Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ні Цімашэнка, ні Януковіч ня будуць скакаць пад дудку Крамля”


Агляд тэлефанаваньняў за 18 студзеня, панядзелак


Слухачы Радыё Свабода абмяркоўваюць прэзыдэнцкія выбары ў суседняй Украіне, узгадваюць прыпавесьці Васіля Быкава, прапануюць усталяваць у Салігорску помнік Васілю Каржу, якому нядаўна споўнілася 100 гадоў, а таксама віншуюць з днём народзінаў Сяргея Каваленку, які ўзьняў на вяршыню навагодняй ёлкі бе-чырвона-белы сьцяг.

Вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў нядзелю ва Ўкраіне, хвалююць і беларусаў. Вось адно з такіх тэлефанаваньняў:

“Толькі на вялікую радасьць Расеі, дакладней, крамлёўскага кіраўніцтва, народ Украіны адрынуў Віктара Юшчанку, які сапраўды змагаўся за незалежнасьць Украіны. Так што, Украіна, цябе чакае палітычная стабільнасьць у беларускім і расейскім варыянце. Тыя двое, якія будуць працягваць грызьню за ўладу ў другім туры, дабраўшыся да яе, проста так ужо не аддадуць. Баюся, гэта будуць апошнія выбары ва Ўкраіне. Далей пойдзе пуцінскі варыянт прызначэньняў. Дорага будзе каштаваць Украіне гэтая памылка”.

Тэлефанаваньне сталай слухачкі “Свабоды” камэнтуе палітоляг Уладзімер Мацкевіч:

“І Юлія Цімашэнка, якая вельмі харызматычны, амбітны палітык, яна, канечне ж, мае пэўныя тэндэнцыі да аўтарытарызму. Але яна ня раз паказвала, што яна патрыётка Ўкраіны, і скакаць пад дуду Крамля, хутчэй за ўсё, ня будзе. І Януковіч, які на мінулых выбарах, змагаючыся зь Юшчанкам, абапіраўся на прарасейскую частку украінскага электарату і спрабаваў карыстацца дапамогаю Масквы, за гэтыя гады паказаў, што не такі ён ужо і прарасейскі. Так, ён — стаўленік алігархічных колаў Украіны, і ў гэтым сэнсе ня лепшы, напэўна, варыянт. Але ж не такі ён ужо залежны ад Масквы. Хутчэй ад украінскай алігархіі, якая мае інтарэсы, цалкам процілеглыя маскоўскім. І так проста ў Расеі не атрымаецца кіраваць Украінай, як яна імкнулася кіраваць Беларусьсю. Нават і Беларусьсю не атрымалася. Таму, канечне, гэта ня лепшы варыянт. Але ж я не рабіў бы трагедыі з гэтых выбараў. Дэмакратыя, на жаль, вельмі часта робіць памылкі. І тое, што Юшчанка арганізаваў і правёў дэмакратычныя выбары, — я думаю, гэта сур’ёзны крок Украіны ў бок дэмакратыі і эўрапеізацыі”.

Слухачы “Свабоды” адгукаюцца на перадачы Радыё Свабода і выказваюць цікавыя прапановы:

Спадар: “Я ўсё слухаю пра гэтыя помнікі Леніну, Дзяржынскаму, Сувораву. Вось з Салігорску Ніна Ярмалінская кажа, што стукалі, білі Леніна, правільна рабілі. А жанчына зь Менску кажа, што гэта гісторыя. Так, гэта гісторыя. Але самае лепшае — гэта сабраць гэтыя помнікі Леніну, Дзяржынскаму, Сувораву і адаслаць у Расею. А ў Салігорску паставіць помнік Каржу Васілю Захаравічу, нашаму земляку”.

Працягваем праграму “Званкі на Свабоду”. Адклікаюцца слухачы “Свабоды” і на падзеі ў Беларусі, узгадваючы прароцтва Васіля Быкава:

Тацяна Барэль, Асіповічы: “Прачытала ў “Народнай волі” ад 12-14 студзеня, што ў ваеннай акадэміі Беларусі створана ўпраўленьне камандаваньня і дзьве катэдры факультэту сіл спэцыяльных апэрацый. І ўсплылі радкі на памяць з прыпавесьці Васіля Быкава “Букет ружаў”: “Кілерскую справу паставілі на дзяржаўны паток. У арлінай рэспубліцы рыхтаваліся ня толькі ўласныя кілерскія кадры, але навучаліся людзі зь іншых краінаў, пераважна краінаў трэцяга сьвету. Іхнія ўрады добра плацілі Грымучаму Зьмею. Гадоў праз 10 сучасную кілерскую зброю ўжо не куплялі ў замежжы — наладзілі ўласную вытворчасьць”.

Слухачы “Свабоды” выказваюць захапленьне ўчынкам Сяргея Каваленкі зь Віцебку і віншуюць яго з днём нараджэньня:

Спадарыня: “Дзень добры, “Свабода”! Дазвольце скарыстацца службай нашай “Свабоды”, для таго каб павіншаваць з народзінамі нашага суайчыньніка, без перабольшаньня самую гераічную асобу сёлетніх калядных сьвятаў, Сержука Каваленку. І падзячыць яму за той надзвычайны і бясцэнны падарунак, які ён зрабіў нам 7 студзеня, калі ўзьняў на самай высокай ёлцы краіны наш нацыянальны сьцяг. Даражэнькі Сяржук! Зычым табе фізычнага здароўя, духовай моцы і трывушчасьці! Твае аднадумцы-менчукі”.

Спадар Андрэй, Салігорск: “Вітаю! Зь вялікай удзячнасьцю і зь вялікім гонарам прачытаў артыкул у маёй любімай газэце “Народная воля” пра героя Сярожу Каваленку. Госпадзе, як патрэбныя такія Сяргеі краіне! Гэта сапраўдныя героі! Гэта ня тое, што бегаць і махаць клюшкаю ў лядоўні каля сваіх ахоўнікаў! Мы разам з табой, Сярожа. Дзякуй за ўчынак!”

Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG