Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка мяняе кашулю”


Заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт зьменаў у выбарчае заканадаўства камэнтуюць апазыцыйныя палітыкі з рэгіёнаў, якія бралі ўдзел у папярэдніх выбарчых кампаніях.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


На Магілёўшчыне стаўленьне ўдзельнікаў мінулых выбарчых кампаніяў да ўхваленых Лукашэнкам зьменаў выбарчага заканадаўства неадназначнае. Разам з тым кандыдаты ў дэпутаты прызнаюць, што ўдзельнічаць у выбарах будуць, бо ўсё залежыць ад выбарцаў.

Няроўны: “Ёсьць клясычныя моманты пераменаў, і яны, я думаю, не абмінуць урэшце й Беларусь”.


Удзельнік выбарчых кампаніяў ад 1995 году крычаўскі журналіст і актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Няроўны ня ўпэўнены, што зацьверджаныя зьмены ў Выбарчы кодэкс гарантуюць справядлівую выбарчую канкурэнцыю кандыдатаў у глыбінцы. Ён сумняваецца, што ў камісіі дапусьцяць незалежных прадстаўнікоў. Але ўдзельнічаць у выбарах ён будзе:

Ёсьць клясычныя моманты пераменаў, і яны, я думаю, не абмінуць урэшце й Беларусь.
“Нам ёсьць з чым ісьці да людзей і што сказаць людзям. Калі мы будзем насамрэч папулярныя, то ўлада ня зможа знайсьці тых людзей для камісіяў, якія будуць хлусіць. Можа дапамагчы незалежным кандыдатам і тое, што сытуацыя ў эканоміцы будзе горшаць. Ёсьць клясычныя моманты пераменаў, і яны, я думаю, не абмінуць урэшце й Беларусь”.

Сілкоў: “Трэба будзе скарыстоўваць заяўны прынцып на агітацыю”.


Аляксандар Сілкоў
Намесьнік старшыні аргкамітэту па стварэньні Партыі свабоды й прагрэсу Аляксандар Сілкоў лічыць, што прапанаваныя зьмены выбарчага заканадаўства — гэта лепш, чым іх поўная адсутнасьць:

“Мясцовыя выбары — гэта апрабаваньне сыстэмы. Лукашэнка кідае выклік апазыцыі. Яны ўпэўненыя, што цяпер наагул ня будзе кандыдатаў. Мы павінны захопліваць пляцдармы й правяраць яе ў дзеяньні. Там ёсьць вельмі важны пункт аб тым, што ўсе мерапрыемствы павінны праходзіць паводле заяўнага, але не дазваляльнага характару. Гэта дазваляе падчас выбарчай кампаніі кандыдатам ад апазыцыі працаваць з насельніцтвам”.

Таісія Кабанчук: “Лічу, што зьмены пакуль касмэтычныя”


Таісія Кабанчук
Каардынатарка незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Таісія Кабанчук з Бабруйску ўдзельнічала ў мясцовых выбарах 2005 году. Балятавацца яна зьбіраецца й на наступных выбарах. Прапанаваныя зьмены ў выбарчае заканадаўства яна лічыць касмэтычнымі:

“Колькі я ні старалася знайсьці ў гэтым нейкі крок наперад — я не змагла. Яму ж трэба грошы ад Захаду, бо Расея болей не дае. Трэба цяпер столькі ж вадзіць за нос Захад, колькі ён вадзіў Расею. Партыя прыняла рашэньне ўдзельнічаць у выбарах, каб расказаць людзям пра Беларускую хрысьціянскую дэмакратыю. Акрамя таго, я буду ўдзельнічаць дзеля таго, каб дапамагчы новым маладым людзям, якія ня страцілі сілаў і надзеяў”.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Юры Істомін камэнтуючы выказваньні Аляксандра Лукашэнкі наконт рэалізацыі прапаноў пра дэмакратызацыю выбарчага заканадаўства, зазначае:

Юры Істомін: “Заявы нібыта рэвалюцыйныя, а насамрэч — пустыя”


Юры Істомін
“Што датычыць сутнасьці заяваў, то на беларускім палітычным рынку яны выглядаюць рэвалюцыйнымі. Праўда, ён прапануе ствараць выбарчыя камісіі на траціну з прадстаўнікоў палітычных партый, але гэта ня нова. У камісіі і так уваходзілі прадстаўнікі камуністычнай партыі, аграрнай, але ўсё было зроблена так, каб там не было сябраў апазыцыйных партый.

Па працэдуры рэгістрацыі кандыдатаў па тых акругах, дзе адсутнічаюць першасныя арганізацыі партый — гэта нармальная норма. Што датычыць правядзеньня масавых мерапрыемстваў падчас выбарчай кампаніі — таксама нармальная зьмена. Я лічу, што дагэтуль занадта забюракратызаваны працэс падачы заявак на правядзеньне акцый, і гэта ўсё залежыць ад мясцовых уладаў: дазволяць — не дазволяць.

Пра выбарчыя фонды прапанова таксама слушная, паколькі за 20—30 даляраў, што выдаткоўвала камісія, немагчыма было надрукаваць нават улёткі.

Усё гэта фактычна набліжае нас да дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Але галоўнае, каб гэтыя зьмены былі ня проста запісаныя ў законе, а дзейнічалі на практыцы”.

Іван Шэга: “Самае галоўнае ў нашым выбарчым працэсе — падлік галасоў”


Іван Шэга
Кіраўнік слонімскай раённай арганізацыі БНФ “Адраджэньне” Іван Шэга, які ўдзельнічаў у парлямэнцкіх выбарах у мінулым годзе.

“Самае асноўнае ў нашым выбарчым працэсе — падлік галасоў. Калі Ярмошына казала, што ў склад камісій будуць уведзены прадстаўнікі палітычных партый, то Лукашэнка гэта неяк усё дэзавуяваў, маўляў, усё будзе вырашацца на мясцовым узроўні. А як гэта вырашаецца на мясцовым узроўні на нечы погляд, мы ўжо добра ведаем.

Другое тычыцца наглядальнікаў. Калі мова ішла пра тое, што трэба неяк зьмяніць іх правы, то Лукашэнка фактычна ўсё гэта адмёў: маўляў, вырашаць таксама будуць старшыні выбарчых камісій на месцах. Ну мы ж бачылі, як яны гэта вырашаюць… А гэта азначае, што падлік галасоў фактычна застаецца такі, які і быў. Усё астатняе тады ня мае значэньня.

Пазытыў у тым, што, магчыма, лягчэйшай стане рэгістрацыя кандыдатаў, бо ісьці і зборам подпісаў, і вылучэньнем праз калектывы было дастаткова складана. Думаю, што, напэўна, рэгістраваць яны будуць болей людзей, але ўсё гэта зьнікне падчас падліку галасоў. Таму ніякіх асаблівых зьменаў не чакаю, паколькі вопыт мінулых выбараў пра гэта сьведчыць. А я асабіста ў іх удзельнічаў”.

Алесь Дзергачоў: “Выбарчая прафанацыя захаваецца”


Алесь Дзергачоў
Праваабаронца са Смаргоні Алесь Дзергачоў: “На мой погляд, станоўчае ў тым, што зьявіцца магчымасьць вылучэньня кандыдатаў ад партый незалежна ад наяўнасьці зарэгістраваных мясцовых структураў. А вось што тычыцца падліку галасоў участковымі камісіямі, то агучаная інфармацыя сьведчыць, што выбарчая прафанацыя захаваецца. Паколькі няма абавязку ўключаць у камісіі апазыцыйныя партыі, а камуністаў і аграрыяў, лібэрал-дэмакратаў — я лічу праўладнымі. Потым, як заўсёды, улада будзе казыраць тым, што гэта апазыцыя і месца ім у саветах гарантавана. А прадстаўнікі БНФ ці АГП ізноў апынуцца на задворках. Таму агучаныя нібыта зьмены ў Выбарчы кодэкс, лічу, свабодных выбараў у нашай краіне не гарантуюць”.

ВІЦЕБШЧЫНА


Лера Сом: “Я ня веру, што нешта кардынальна зьменіць нашу сытуацыю”


Лера Сом
Полацкая настаўніца Лера Сом, сябра Сойму Партыі БНФ, брала ўдзел у пазамінулых парлямэнцкіх выбарах і ў апошніх мясцовых.

“Па-першае, яшчэ нічога не зацьверджана. І шмат будзе залежаць ад таго, у якіх канкрэтна фармулёўках усё гэта прымуць. А па-другое, я ня пэўная, што ўсё гэта кардынальна зьменіць нашу сытуацыю. Ну, наконт таго, што траціну выбарчых камісій будуць прадстаўляць сябры партый ці грамадзкіх аб’яднаньняў? І дагэтуль у камісіях былі прадстаўнікі БРСМу ці “Белай Русі”, і цяпер будуць — з прадзяржаўных партый ды арганізацый. Думаю, наўрад ці ў камісію трапяць прадстаўнікі апазыцыйных партый ці рухаў. А да таго, што тэрмін падачы скаргаў падоўжаны, дык гэта абсалютна тая рэч, якая нічога не вырашае. Я калі захачу, і ў той самы дзень магу пасьпець любую скаргу падаць!”

Леанід Аўтухоў: “Лукашызм зьмяніў кашулю, цяпер яна нібыта сьветлага колеру”


Леанід Аўтухоў
Старшыня Гарадоцкай суполкі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў зьбіраецца балятавацца ў дэпутаты на бліжэйшых мясцовых выбарах. Хаця таксама ня лічыць, што прапанаваныя зьмены ў выбарчым заканадаўстве істотна паўплываюць на выбарчы працэс:

“Нічога новага я для сябе на знайшоў у гэтых зьменах — проста лукашызм зьмяніў кашулю, цяпер яна нібыта больш сьветлага колеру. А пад кашуляй засталося ўсё тое самае. Усе фальсыфікацыі, я лічу, робяцца падчас датэрміновага галасаваньня. Таму, каб хацелі зрабіць выбары больш сумленнымі, дастаткова было б усяго трох зьменаў у заканадаўстве. Па-першае, памяняць склад Цэнтравыбаркаму. Па-другое, адмяніць датэрміновае галасаваньне. Па-трэцяе, падлічваць бюлетэні ўголас. І ўсё! Больш нічога ня трэба”.

Ірына Яскевіч: “Тое, што прапануецца, ня ёсьць лёсавызначальнае”


Ірына Яскевіч
Віцебская прадпрымальніца Ірына Яскевіч, якая на мінулых парлямэнцкіх выбарах балятавалася па Чкалаўскай выбарчай акрузе, не зьбіраецца больш у кандыдаты. Бо ня лічыць, што прапанаваныя зьмены насамрэч нешта гарантуюць кандыдату “ад апазыцыі”:

“Тое, што прапанавана зьмяніць, не зьяўляецца нечым лёсавызначальным! Напісана там усё агульнымі словамі. Маўляў, вось будуць партыі вылучаць сваіх кандыдатаў, нават калі не зарэгістравана мясцовая суполка. Ну і што? Раней людзі ў такім выпадку зьбіралі подпісы і ўсё адно вылучаліся. І ці ня лепей было б зарэгістраваць усе партыйныя суполкі, якія таго хочуць? Гэта было б больш слушна. А ўжо тое, што скрыні для галасаваньня будуць ахоўваць больш пільна ды больш дбайна, увогуле выклікае пытаньне: ад каго іх будуць так ахоўваць ды навошта?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG