Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянціна Качан: Ня думаю, што ўвосень было больш пнэўманій, як звычайна


Валянціна Качан
Валянціна Качан

Чарговы ўсплёск эпідэміі грыпу чакаецца пры канцы студзеня — на пачатку лютага. Мэдыкі да яго цалкам падрыхтаваныя, запас лекаў ёсьць. А падчас восеньскага эпідэмічнага ўздыму павелічэньня колькасьці ўскладненьняў, у тым ліку і пнэўманій, аказваецца, не было. Пра гэта ў Міжнародны дзень прафіляктыкі грыпу паведаміла галоўны санітарны доктар краіны, намесьнік міністра аховы здароўя Валянціна Качан.

У 2009 годзе было дзьве хвалі эпідэміі грыпу: першая — зь сярэдзіны студзеня па сярэдзіну сакавіка, і другая — з канца кастрычніка да пачатку сьнежня. У параўнаньні з 2008 годам рост захворваньняў на вострыя рэсьпіраторныя інфэкцыі — на 34,5%. Такую статыстыку падае галоўны санітарны ўрач краіны Валянціна Качан:

«Усяго за 11 месяцаў 2009 году зарэгістравана 3 мільёны 684 тысячы выпадкаў вострых рэсьпіраторных інфэкцый. Паказьнік захворвальнасьці — 38 412 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва».

Зараз эпідэмічная сытуацыя ў Беларусі ў норме, усплёску захворваньняў няма, чарговы эпідэмічны ўздым магчымы пры канцы студзеня. У той жа час статыстыка сьведчыць:

«Паводле стану на 13 студзеня з пачатку сэзону захворвальнасьці на вострыя рэсьпіраторныя інфэкцыі зьвярнулася па мэдычную дапамогу больш за 1 мільён чалавек, што ў 1,8 раза вышэй, чым за аналягічны пэрыяд летась».

На канкрэтнае пытаньне Радыё Свабода, колькі чалавек падчас восеньскага ўздыму эпідэміі перанесьлі пнэўманію, якая колькасьць памерла ад пнэўманіі і сьвінога грыпу, намесьнік міністра аховы здароўя Валянціна Качан адказала так:

«Што тычыцца статыстыкі, я хацела б, каб мы не сьпяшаліся сёньня. У студзені ўсе вобласьці здаюць справаздачы, і ўся статыстыка будзе пададзена пазьней. Я ня думаю, што ў нас будзе значна больш ускладненьняў, у тым ліку і пнэўманій, у параўнаньні з папярэднімі гадамі».

У разгар эпідэміі, 6 лістапада 2009 году, падчас online-канфэрэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі старшыня Камітэту па ахове здароўя Менгарвыканкаму Дзьмітры Піневіч паведаміў, што на той момант толькі ў шпіталях сталіцы знаходзілася больш за 1100 хворых на пнэўманію (крыху пазьней спадар Піневіч удакладніў, што ўсяго былі шпіталізаваныя 1266 чалавек з пнэўманіяй). Гэта, падкрэсьлім, толькі ў Менску. Паводле слоў намесьніка міністра аховы здароўя Валянціны Качан, перапрафіляваньне амаль двух дзясяткаў аддзяленьняў па 60-100 месцаў пад пульманалёгіі, аказваецца, звычайная зьява:

«Штогод абавязковым пунктам зьяўляецца перапрафіляваньне ложкаў на выпадак уздыму захворваньняў. І ў гэтым эпідсэзоне гэта было не выключэньнем, а гэтыя тыя захады, якія дазволілі не пакінуць ніводнага хворага на пнэўманію без аказаньня мэдычнай дапамогі».

Як паведаміла Валянціна Качан, зарэгістраваны ўздым мэнінгакокавай інфэкцыі ў лютым — сакавіку на 37%. Ёсьць рост і па тубэркулёзе — на 2,6%: паказьнік — 42,6 выпадка сухотаў на 100 тысяч насельніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG