Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі гісторык: “Невядома, калі ўсходнія і заходнія немцы стануць аднолькавымі”


9 лістапада — 20-годзьдзе падзеньня Бэрлінскага муру. Гэтая гістарычная падзея выйшла далёка за межы адной дзяржавы. Яднаньне Заходняй і Ўсходняй Нямеччыны стала сыгналам для дэмакратычных пераўтварэньняў у іншых краінах савецкага блёку. Што значыць развал бэрлінскіх муроў для Беларусі, якая атрымала незалежнасьць ад Масквы не без штуршка з Бэрліну?

Хоць пасьля падзеньня Бэрлінскага муру мінулі два дзясяткі гадоў, разьяднанасьць усходняй і заходняй частак Нямеччыны адчуваецца дагэтуль. Як кажа Імке Гансэн, гісторык з унівэрсытэту Гамбургу, заходнія немцы нярэдка ўспрымаюць усходніх суродзічаў як людзей другога гатунку. На думку экспэрта, цяжка нават прагназаваць, колькі пакаленьняў павінна зьмяніцца, каб сытуацыю выправіць:

“Канечне, ёсьць шмат стэрэатыпаў. Захад дагэтуль успрымае Ўсход як пэрыфэрыю. Маўляў, у іх там не такое разьвіцьцё, яны не такія модныя і г.д. Штосьці такое прысутнічае. Канечне, усходнікаў прымаюць як немцаў, але глядзяць на іх крыху зьверху — ня толькі як на дзяцей, але часам і як на людзей другога сацыяльнага клясу”.

Карэспандэнт: “У прынцыпе, такая сытуацыя ўрэшце павінна выправіцца. Колькі, на ваш погляд, часу на гэта можа пайсьці?”

“Вельмі складанае пытаньне. Ведаеце, я гісторык, але наконт будучыні нават нічога не магу сказаць. Думаю, што патрэбен ня толькі час, патрэбныя яшчэ пэўныя высілкі. Неабходна, каб самі людзі стараліся зьмяніць сытуацыю. Я вельмі задаволеная, калі бачу, што ў стасунках паміж маімі сябрамі ні я, ні хтосьці іншы не акцэнтуе, хто з захаду, а хто з усходу. Ну, жартуюць часам, але для нас гэта ўжо ня тэма. І такі працэс таксама павінен дайсьці да іншых колаў людзей. Але яшчэ раз паўтару: гэта ня проста час робіць, а сытуацыя вымагае пэўнай актыўнасьці. Больш трэба цікавіцца становішчам людзей на ўсходзе, іхнымі праблемамі, неабходна больш дапамагаць усходу эканамічна. Каб людзі, якія там жывуць, мелі пэрспэктыву”.

Адзін зь першых амбасадараў незалежнай Беларусі быў прызначаны менавіта ў Нямеччыну. Пётра Садоўскі, дасьледчык-германіст, узначаліў беларускае дыпляматычнае прадстаўніцтва ў Фэдэратыўнай рэспубліцы праз 2,5 гады пасьля гістарычнага яднаньня немцаў. Значэньне той падзеі ён аналізуе з вышыні сёньняшняга дня:

“Натуральна, што гэта надало вельмі станоўчы імпульс усім краінам, гэта абсалютная праўда. Было зразумела, што сьвет ужо варочаецца ў пэўны бок, што камуністычнай сыстэме кірдык. І хоць спадзяваньні былі ня надта ружовыя (бо высьветлілася, што ня ўсё так проста), але, безумоўна, гэта быў знак для ўсёй Эўропы”.

Карэспандэнт: “Зараз па тэлебачаньні выступае шмат экспэртаў, і бальшыня схіляецца да думкі: яшчэ за 2—3 месяцы цяжка было нават уявіць падобнае разьвіцьцё падзеяў…”

“Мне здаецца, што тут ніякай містыкі няма. Хоць дзівяць тыя самыя немцы, якія не заўсёды ў гэтым зьвязку ўзгадваюць прозьвішча Гарбачова. Вядома, яны надалі яму ўсялякі гонар, прэміі і ўсё астатняе, але паколькі войскі стаялі, не было загаду з Масквы страляць, то няхай немцы асабліва ня хваляцца. Яны бурлілі, мелі ўсялякія арганізацыі, дэманстравалі, але яны законапаслухмяныя. Галоўнае, што па іх не стралялі. Каб стралялі, дык усё трошкі было б ня так. Зь іншага боку, ніхто не чакаў, што Савецкі Саюз пагодзіцца так хутка на вывад войскаў. Бо гаворка ішла пра тое, што будзе нейкі пераходны пэрыяд: называлася 5 гадоў, нават 10, казалася пра нейкую Канфэдэрацыю дзьвюх Германій, але раптам здарылася ажно так. Пэўная нечаканасьць была, але ў прынцыпе містыкі тут няма ніякай”.

Партыйны дзеяч Яфрэм Сакалоў падчас руйнаваньня Бэрлінскага муру ў 1989-м быў, па сутнасьці, першай асобай у Беларусі — першым сакратаром ЦК кампартыі БССР. Кажа, што тую падзею непасрэдна прапусьціў празь сябе, бо цягам пяці гадоў праходзіў вайсковую службу блізу Бэрліну і Патсдаму. Праўда, у той час яшчэ ніякай сьцяны не было, і сам факт яе зьяўленьня ён называе неасэнсаваным рашэньнем. Зь іншага боку, паводле таварыша Сакалова, калі мур усё ж зьявіўся, то нельга было так бяздумна яго ламаць, не атрымаўшы ніякіх дывідэндаў:

“З разбурэньнем сьцяны адбылося, калі можна так параўнаць, аб’яднаньне двух людзей у няроўны шлюб. Зь іншага боку, гэта правільна, бо Бэрлінская сьцяна разьдзяляла дзьве цывілізацыі. Таксама ня лепшы варыянт. Яна, па ўсёй верагоднасьці, не патрэбная была. Неабходна было шукаць іншыя палітычныя шляхі вырашэньня праблемаў, якія існавалі ў тым ліку ў Бэрліне. А тое, што яны існавалі, — гэта так. Я з 1945 да 1950 году служыў у Нямеччыне. У асноўным гэта было якраз вакол Бэрліну і вакол Патсдаму. Даводзілася нярэдка там бываць. Але што тычыцца сьцяны, то гэта глыбока неасэнсаванае рашэньне, ганебны прыклад ня тое што для Эўропы, а для ўсёй зямной кулі, як людзей адгарадзілі мурам. Іншая справа, што калі ламалі мур, калі аб’ядноўвалі немцаў, трэба было паставіць усёй Заходняй Эўропе ўмовы: як мы будзем надалей будаваць сваё жыцьцё? Гэтае пытаньне не было вырашанае. І вось тут найвялікшая памылка нашага саюзнага кіраўніцтва. А ўсё аддалі проста так. Гэта непарадак, бяздум’е”.

У жніўні 1961 году, каб спыніць хвалю людзей, што пакідалі падкантрольны СССР Усходні Бэрлін, прасавецкія ўлады ГДР у рэкордна сьціслыя тэрміны пабудавалі сьцяну вакол усяго Заходняга Бэрліну. Бэрлінская сьцяна працягнулася амаль на 90 кілямэтраў і выбудоўвалася ў чатыры этапы. Да 1962 году праход паміж рознымі Нямеччынамі перакрывала агароджа з калючага дроту, якую неўзабаве “палепшылі”. У 1965-м быў узьведзены стацыянарны бэтонны мур. Яшчэ праз 10 гадоў яго “ўдасканалілі”, выкарыстаўшы апошнія тэхнічныя вынаходкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG