Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін -- чалавек году Time


Амэрыканскі часопіс Time назваў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна “чалавекам году” ў 2007 годзе. Якія матывы гэтага рашэньня?


“Пуцін паказаў выключнае майстэрства ў кіраваньні краінай, якую ён прыняў у стане хаосу і прывёў да стабільнасьці” - тлумачыць рашэньне часопісу яго адказны рэдактар Рычард Стэнгэл. Ён кажа:

Стэнгэл: “За аднаўленьне расейскага прэстыжу і расейскай моцы, за тое, што ён зрабіў Расею здольнай адказваць на выклікі ХХІ стагодзьдзя Time зрабіў расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна “Чалавекам году” 2007”

Time аддаў перавагу расейскаму прэзыдэнту перад такімі кандыдатамі, як сёлетні ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, былы віцэ-прэзыдэнт ЗША Эл Гор, аўтарка эпапеі пра Гары Потэра Джоан Роўлінг і кітайскі лідэр Ху Цзінтао.

Традыцыя абіраць “чалавека году” была закладзеная ў Time ў 1927 годзе, калі ў бедны навінамі перадкалядны тыдзень журналісты прыдумалі пісаць пра самую яркую, ўплывовую асобу году.

Чалавек году -- ня значыць добры чалавек

Званьне “Чалавек году” часопіс у розныя гады надаваў такім асобам, як амэрыканскі прэзыдэнт Франклін Рузвэльт (тройчы), Ёсіф Сталін (двойчы), Адольф Гітлер, Махатма Гандзі, Мікіта Хрушчоў, Біл Клінтан, Лэх Валэнса, аятала Хамэйні і іншыя.

Ужо нават гэты набор асобаў паказвае, што “Чалавек году” – не абавязкова асоба, якая выклікае сымпатыі журналістаў Time. Гаворыць адказны рэдактар часопісу Рычард Стэнгэл.

Стэнгэр: “Чалавек году паводле вэрсіі Time – гэта не ганаровае званьне і не ўхвала. У лепшым выпадку гэта прызнаньне таго, што асоба найбольш уплывала – у лепшы ці горшы бок на падзеі ў сьвеце ў гэтым годзе”.

"Стабільнасьць коштам свабоды"

Супярэчлівасьць гэтай ролі расейскага прэзыдэнта адлюстраваная ў галоўным артыкуле Time, прысьвечанага “Чалавеку году” – “Парадак вышэй за свабоду”.

Часопіс адзначае, што пасьля крызысу 90-х апошнія 5 гадоў расейская эканоміка расла тэмпам 7% у год. Краіна заплаціла вонкавы доўг, які дасягаў 200 мільёнаў даляраў, “новыя рускія” сталі багацейшымі, нават да непрыстойнасьці, але палепшылася і жыцьцё простых людзей – з 2003 году заробкі ў Расеі падвоіліся.

Аднак Time нагадвае, што Пуцін вярнуў Расеі стабільнасьць і статус усясьветнай дзяржавы, здушыўшы прынцыпы і ідэі свабоды. Адзначаецца, што ягоны ўрад зачыняў тэлестанцыі і газэты, кідаў у турму бізнэсоўцаў, чые багацьце і ўплыў кідалі выклік Крамлю, душыў палітычную апазыцыю. “Пуцін зусім не дэмакрат – піша Time, ён выступае за стабільнасьць, стабільнасьць коштам свабоды”.

“Ці стане ён рэфарматарам ці аўтакратам, які верне Расею ў эпоху рэпрэсій, мы даведаемся на працягу наступнага дзесяцігодзьдзя” – піша часопіс.

Ці сапраўды Расея стабільная?

Time ў гэтым жа нумары друкуе велізарнае інтэрвію з расейскім прэзыдэнтам , які ў прыватнасьці гаворыць ў ім наступнае:

Пуцін: “У апошнія гады нам казалі: “Мы чакаем вас , мы хочам прыняць вас у нашу цывілізаваную заходнюю сям’ю”. Перш за ўсё, а чаму вы вырашылі , што ваша цывілізацыя з’яўляецца лепшай?”

Некаторыя экспэрты, ня ставячы пад сумнеў тое, што Расея пры Пуціне адышла ад прынцыпаў свабоды, не ўпэўненыя ў выснове Time, што такой цаной у Расеі была дасягнутая стабільнасьць. На іх думку ўяўная стабільнасьць была забясьпечаная імклівым ростам цэнаў на энэрганосьбіты напачатку стагодзьдзя, паводле гэтых экспэртаў згортваньне дэмакратыі і падаўленьне незалежных галасоў прывяло да рэзкага росту карупцыі ў Расеі. Да таго ж на іх думку надзвычайнае ўзмацненьне інстытута прэзыдэнцкай улады за кошт дэградацыі ўсіх астатніх дзяржаўных і грамадзкіх інстытутаў робіць Расея ня надта ўстойлівай краінай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG