Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Схіляюся ў нізкім паклоне перад Сяргеем Каваленкам”


У эфіры “Званкі на Свабоду”. Крымінальная справа супраць Сяргея Каваленкі зь Віцебску, нафтавая вайна паміж Беларусьсю і Расеяй, выбары ва Ўкраіне, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.



Тацяна Барэль, Асіповічы:
“Схіляюся ў нізкім паклоне перад Сяргеем Каваленкам зь Віцебску, які вывесіў на ёлцы бел-чырвона-белы сьцяг. За маладымі -- будучыня, а судзьдзяў, калі яго засудзяць, будзе судзіць сам Бог”.

Валер Курневіч, Барысаў:

“Патрыёт Беларусі ў Віцебску бел-чырвона-белы сьцяг падняў,
і за гэта ён крымінальную справу атрымаў.
І сьмех, і грэх. На Русі над Крамлём
лунае расейскі сьцяг і герб з арлом,
а на Беларусі за родны сьцяг і за герб Пагоня
цябе дубінка АМАПу дагоніць”.


Зіноўеў: “Як мяне самога ў 2005-м старшыня Лёзьненскага райвыканкаму западозрыў, што я ёсьць Мірон, — я ўяўляю, як у Віцебску ўзяліся за справу Каваленкі. І тут трэба званок жонцы Каваленкі ад кандыдата ў прэзыдэнты Мілінкевіча з прапановай юрыдычнай дапамогі, ну і саюз палітвязьняў павінен адгукнуцца”.

Выказваньне камэнтуе каардынатар руху “За свабоду” Алесь Лагвінец:

“Дзеяньні ўладаў выклікаюць абурэньне, яны не павінны гэтак дзейнічаць. Зразумела, што грамадзянская супольнасьць Беларусі, рух “За свабоду” будуць рабіць усё, каб дапамагчы і спадару Каваленку, і ягонай сям’і. Я думаю, што самым бліжэйшым часам мы будзем кантактавацца зь ягонымі роднымі”.

Чарговыя перамовы паміж прадстаўнікамі ўраду Беларусі і Расеі пра кошт пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь завяршыліся безвынікова. Дата аднаўленьня перамоў ня вызначаная. Пра беларуска-расейскую нафтавую вайну — тэлефанаваньні слухачоў:

Спадар: “Усякі пачатак мае свой канец. І трэба было разумець, што расейская нафтагазавая халява для Беларусі можа скончыцца”.

Спадар Анішкевіч, Маладэчна: “Я хвалююся за Беларусь і за ўсіх працаўнікоў прамысловасьці і сельскай гаспадаркі, якая завязана на Расею. У сувязі з дамовай пра пастаўку нафты”.

Спадар: “Не ўпрыгожваюць Беларусь усе гэтыя газавыя, нафтавыя войны. І, можа, прэзыдэнт Лукашэнка пойдзе на выбары перад 2011 годам, таму што пасьля ізноў зьявяцца нейкія войны”.

У нядзелю ва Ўкраіне адбудуцца выбары прэзыдэнта. На гэтую тэму, а таксама на тэму прэзыдэнцкіх выбраў у Беларусі наступныя тэлефанаваньні:

Спадар: “Украіна, не зваляй дурака, галасуй за Юшчанка!”

Мікола Чыбісаў, Казлоўшчына: “Лукашэнка зойме зноў прэзыдэнцкую пасаду. Я не хацеў бы сказаць, што я Настрадамус, але так яно будзе, таму што палітычная сытуацыя і закон аб выбарах пра гэта гавораць”.

Анастас Семяновіч: “Вельмішаноўныя спадары і спадарыні Радыё Свабода, добры вечар! Гаворыць Анастас Семяновіч. Таварыш Лукашэнка, у мяне да вас просьба: выхоўваць свайго хлопчыка Колю. Прыйдуць новыя людзі, то бок моладзь, і Беларусь, то бок народ, зажыве, як Эўропа. Жыве родная Беларусь!”

Спадарыня: “Добры вечар! Хачу адказаць спадарыні са “Званочкаў”, якая геніяльную паэму Якуба Коласа “Новая зямля” на цудоўнейшай самабытнай беларускай мове хацела б скараціць разоў у пяць. І тады б ужо гэтая спадарыня магла б гаварыць пра вартасьць “Новай зямлі”. А што, калі б і главы, і вартасьць “Яўгенія Анегіна” Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна былі скарочаны ну недзе разы ў тры? У Пушкіна, зь яго кіпучым, паэтычным, афрыканскім дарам. Дарэчы, наш першы беларускі прэзыдэнт таксама падарыў Расеі геніяльнага Францыска Скарыну, які, аказваецца, жыў і тварыў у Пецярбургу”.

Арцёмаўна: “Адказ на “Званочкі”. Ёсьць такія выступленьні слухачоў, людзі не беларускага паходжаньня, але воляй лёсу апынуліся ў Беларусі. Я іх разумею, не вывучалі беларускую мову і літаратуру. Але калі яны крытыкуюць творчасьць такіх мастакоў літаратуры, як Янка Купала і Якуб Колас, дык хочацца параіць такім грамадзянам, такім народным крытыкам: напішыце самі вершы, якія адпавядаюць вашаму густу, і выходзьце на “Свабоду” з тым творам. І мы, слухачы, ацэнім вашу творчасьць”.

Яўгенія Казлова, Ворша: “Гэтае маё тэлефанаваньне адрасуецца “Званочкам”. Хочацца зьвярнуцца адразу да некалькіх званароў. Па-першае, калі ўжо спадарыня Ларыса, у якой адчуваецца беларуская артыкуляцыя, загаворыць па-беларуску? Тое самае пытаньне і да спадарыні Ціны. Гэта што — непавага, пагарда да мовы ці няздольнасьць ёю авалодаць? І апошняе, да лятучай машыны, якая прыляцела да нас з Украіны, а туды адкуль, ня ведаю, мабыць, з Расеі. Спадарыня, якое ў вас права даваць адзнаку нашай літаратуры і скарачаць паэму Якуба Коласа “Новая зямля”? Да крытыка вам вельмі далёка, у вас няма адпаведнай адукацыі, і наагул Беларусь вам чужая, выпадковае месца жыхарства, а для нас яна — Радзіма”.

Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG