Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Такіх зьдзекаў са сьцягу гісторыя ніколі не даруе”


Russia -- Stationary phone set . Moscow - 23mar2007
Russia -- Stationary phone set . Moscow - 23mar2007

Нафтавая вайна паміж Беларусьсю і Расеяй, бел-чырвона-белы сьцяг у Віцебску і абліты фарбай помнік Леніну ў Наваградку, выбары ва Украіне, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на «Свабоду».

Беларусь і Расея працягваюць супрацьстаяньне ў пытаньні паставак расейскай нафты ў 2010 годзе. Фэдэральная мытная служба Расеі распарадзілася спаганяць 100% экспартнага мыта пры пастаўках у Беларусь ня толькі нафты, але і нафтапрадуктаў. Слухачы працягваюць выказвацца на гэтую тэму:

Спадар: «Апошнім часам навіны на першым канале БТ нагадваюць зводкі ваенных дзеяньняў з Усходняга фронту, у якіх вінаваты толькі Лукашэнка. Ён паводзіцца з кіраўніцтвам Расеі, як барон — і гэта не на карысьць ні дзяржаве, ні народу. Усё гэта выклікае занепакоенасьць і няўпэўненасьць у заўтрашнім дні ў нас, простага народу».

Яшчэ адна тэма абмеркаваньняў — бел-чырвона-белы сьцяг на ёлцы ў Віцебску, які вывесіў Сяргей Каваленка, а таксама стаўленьне людзей да помнікаў Леніну ў Беларусі:

Анастас Семяновіч: «Шаноўны і дарагі спадар Сяргей Каваленка! Ад усяе душы віншую вас зь вялікім учынкам, які вы зьдзейсьнілі, вывесіўшы бел-чырвона-белы сьцяг на вершаліне самай высокай ёлкі краіны. Жадаю вам і вашай сям’і моцнага здароўя, шчасьця вам. І вялікі дзякуй маці за выхаваньне такога сына».

Спадар: «Я жыву на Віцебшчыне, дзе гербам зьяўляецца „Пагоня“, і вось чамусьці ўзгадваю зьніклага генэрала Захаранку. Калі здымалі бел-чырвона-белы сьцяг, то ён прапаноўваў, каб варта была, аркестар, і пакінуць яго ў музэі. Не — зьнялі, падралі на кавалкі. Вось адсюль, лічу, і цяперашняе стаўленьне да нацыянальных сымбаляў. Забаронены плод вельмі салодкі, і гэта будзе працягвацца: такіх зьдзекаў са сьцягоў гісторыя ніколі не даруе».

Ларыса, Менск: «Праслухала Ніну Ярмалінскую пра тое, як падлеткі ў Салігорску кідалі каменьнем у помнік Леніну. Але я б гэтым не захаплялася — проста хуліганская выхадка. Гісторыю такім мэтадам не перапісваюць. А вось зьнесьці помнік ці перанесьці ў музэй — гэта іншая і больш разумная справа».

Адказваючы на пытаньне слухачкі «Свабоды», адзін з заснавальнікаў партыі БХД Павал Севярынец выказаў сваё меркаваньне адносна нацыянальнага бел-чырвона-белага і савецкага чырвонага сьцяга. З гэтай нагоды наступнае тэлефанаваньне:

Спадар: «Усе мы станавіліся пад чырвоным сьцягам і насілі чырвоныя гальштукі. І раптам неадбыты хрысьціянскі дэмакрат Павал Севярынец абліў брудам чырвоны сымбаль некалькіх пакаленьняў. Калі ён гэткі экспэрт, то няхай патлумачыць: чаму ў чырвона-белым сьцягу віртуальнай БНР, якая супрацоўнічала з фашыстамі пад гэтым сьцягам, ёсьць чырвоны колер».

Адказвае Павал Севярынец:

«Патлумачу шаноўнаму слухачу сэнс чырвонай паласы на бел-чырвона-белым сьцягу. Калі скрываўленае цела Хрыста загарнулі ў доўгую белую палатніну, а пасьля ён уваскрос, то вучні пабачылі на гэтай палатніне крывавую чырвоную паласу. З тае пары бел-чырвона-белыя колеры зьяўляюцца сымбалем многіх хрысьціянскіх краін. Можна ўзгадаць ангельскі сьцяг, грузінскі, швайцарскі, дацкі, нарвэскі. Нават на адзеньні ў мітрапалітаў Расейскай праваслаўнай царквы — бел-чырвона-белая паласа. Шаноўны спадар ня ведае гісторыі, бо БНР ня толькі не супрацоўнічала з нацыстамі, а трымалася прынцыповай пазыцыі ў супраціве акупантам, як нацыстоўскім, так і бальшавіцкім».

Працягваем праграму выказваньнямі слухачоў з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне:

Ніна Ярмалінская, Салігорск: «Перад папярэднімі выбарамі ва Ўкраіне я малілася, каб перамогу атрымаў Віктар Юшчанка. Малюся за яго і зараз. А братняму народу Ўкраіны жадаю свабоды, эканамічнай стабільнасьці і дабрабыту».

Валеры Курневіч, Барысаў:

«Юшчанка альбо Цімашэнка стане прэзыдэнтам.
Гэтыя ва Ўкраіне кандыдаты — з бацькоўскае хаты,
На дзяржаўным узроўні кажуць на роднай мове.
Што я наконт гэтага хачу казаць?
Ужо даўно пара Лукашэнку зь іх прыклад браць».

У эфіры «Званкі на Свабоду». Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG