Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пакажуць Пітэра Брука


Сёньня ў Менску адкрыўся IV Міжнародны фэстываль тэатральнага мастацтва “Панарама”, праграма якога складзеная зь лепшых тэатральных прэм’ераў апошніх гадоў.

За 18 дзён беларускай публіцы будзе прадстаўлены 21 спэктакль тэатраў Італіі, Швайцарыі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Расіі, Вэнэсуэлы. У Менск прыедзе знакаміты тэатар “Пікала дэ Мілана” зь Італіі, у сталічных аматараў тэатру будзе магчымасьць убачыць спэктакль у пастаноўцы легендарнага Пітэра Брука.

Распачаўся тэатральны форум пастаноўкай “Пінскай шляхты” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Дарэчы, дзякуючы энтузіязму купалаўцаў, у Менску чацьвёрты раз праводзіцца фэст такога маштабу, — кажа намесьнік міністра культуры Ўладзімер Рылатка:

“Уся творчая праграма складзена купалаўцамі, уся арганізацыйная праца вядзецца купалаўцамі”.

Акрамя Купалаўскага тэатра, лепшыя свае працы пакажуць яшчэ сем беларускіх тэатральных калектываў. Будуць госьці з Санкт-Пецярбургу, Магнітагорску, Кракава, Рыгі, Таліна, Вільні — арганізатары пастараліся адабраць лепшыя пастаноўкі. Гаворыць мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін:

Мікалай Пінігін
“І нарэшце майстар-кляса — Фэручыё Салеры. Гэта “Пікала дэ Мілана”, тэатар камэдыі са спэктаклем “Арлекін — слуга двух гаспадароў”. Да нас прыяжджае спэктакль Пітэра Брука. Ён — апошні з магікан эўрапейскай рэжысуры. Імёны Коршунаваса, Хэрманіса, Брука, Стрэлера — гэта ўпрыгожваньне любой фэстывальнай афішы”.

На фэстывалі будуць майстар-клясы, творчыя сустрэчы, выставы, круглыя сталы, а таксама ўнікальныя праекты, аналягаў якім няма. Да прыкладу, праект “Тэатар On-Line”.

Мікалай Пінігін: “Даецца тэма, абсалютна абстрактная, такая мэдытацыя: “Хто я?”, — і сем параў, маладых драматургаў і рэжысэраў, ствараюць тэксты і цягам двух тыдняў іх ставяць. Паглядзім, якія мы маем маладыя таленты. Упершыню на “Панараме” мы абмяжуемся сваімі, каб быў практычны сэнс у гэтым, каб ведаць, з кім нам працаваць. Спадзяюся, гэта атрымаецца”.

Другі праект праводзіцца на “Панараме” ўпершыню. Гэта музычна фэерыя

“Тэатральны SOUND” — драматычныя акторы будуць сьпяваць у складзе музычных калектываў.

Мікалай Пінігін: “Дзецідзяцей” — вядомы гурт, дзе працуюць акторы нашага тэатра, лідэр Аня Хітрык; “Срэбнае вясельле”; Дзяніс Паршын і гурт “StepHoll”; “9-ы мілімэтар”; “Маланка orchestra” і дзіцячы хор “Радасьць”. Відовішча будзе зроблена ў выглядзе канцэрту, спэктаклю, з элемэнтамі плястыкі. Асабіста для мяне, гэта вельмі цікава, бо адна з акторскіх граняў — сьпяваць”.

Арганізатары фэстывалю распавялі, што ўсім тэатрам, якія прыяжджаюць на “Панараму” выплачваюцца ганарары. І падзякавалі Міністэрству культуры, гарадзкім уладам, генэральнаму партнэру “Белгазпрамбанку”, якія ў няпросты час падтрымалі тэатральную “Панараму”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG