Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Time”: чалавек году – гэты вы!


Ганна Соўсь, Прага Амэрыканскі часопіс "Time" згодна з даўняй традыцыяй назваў чалавека году. Па вэрсіі рэдакцыі, “чалавекам году” можа лічыць сябе любы карыстальнік інтэрнэту – “грамадзянін новай лічбавай дэмакратыі”.

Апошні сьнежаньскі нумар выданьня выйшаў пад загалоўкам “Чалавек году – гэта вы”. На яго вокладцы намаляваная белая клявіятура і экран кампутара, у паверхні якога кожны чытач зможа ўбачыць свой твар.

“Калі вы выбіраеце пэўнага чалавека, вы павінны растлумачыць, як ягоная асоба ўплывае на мільёны іншых людзей. Але, калі вы выбіраеце мільёны людзей, вы не павінны гэтага нікому тлумачыць”, – кажа нядаўна прызначаны рэдактар "Time" Рычард Стэнгэл.

Паводле яго, рэдакцыя склала сьпіс з 26 “значных людзей” 2006 года – ад Кім Чэн Іра да папы Бэнэдыкта XVI. Як прызнаўся сам Стэнгэл, калі б усё ж прыйшлося выбіраць кагосьці пэўнага, то ён спыніўся б на прэзыдэнце Ірану Махмудзе Ахмадзінэжадзе.

Аднак менавіта сярэдні жыхар плянэты, паводле часопісу, у 2006 годзе стаў асабіста датычны да кантролю над глябальнымі сродкамі масавай інфармацыі. Амэрыканскі часопіс аддаў належнае сваёй аўдыторыі за тое, што яна “ўзяла ў свае рукі кіраваньне ўсясьветнымі сродкамі інфармацыі” і напаўняе зьместам віртуальны сьвет інтэрнэту.

Як піша "Time", аддаючы ўзнагароду зборнаму вобразу, а не асобнаму чалавеку, ён падкрэсьлівае, як інтэрнэт зьмяніў балянс сіл у сьвеце – з дапамогай блогаў, відэа і сацыяльных сетак.

Часопіс адзначае, што такія вэб-сайты, як YouTube, Facebook, MySpace і Wikipedia, дазваляюць карыстальнікам інтэрактыўна кантактаваць, загружаць свае відэакліпы, спасылкі, фотаздымкі.

Гэта ня першы выпадак, калі "Time" адыходзіць ад традыцыі і выбірае “чалавекам году” не якую-небудзь пэўную пэрсону. Так, у 1966 годзе гэты тытул надалі пакаленьню тых, каму на той момант ня споўнілася 25 гадоў; у 1975 годзе “чалавекам году” сталі жанчыны Амэрыкі, а ў 1982 – кампутар.

"Time" прысуджае сваю штогадовую ўзнагароду з 1927 году. Летась людзьмі году былі названыя заснавальнік "Microsoft" Біл Гейтс, ягоная жонка Мэлінда і рок-зорка Боно, у 2004-м – прэзыдэнт ЗША Джордж Буш, а годам раней – зборны вобраз амэрыканскага салдата.
XS
SM
MD
LG