Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск, вуліца Камуністычная, 6



Шыльда свабоды

Менск, вуліца Камуністычная, 6, Тэлецэнтар

25 лютага 1990 году пад ціскам дзесяцітысячнага мітынгу прыхільнікаў Беларускага народнага фронту камуністычныя ўлады вымушаны былі даць жывы эфір на Беларускім тэлебачаньні, якое тады тут месьцілася, лідэрам апазыцыі Зянону Пазьняку, Вінцуку Вячорку і Аляксею Марачкіну.

У 1990 годзе адбываліся чарговыя выбары ў Вярхоўны Савет БССР, але кампанія ўпершыню была падобнай да сапраўды выбарчай.

25 лютага на плошчы тады яшчэ імя Леніна праходзіў шматытсячны мітынг прыхільнікаў Беларускага народнага фронту. Той мітынг яшчэ запомніўся і тым, што на яго вымушаны быў прыйсьці нават першы сакратар ЦК КПБ Яфрэм Сакалоў і трымаць адказ перад народам. І калі ён выйшаў на трыбуну ў традыцыйнай намэнклятурнай футравай шапцы, плошча пачала скандаваць “Шапку здымі!” Разгублены ўсемагутны сакратар зьняў яе, і гэты ягоны “дэмакратычны” жэст народ вітаў воплескамі.

А напярэдадні Беларускае тэлебачаньне цкавала БНФ, запалохвала людзей, каб яны не прыходзілі на плошчу. І мітынг галасаваньнем прыняў рашэньне ісьці да будынку тэлебачаньня з патрабаваньнем жывога эфіру для БНФ.

На шляху да калёны далучаліся яшчэ людзі, і каля будынку тэлебачаньня было ўжо каля дзесяці тысяч чалавек. Яны цалкам запоўнілі вуліцу Камуністычную ад праспэкту да вуліцы Чырвонай, пляцоўку перад будынкам тэлебачаньня і набярэжную ракі Сьвіслач. Пасьля некалькіх гадзінаў супрацьстаяньня ўлады здаліся — пабаяліся штурму аплоту хлусьлівай прапаганды. Дэлегацыю ў складзе Зянона Пазьняка, Вінцука Вячоркі і Аляксея Марачкіна прапусьцілі ў будынак. Спынілі трансьляваную праграму, і пачаўся амаль паўгадзінны жывы эфір. Успамінае Вінцук Вячорка:

“Мы меркавалі, што там будзем самі, але з намі выпусьцілі вядучага модных тады вялікіх зальных дыскусійных праграмаў Сяргея Вінаградава. Тым ня менш, калі былі ўключаныя камэры, мы захапілі ініцыятыву: выклалі нашы патрабаваньні, абверглі ўсе паклёпніцкія інсынуацыі, якія ліліся на галовы суграмадзянаў добрыя пару тыдняў і заклікалі падтрымаць на бліжэйшых выбарах кандыдатаў у дэпутаты ад Народнага фронту. Спадар Вінаградаў спрабаваў пасьля ўсё перавесьці ў пуставатую дыскусію, але галоўная справа была зробленая. Я ведаю па водгуках, многія людзі падумалі тады, што ўлада ў краіне ўжо зьмянілася на дэмакратычную. Пасьля заканчэньня перадачы павісла змрочная паўза, а пасьля ў студыю запусьцілі завезеных перадавікоў вытворчасьці і вэтэранаў, якія бэсьцілі нас і гаварылі: “перестройку начни с себя”.

А каб супакоіць народ на вуліцы, што дэлегацыя не арыштаваная, а сапраўды выступае ў жывым эфіры, на ганку тэлебачаньня ўстанавілі манітор, і тыя, хто знаходзіліся ў першых шэрагах натоўпу, змаглі пабачыць і пачуць, тое, што адбывалася. Кожнае слова сваіх лідэраў людзі віталі воплескамі і клічам “Жыве Беларусь!”.

На выступ у наўпроставым эфіры лідэры БНФ атрымалі мандат непасрэдна ад народу. Такая наўпроставая народная дэмакратыя ў той час магла пакіраваць нават тэлебачаньнем.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG