўі. Сяржук Сокалаў-Воюш у ролі Купаліша першы зьлева.

І мы, вядома, на ўсё забыўшыся, і на дождж, і вымакшы, і ў гразі па калена, але сьвяткавалі. Майстроўня ладзіла сьвята на самім замчышчы, непасрэдна на валу. І добра памятаю, як матлялася гэтае божышча, з пап’е-машэ зробленае, на доўгім кіі мацавалася, і калі водбліск полымя на яго клаўся, яно як бы заглядала: а што ж мы тут робім? А яшчэ як я ўбачыў дзяўчатаў, ды абвязаных папарацьцю, я зразумеў, што вось яны вытокі, вось яна старажытнасьць!..

У Майстроўні ў асноўным былі студэнты, натуральна. Я голасу такога й ня меў дый наогул на артыста не цягнуў, але...”

Дубавец: Але Мікола адразу ўпісаўся ў суполку і стаў яе неад’емным чальцом. Згадваю, як узрушыў усіх паэтычны дэбют у заводзкай газэце. Мікола пісаў вершы.

“У добры час, Мікола!” – паэтычны дэбют Міколы Сасноўскага ў газэце “Мотовелозаводец” 7 студзеня 1983 году.

Мікола
: “Даўна-даўна не пішу і я так лічу, пісаць болей ня буду...

"З РАНЬНЯГА МАЛЕНСТВА". ВЕРШЫ


У свой час я, слаба знаёмы са станам беларускай літаратуры, пачаў спантанна пісаць вершы. І пісаў іх ад душы, ад сябе, дзеля сябе. І калі я паспрабаваў паказаць гэтыя вершы сталым літаратарам і пытацца іхную думку, яны, канечне, падбадзёрвалі мяне як маладога, што ўсё класна, але ж ты пачытай і такіх клясыкаў і гэткіх клясыкаў. Ад чаго мне рабілася сумна і я разумеў, што ўсё ж такі я пішу для сябе, а астатнія, калі я стаў чытаць, яны ўжо пра гэта даўно сказалі й сказалі значна лепей. А яшчэ такі даволі аўтарытэтны для мяне паэт Алесь Разанаў у адным сваім нататку напісаў такое: і чым больш мы напішам твораў, падобных адзін на адзін і паўторым тое, што ўжо было сказана, тым на больш твораў мы зьбеднім нашу літаратуру. Гэта мяне зусім шакавала і пасьля такіх вось прачытаньняў я зразумеў, што ня варта мне з гэтым наогул як-небудзь...

І потым, я ўсё ж такі чалавек працоўны. З працоўнага асяроддзя. А вершы, яны пісаліся так. Я займаюся нейкай працай, а ў галаву прыходзяць зусім іншыя думкі і пачынаеш складаць твор. Ну а тут умовы зусім неспрыяльныя. Аднаго разу, калі разарваўся абразіўны круг і, праляцеўшы над сківіцай, выбіў на сьцяне вялікую дзюрку, я зразумеў, што гэта ўсё праз маю незарганізаванасьць, праз тое, што я рабіў адно, а думаў пра іншае.

Я прачытаю вам верш пра сваё раньняе маленства. Яно ў мяне прайшло на вёсцы з маёй прабабулькай. “З раньняга маленства”, так і называецца.

Калі кватэру змрок атуліць,
Забудуся я сьветлым сном:
Хацінку бачу дарагую,
Рабінку пад яе вакном.
Мне сьняцца сьлівы каля плоту,
Страха амшэлая хлява.
Ігруша-дзічка ля варотаў
І пляц ля нашага двара.
Утулак хатні так знаёмы:
Пасярод хаты -- стол-старык,
І ложак, прадзедам раблёны;
Ў куце над абразом ручнік.
І печ, як тая гаспадыня,
Што корміць і дае цяпло,
І куфар, дзе ляжыць бялізна,
На сьвята каб надзець было.
Самотай сэрца агарнецца,
Калі успомніш да драбніц:
Расінку, што дрыжыць на кветцы,
І водарны той пах суніц.
І дзіву нават сам даесься:
Як жа жывеш маркотна ты!
Пакліч, а можа адгукнецца
Хоць гоман лесу шапаткі”.

Дубавец: Калі бачыш, зь якім сьвятлом уваччу Мікола прыгадвае сваё раньняе маленства ў прабабулі пад Сьмілавічамі і прачытваеш гэты верш, напісаны акурат у майстроўскія часы, міжволі думаеш, што тое вясковае маленства ўспамінаецца яму як найлепшы час у жыцьці. І ці не ягоных водгукаў ды водсьветаў шукаў Мікола ў Майстроўні?

Мікола: “Ну так. Хаця на сёньняшні дзень трэба сказаць, наўрад ці я б здолеў жыць на вёсцы. Але ўжо што там буду спачываць, я для сябе вызначыў адназначна.

Навучаўся я ў школе ня надта як, ад таго і маю такую дзейнасьць – я просты сьлесар на Мотавелазаводзе. Цяпер ужо й завода такога хутка ня стане. Працую інструмэнтальшчыкам, выпускаем сельгастэхніку. У майстроўскія часы я ўжо там працаваў. У 1977 годзе паступіў у вучэльню, а ў 1979-м скончыў і пачаў самастойна працаваць.

Мікола на працоўным месцы.

На заводзе ў пачатку 1980-х былі й кпіны і яшчэ вось такое: а ты ведаеш, як гэта будзе па-беларуску, а як гэта? Я зь цягам часу ўспрыняў гэта для сябе, як спосаб спазнаньня беларускай мовы. Ня столькі злаваўся, колькі меў стымул набыцьця ведаў. Але, ясная рэч, у маім асяродзьдзі людзі не карыстаюцца мовай і з гэтага ўсё вынікае”.

Дубавец: Сёлета трэцяга ліпеня Міколу споўніцца пяцьдзясят. Па-за працай ён наведваецца ў менскі клюб меламанаў, зьбірае калекцыю музыкі і ў сваёй утульнай кватэры мае ўсё, што трэба для якаснага гуку. Мне згадаўся Менск трыццацігадовай даўніны і яшчэ даўнейшы, калі маладыя людзі адмыслова хадзілі адны да адных паслухаць музыку. Пры гэтым асабліва цанілася якасьць гуку. Музыкі было ўвогуле няшмат і так проста здабыць яе было немагчыма, таму супольнае праслухоўваньне ператваралася ў рытуал, які суправаджаўся абмеркаваньнямі, новымі знаёмствамі, а часам станавіўся і ладам жыцьця.

Мікола: “Люблю паслухаць музыку. Найбольш люблю традыцыйны, або, як кажуць мэйнстрымаўскі джаз. А фартэпіяна для мяне -- самы самы інструмэнт. Калі я чую фартэпіяна, асабліва жыўцом, я гатовы на ўсё, каб толькі піяніст не падымаўся, каб хоць што-небудзь граў...

Майстроўня -- гэта была зьява спантанная. Тады ж усё было заарганізавана. А людзі цягнуліся адзін да аднаго безь ніякіх фармальнасьцяў... Некаторыя людзі, што пачыналі з Майстроўні, пайшлі ў палітыку, у вялікую палітыку... Ну а простыя людзі... Я лічу, што б і дзе ні казалася, мова -- асноўны паказчык беларушчыны. Чалавек можа нешта ўспрымаць ці не ўспрымаць, але як ён ёсьць беларусам, аб гэтым гаворыць толькі яго мова. Сам ён аб гэтым лепш аніяк ня скажа...



Майстроўня -- гэта аматарскі калектыў і, дзякуючы намаганьням Ларысы Сімаковіч яна выходзіла на нейкі больш-менш узровень. Само па сабе цікава, што моладзь засьпявала тыя песьні, якія сьпявалі іхныя бабулі, а то й прабабулі.

Відаць, сталася патрэба ў гэтым, таму яно і ўзялося.

Я хачу сказаць: людцы, заставайцеся самі сабой. Ніколі не фанацейце ні ад чога, заставайцеся нармалёвымі людзьмі. Старайцеся ня здраджваць самі сабе. Ва ўсім, ня толькі ў мове, але й па жыцьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG