Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зловіш котку — жаданьне спраўдзіцца


Напярэдадні тады новага, а цяпер ужо старога 2009-га году я напісаў эсэй пад красамоўным загалоўкам: «Новы год памёр». У якім спрабаваў вытлумачыць досыць шырока распаўсюджанае адчуваньне, што з Новым годам НЕШТА НЯ ТАК. Зь яго неўпрыкмет выветрыўся сьвяточны дух. Ён нібыта перастаў быць сакрамэнтальным момантам у жыцьці грамадзтва, таму значна панізіўся градус чаканьняў, зьвязаных зь ім.

(Падгледжана ў zmagarka)


Апроч таго, што «раней і трава была зелянейшая», я знайшоў яшчэ колькі прычынаў дэвальвацыі Новага году ў параўнаньні з савецкімі часамі:


1) Савецкі Новы год не ў апошнюю чаргу быў сьвятам страўніка. Шмат якія стравы і прысмакі, што зьяўляліся на навагоднім стале, зьяўляліся ў жыцьці савецкага чалавека раз на год. Скажам, упершыню я пакаштаваў глязураваныя сыркі менавіта за сьвяточным навагоднім сталом. Узяць той жа часта згадваны «пах мандарынаў» — наўрадці ён нагэтулькі моцна ўрэзаўся б у памяць, калі б мандарыны былі даступныя круглы год, як цяпер. Сёньня зьнік магічны савецкі панятак «дэфіцыту», таму, праз сваю пастаянную наяўнасьць у крамах, нават дэлікатэсы страцілі свой сакральны статус.


Новая сытуацыя прынесла новы павеў — гастранамічны мінімалізм. Блогерка dolka777 прапануе сваім чытачкам спакайней ставіцца да сьвятаў і да Новага году ў прыватнасьці. Не надрывацца, арганізуючы стол (пасьля чаго ненавідзіш сваіх гасьцёў), а ўзяць чатыры батоны белага хлебу, два пачкі масла, гарбату і цукар. «Хлеб кладзецца на стол — госьці самі сабе робяць бутэрброды. Сумаваць пры гэтым або радавацца, сьвяткаваць або бразнуць дзьвярыма, танчыць або дзьмуцца — вольны выбар вольнага чалавека».


«Цалкам падтрымліваю» — адказала irishab — «Прапаную стварыць грамадзкую арганізацыю «Сьвята — для людзей, а ня людзі для сьвята».


2) Праз адсутнасьць у Савецкім Саюзе «начнога жыцьця», ноч, як мне падаецца, павінна была быць містычным часам для савецкага абываталя. Усе астатнія ночы ён пакорліва спаў, болей няма чаго было рабіць, ня ведаючы, што адбываецца зь сьветам начной парой. І сам факт начнога сьвяткаваньня дадаваў Новаму году спакусьлівасьці.


Ноч даўна перастала быць зваблівай таямніцай. Таму навагоднюю ноч цяпер наадварот модна праводзіць у сьне. Прынамсі, калі Ася Паплаўская і

cykera4ka, не згаворчваючыся, напісалі, што зьбіраюцца спаць на Новы год, у іх знайшлося нямала пасьлядоўніцаў і пасьлядоўнікаў.


3) Новы год заставаўся ці не адзіным калектыўным сьвятам савецкіх людзей, якое не было спушчана зьверху. З-за чаго ўспрымаўся як аддуха ў сьвеце афіцыёзу. У наш час сфэра ўладнага кантролю нібыта звузілася да палітычнай прасторы. Улада стаіць у старонцы і нікога ні да чаго не прымушае — пакуль ня сунешся ў палітыку. Адпаведна, адпала неабходнасьць у адмысловых аддухах.


Зрэшты, сёньняшнія ўлады якраз актыўна імкнуцца прымазацца да Новага году і «ўзначаліць» яго. Ладзяць навагоднія парады, якіх не было ў савецкія часы, і віншуюць, віншуюць, віншуюць.


«Ведаеце, за што я не люблю гэтыя сьвяты?» — піша dobroelekarstvo, які не сьвяткуе Новага году, таму што ня ўмее «штучна ўздымаць настрой» — «За тое, напрыклад, што вось ужо больш за тыдзень штораніцы і штовечар, калі я еду на працу і назад, савет народных дэпутатаў і яшчэ там хтосьці сардэчна віншуюць мяне са сьвятамі — мядовым жаночым голасам пад бразгат джынгл-бэлз — кожны раз абсалютна аднолькава. І ў тралейбусе, і ў трамваі, і ў мэтро. Нікуды не схавацца ад гэтых віншаваньняў. Пакуль дахаты дабярэшся, разоў шэсьць выслухоўваеш. За што, за якія такія страшныя грахі, Пане, мне дадзена гэтае жудаснае катаваньне? За што?»


Блогер atmoravi у суполцы minsk_by абураецца тым, што апошнім часам чуе ў транспарце сьвяточныя віншаваньні ад грамадзкай арганізацыі «Белая Русь». Яго турбуе пытаньне, «наколькі легальна выкарыстоўваць дзяржрэсурс грамадзкага транспарту для напампоўкі свайго брэнду». Яно нібыта і легальна — заплаціў грошы і віншуй. Але, як слушна заўважыў veter_r_r: «Сумняваюся, што калі б БНФ, напрыклад, нават заплаціў грошы, яму б дазволілі падобныя віншаваньні».


Праз гэта Новы год атрымлівае нейкі зьмярцьвелы налёт афіцыйнасьці.


4) Выключнасьць Новага году падарвала спажывецкая эканоміка, падставовыя прынцыпы якой — «паддацца спакусе», «дазволіць сабе крыху лішняга», «атрымаць асалоду», «усё і адразу» і да т.п. — гэта прынцыпы сьвята, а ня будняў. Калі ж сьвята становіцца зашмат, яно непазьбежна робіцца дакучлівым.


«Пачалі ўжо абтэлефаноўваць сябры, віншаваць, гляджу, што ва ўсіх нейкая дэпрэсія і апатыя... Дзіўна, раней зімовыя сьвяты ўспрымаліся з радасьцю і дзіцячай непасрэднасьцю, хваляваньнем і шчасьлівымі ўспамінамі... а зараз зусім па-іншаму...» — распавядае hryscia.


5) У адрэгуляванай і прадказальнай савецкай сьветабудове, у якой рэчаіснасьці належала працякаць «як паложана», Новы год заставаўся своеасаблівай «кропкай біфуркацыі», калі можна было чакаць неспадзяванай зьмены лёсу, што адлюстравана ў вядомым фільме Эльдара Разанава.


Цяпер у грамадзтва няма адзінай часавай прасторы, арганізаванай па строгіх законах, абавязковых для ўсіх. У адрозьненьне ад палітычнай сфэры, часавая прастора па-сапраўднаму плюралізавалася. І Новы год набыў, скажам так, факультатыўны характар.


Што пацьвярджае alyrik, паўстаючы супраць «таталізаванай матрыцы каляндара»:


«Новы год ніколі ня новы, ён толькі наступны, як і новы наступны дзень. „Новы год“ нічога не сымбалізуе, гэта самае штучнае і ўмоўнае сьвята, якому нічога не адпавядае ў пазакаляндарнай рэальнасьці. Фактычна да зьмены дзён і зводзіцца патас гэтага сьвята, але ж ён працягвае штучна разьдзьмувацца сродкамі прымусовай камунікацыі да патасу глябальнага сымбалічнага абнаўленьня, за якім нічога якасна новага не стаіць: нягледзячы на нашыя чаканьні, нічога не абнаўляецца, акрамя лічбаў на каляндары... „Новы год“, як і ўсе астатнія „сьвяты“, як і каляндар у цэлым, пазбаўляе жыцьцё майго арганізму права ўсталёўваць свае правілы, зыходзіць зь сябе, з свайго стану, са стану прыроды. Каляндар прыўносіць звонку лішнюю неабходнасьць, каляндар ёсьць таталізавальнай матрыцай, якая спараджае ў сьвядомасьці аналягічны спосаб мысьленьня. Год майго календара роўны майму жыцьцю, дзень народзінаў у мяне быў толькі адзін раз. І калі карыстацца такім календаром, то можна сказаць, што ўсё маё жыцьцё і любое іншае жыцьцё — гэта адзіны і суцэльны новы год, які працягваецца ад дня народзінаў да дня сьмерці. Мой каляндар — гэта вызваленасьць ад каляндара!»


(Аўтар zmicierbielapol, зьмешчана ў суполцы by_demotivators)


Зрэшты, зараз я б не напісаў, што «Новы год памёр». Бо адчуваю прызабытае пераднавагодняе трымценьне. І ня толькі з прычыны зьменаў ва ўласным жыцьці, якія дазваляюць мне з троху большым аптымізмам глядзець у будучыню. Выглядае на тое, што ў Беларусі скончылася эпоха могілкавай стабільнасьці. «Лёд зрушыўся». Не бяруся прагназаваць, якім чынам будуць разьвівацца падзеі, але дакладна можна сказаць, што «як заўсёды» ужо ня будзе. Гэтая непрадказальнасьць будучага году ўсё-ткі робіць яго па-сапраўднаму новым.


Хаця далёка ня ўсе падзяляюць маё меркаваньне. Мікалай Ачыжа — адзін з наймаладзейшых блогераў, бо ягоны журнал створаны ўсяго тыдзень таму і адзін з найстарэйшых па ўзросьце — нічога новага ад новага году не чакае:


Калі парад планет — зьява ўсё-ткі рэдкая, то ад зімовага параду сьвятаў не ўцячы, ён прыходзіць штогод. І хочаш — ня хочаш міжволі будзеш думаць, а чаго ты чакаеш ад наступнага году, чаго ты пажадаеш сабе і блізкім? Узьнікае сумная думка, што ўжо нічога новага ты ня зловіш, а жадаць нечага новага, атрымліваецца, маніць самому сабе. Справа ня ў шчасьці, не ў фізычнай моцы, ня ў посьпехах і ўдачах. Справа ў чаканьні вялікіх пераменаў.


Пятнаццаць гадоў таму лёс нам моцна стукнуў у нашу дэмакратычную нюхаўку. Па дэмакратычных правілах. Думалася, нічога, пройдзе год, два, ну, няхай сабе, чатыры, пяць, — і ўсё ўсталюецца... Прыйдуць тыя, каму верыш, каму захочаш паціснуць руку, запрэгчыся ў адны аглоблі.


Спадзяванні былі пустымі. І цяпер, напярэдадні 2010 году, шанцы дачакацца дамы Дэмакратыі мізэрныя. У 1994 годзе многія з такіх, як я, думалі, што фартуна гуляе на нашым баку, бо мы ж за праўду, за справядлівасьць, за беларускую дзяржаву...»


Далей спадар Мікалай выказвае сваю вэрсію прычынаў паразы апазыцыі, якая расьцягнулася на столькі гадоў:


«Адзін мой знаёмы любіць паўтараць: трэба менш sprechen, больш machen. Нашая агульная бяда ў тым, што мы ня ўмеем нічым асабістым ахвяраваць. Дапусьцім, а) прадаць кватэру, зьняць пакой, а грашовую розьніцу пусьціць на стварэньне партыі, газэты (мы ўсё чакаем дапамогі аднекуль); б) пайсьці пешкі ад Хоцімска да Воранава з наведваньнем калгасаў, хат, бібліятэк (не, лідэры любяць перамяшчацца па краіне камфортна); в) прывесьці сваю партыйку ў склад іншай; г) прапанаваць іншаму, давай, я на цябе папрацую... Дапусьцім, што гэта падобна на дзіцячыя фантазіі. Але тое, што мы бачым у палітычным жыцьці, шмат страшней, чым мае фантазіі».


(Падгледжана ў mikola_a)


Алесь Чайчыц, характаразуючы «нулявыя» як «дзесяцігодзьдзе расчараваньня», таксама ня надта верыць у магчымасьць пераменаў:


«З моманту дзяржаўнага перавароту 1996 г. прайшло 13 гадоў. За гэты час вырасла цэлае пакаленьне беларусаў — чарговае пакаленьне людзей з савецкай мэнтальнасьцю, хаця самога Савецкага Саюзу ўжо хутка дваццаць гадоў як няма. Трэба нагадаць, як праз трынаццаць гадоў пасьля сканчэньня нацысцкай акупацыі Беларусі і аднаўленьня акупацыі савецкай быў 1957 год. Да таго часу антысавецкі партызанскі рух у Беларусі ды ў іншых рэспубліках СССР амаль канчаткова заціх, не ў апошнюю чаргу, відаць, праз тое, што грамадзтва ўсьвядоміла, што савецкая ўлада прыйшла надоўга. Тое ж самае можна канстатаваць і ў сучаснай Беларусі — па стомленасьці, дэмаралізаванасьці і расколе апазыцыі, па тым, што грамадзтва залезла ў звыклую для сябе шкарлупіну, пачало займацца выключна ўласным прымітыўным выжываньнем і нават эканамічны крызіс не спрыяе пратэставым настроям...».


Пасьля прагляду фільму «Тэрмінатар-2», зьнятага 18 гадоў таму, «калі тата Колі яшчэ ня быў ні татам Колі, ні першым чалавекам пупка Эўропы», fat1901 вырашыў, што:


«Насамрэч, ничога не мяняецца, акрамя паказаньняў каляндара і гадзіньніка. Гэтыя 18 з гакам гадоў праляцелі, нібыта галубы над плошчай Перамогі, пакінуўшы крышачку гною і пачуцьцё марнасьці чаканьня ЧАГОСЬЦІ. Наступныя 18 з паловай гадоў, стоадсоткава, пазаганяюць кагосьці зь блізкіх сваякоў пад зямлю, абдзяруць рэшткі маладосьці з маладых і ня зробяць нас шчасьлівымі. Зрэшты, і маё ныцьцё ніякім чынам ня зробіць нас шчасьлівымі. Не пераймайцеся».


Найбольш радыкальны пэсімізм прадэманстраваў mikola_a:


«Можаце лічыць мяне параноікам, але я пэўны: канец цывілізацыі ўсё бліжэй. Кожны год — крок у прорву. Сьвята сьвятам, а забываць пра гэта ня варта. Падрыхтуйце парашут або падкладзіце саломы...»


(Малюнак зьмясьціў у сваім блогу revsocialist у якасьці ілюстрацыі да допісу пад назвай «Віншуем зь яшчэ адным годам наёмнага рабства!», дзе паведамляецца, што «праца забівае два мільёны чалавек штогод, 270 мільёнаў чалавек штогод атрымліваюць траўмы на вытворчасьці і каля 160 мільнаў чалавек пакутуюць хранічнымі прафэсійнымі захворваньнямі).


І ўсё-ткі не перавяліся яшчэ аптымісты ў беларускай блогасфэры. Падводзячы вынікі 2009-га году, lipski напісаў: «Мы яшчэ жывыя, маем сваю краіну і робім пляны на будучае». Ільля Заранок пайшоў яшчэ далей: «Веру, 2010-ы год будзе лепшым за папярэднія для кожнага з нас!» Пажадаўшы ўсім «кідацца ў незаплянаваныя прыгоды й не пужацца выпрабаваньняў — загартоўвае», _tarka_ сказала: «Я веру ў новы год, і хоць гэта ўсяго толькі дата, але ёсьць нешта казачнае ў ночы з 31 сьнежня на першае студзеня».


Давайце і мы паверым. Бо вера, кажуць, здольная рухаць гарамі.

(Гэта найперш вас тычыцца, таварышы мужчыны. Дачытвайце агляд і адліпайце ад экранаў кампутараў, ідзіце дапамагаць сваім жонкам, якія гатуюць сьвяточную вячэру, каб яны не валіліся з ног, калі надыдзе час сядаць за стол.)


Паколькі Каляды ня скончыліся і будуць працягвацца яшчэ два тыдні, раю вам прачытаць у блогу ikuzminich «Кароткі дапаможнік калядоўшчыка». А таксама прыслухацца да пажаданьня блогеркі krasnapolskaia «увайсьці ў новы год з добрымі справамі». На сайце Help-Me.by можна ўбачыць сьпіс тых, каму патрабуецца тэрміновая дапамога.


А пакуль тое, прапаную вам паспрабаваць злавіць котку. Яна сваячка тыгра, таму можна загадаць жаданьне: злаўлю — спраўдзіцца, не — паспрабую злавіць яшчэ раз. А калі ўсё роўна нічога не атрымаецца, згадаць, што ўсё гэта дурыкі адно і для спраўджваньня мараў патрэбнае штосьці іншае:



(За гульню дзякую блогеру lipkovich)


Да сустрэчы ў новым дзесяцігодзьдзі!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG