Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску выбіраюць “Чалавека году 2009”


Рэдактар “ННВ” Сяргей Серабро
Рэдактар “ННВ” Сяргей Серабро

Вызначыць найбольш выбітную асобу шляхам інтэрнэт-галасаваньня прапанаваў сваім наведнікам сайт “Народныя навіны Віцебску”.


Рэдактар Сяргей Серабро кажа, што пра кожнага з прэтэндэнтаў цягам году на сайце распавядалася, і таму чытачы павінны пазнаць герояў публікацый.

Сьпіс тых, за каго рэдакцыя прапануе аддаць голас, складаецца зь пяці чалавек. Гэта апазыцыянэр Сяргей Белязека, які зьвярнуўся да А.Лукашэнкі з просьбай пазбавіць яго беларускага грамадзянства па палітычных матывах і атрымаў адмову. Наступны — старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец, які ў першы ж год свайго кіраўніцтва распачаў грунтоўную рэстаўрацыю ў Віцебску, прыватнасьці — загадаўшы зьнішчыць усе дрэвы на Плошчы Перамогі, што выклікала незадавальненьне гараджанаў. Кандыдатамі на званьне “Чалавека году” сталіся таксама Міхаіл Петухоў — бортынжынэр, арыштаваны за перавозку зброі, Аляксандр Рыбак — нарвэскі сьпявак, у якога ў Віцебску жыве бабуля, і Сяргей Харлан — капітан рыбалоўнага сэйнэра, які трапіў у палон да самалійскіх піратаў.

Інтэрнэт-галасаваньне будзе завершана ў апошні дзень месяца, і пакуль найбольш галасоў аддадзена за старшыню аблвыканкаму. Як вынікае з камэнтароў, папулярнасьць Аляксандру Косінцу прынёс ягоны пераўтваральніцкі энтузіязм — дзякуючы гэтаму некаторыя мясьціны Віцебску зьмяніліся да непазнавальнасьці. Праўда, наведнікі сайту ўпарта спрачаюцца, ці да лепшага гэтыя зьмены, ці да горшага.

Рэдактар “ННВ” Сяргей Серабро кажа, што нейкай адмысловай узнагароды для пераможцы не прадугледжана. Яго толькі павіншуюць на сайце і паведамяць усім вынікі спаборніцтва. У мінулым годзе “Чалавекам году” стала Міс Беларусь-2008 Вольга Хіжанкова, якая нарадзілася на Лепельшчыне. Першай беларускай прыгажуні прайграў Уладзімер Андрэйчанка, экс-старшыня Віцебскага аблвыканкаму, абраны старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG