Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяз таннай нафты НПЗ працуюць напаўсілы


У Наваполацку й Мазыры на прадпрыемствах нафтаперапрацоўкі адбываецца далейшае падзеньне вытворчасьці аўтамабільнага і дызэльнага паліва, а таксама мазуту. Такі вынік нафтавага канфлікту Беларусі і Расеі, што доўжыўся амаль увесь студзень. А ў лютым аб’ём вытворчасьці пагражае зьменшыцца яшчэ больш.

НАВАПОЛАЦАК


«Абсталяваньне круціцца на ўсю моц, а прадукцыі атрымліваем толькі палову»


Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод.
Кіраўнікі наваполацкага «Нафтану» адмаўляюцца інфармаваць пра сытуацыю, якая склалася на прадпрыемстве. А шараговыя працаўнікі, адказваючы на пытаньні, просяць не называць прозьвішчаў, бо становішча цяпер у кожнага хісткае. Вось фрагмэнт гутаркі:

«Загружанасьць, вядома, напалову. Але нават калі палова загружана, то ўсё роўна абсталяваньне круціцца на ўсю моц. Адпаведна, рэнтабэльнасьць падае».

Адміністрацыя Наваполацкага НПЗ мае намер перагледзець калектыўную дамову


З прычыны скарачэньня аб’ёмаў вытворчасьці адміністрацыя Наваполацкага НПЗ пачынае зьмяншаць заробкі працаўнікам.

«Праблемы пачынаюцца з калектыўнай дамовай. Пагражаюць выкрасьліць пункты аб матэрыяльных выплатах», — удакладняе суразмоўца.

Пагаршэньне эканамічнага стану галоўнага прадпрыемства Наваполацку замоўчваюць улады і мясцовыя СМІ. Пра гэта «Свабодзе» расказала спадарыня Галіна:

Гандляры скардзяцца, што плян не выконваецца, бо ў пакупнікоў стала значна менш грошай.
«У нас тут усё цяпер закансьпіравана. Нават радыё звычайнае нічога ня кажа па гэтым пытаньні. Калі на пачатку студзеня яшчэ ішлі размовы пра перамовы з Расеяй, то зараз, колькі я слухаю радыё, нічога не гавораць».

Раней экспэрты Міжнароднага валютнага фонду казалі, што фінансавыя страты Беларусі ад новых умоваў імпарту нафты складуць каля двух мільярдаў даляраў. Зразумела, што нафтавікам у Наваполацку трэба рыхтавацца да эканоміі. Ці ёсьць ужо прыкметы гэтага? Пытаньне да спадарыні Галіны:

«Я бачу, што ў мясцовых крамах значна паменела людзей. Ну, і самі гандляры кажуць, што плян не выконваецца, бо ў людзей стала значна менш грошай».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


100-працэнтнае мыта на імпарт нафты зьбядняе Мазырскі НПЗ


Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод.
Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод распаўсюдзіў праз СМІ інфармацыю, у якой выказваецца занепакоенасьць узроўнем забесьпячэньня вытворчасьці сыравінай. Паводле прэсавага цэнтру НПЗ, каб падтрымаць мінімальную загрузку ўсіх тэхналягічных працэсаў, трэба мець на год, як мінімум, 6 мільёнаў 300 тысяч тон нафты. Пакуль жа гарантаваныя аб’ёмы бязмытнай нафты складаюць толькі 4 мільёны тон.

Намесьнік генэральнага дырэктара НПЗ Сяргей Саладоўнікаў кажа, што такія пастаўкі могуць забясьпечыць толькі мінімальную загрузку прадпрыемства.

«Для такой загрузкі нафты хопіць. Іншая справа, якой будзе эканоміка перапрацоўкі?!»

Няма пакуль адкрытых хваляваньняў, бо нафтаперапрацоўшчыкі атрымліваюць свой заробак.
Зараз прадпрыемства, купляючы нафту ў Расеі, сплачвае мыта ў памеры 100 адсоткаў. Такі ж узровень мыта сплачвае прадпрыемства і за рэалізацыю нафтапрадуктаў на экспарт. Гэта вядзе да хуткага вымываньня абаротных сродкаў.

«Мы працуем так, як дазваляе загрузка. Калі штосьці спыняецца, там вядуцца рамонтныя працы. Вялікіх хваляваньняў у працоўным калектыве няма. Людзі заробкі атрымліваюць. Заробак увесь выплачваецца»

Аднак у новых умовах закупу нафты ў Расеі на Мазырскім НПЗ не пасьпелі ў прызначаны тэрмін здаць у эксплюатацыю ўстаноўку дзеля атрыманьня ў большых аб’ёмах высокаактанавых марак бэнзіну.

Перанесены і тэрміны запуску новай устаноўкі дзеля вытворчасьці вадароду.

Даведка Свабоды
27 студзеня 2010 году Беларусь і Расея дасягнулі пэўнага кампрамісу ў пытаньнях паставак нафты. Адпаведна з пратаколам і міжурадавым пагадненьнем, Расея сёлета на бязмытнай аснове паставіць у Беларусь 6,3 мільёна тон нафты, а астатнія 15 мільёнаў тон — на ўмовах поўнай выплаты экспартнага мыта.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG