Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прынслу ня хоча экстрадыцыі зь Беларусі


Дырка Прынсло
Дырка Прынсло

У Баранавічах заўтра пасьля абвешчанага 15 студзеня перапынку аднаўляюцца слуханьні па справе 40-гадовага паўднёваафрыканскага грамадзяніна Джорджа Дырка Прынслу. У сувязі з агучанымі ў судзе прэтэнзіямі падсуднага Баранавіцкі раённы суд загадаў правесьці адпаведныя расьсьледаваньні. Прынслу заявіў, што даваў паказаньні пад ціскам супрацоўнікаў беларускіх праваахоўных органаў.


Колішні пасьпяховы адвакат з Прэторыі, які доўгі час адшукваўся Інтэрполам і нарэшце быў затрыманы летась у Беларусі ў сувязі з нападам на баранавіцкае аддзяленьне “Беларусбанку”, абвінавачваецца паводле некалькіх артыкулаў беларускага Крымінальнага кодэксу. Гэта рабаваньне, катаваньне, пагроза забойствам, хуліганства.

У сябе на радзіме Прынслу абвінавачваецца таксама, але ў злачынствах сэксуальнага характару. Улады ПАР настойваюць на яго выдачы.

Праўдападобна, што сам падсудны зьбіраецца ўсяляк працівіцца магчымай экстрадыцыі на падставе таго, што паўднёваафрыканскі суд над ім “быў супрацьзаконным”. Пра гэта ён напісаў у адным са сваіх апошніх лістоў з баранавіцкай турмы дадому.

Прэтарыйскае выданьне Independent, спасылаючыся на меркаваньне прадстаўнікоў беларускага правасудзьдзя, піша, што будучы судовы вэрдыкт у Баранавічах не вызваляе Прынслу ад крымінальнай адказнасьці ў сябе на радзіме.

Паводле кіраўніка беларускага Інтэрполу падпалкоўніка Міхаіла Старыковіча, калі суд у Баранавічах прызнае Прынслу невінаватым, паўднёваафрыканца арыштуюць у Беларусі яшчэ раз у адпаведнасьці з “чырвонай карткай” Інтэрполу. І цягам 40 дзён, чакаючы паступленьня з ПАР дакумэнтаў для прыняцьця рашэньня аб экстрадыцыі, Прынслу будзе знаходзіцца ў беларускім пастарунку.

Калі Прынслу ўсё ж прызнаюць вінаватым, то як замежны грамадзянін ён можа правесьці ў беларускай турме толькі частку свайго тэрміну. Потым для адбыцьця астатняга пакараньня яго экстрадыруюць на радзіму.

“Генэральная пракуратура Беларусі можа рабіць раптоўныя інспэкцыі ў Паўднёвую Афрыку, каб пераканацца, што ўмовы ўтрыманьня зьняволенага ў мясцовай турме адпавядаюць міжнароднаму праву”, — падкрэсьліў падпалкоўнік Старыковіч.

Паводле дадзеных, якія падае паўднёваафрыканская Independent, Рэспубліка Беларусь штогод экстрадыруе ў сярэднім 24 замежнікаў, якія знаходзяцца ў вышуку за зьдзяйсьненьне злачынстваў у іншых краінах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG