Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў беларускім тэатры мала альтэрнатыўных праектаў?


Ігар Карней, Менск У Беларусі 27 дзяржаўных тэатраў, зь якіх 11 дысьлякаваныя ў Менску. Астатнія – у абласных цэнтрах, а таксама ў Бабруйску, Слоніме, Мазыры. Практычна ўсе яны трымаюцца клясычнага рэпэртуару і розьняцца толькі прыярытэтам усясьветнай, расейскай ці беларускай літаратурнай базы. Між тым, за кулісамі вялікай сцэны існуе сьціплая альтэрнатыўная пляцоўка, дзе экспэрымэнтуюць творцы, якіх афіцыйная крытыка называе “нетрадыцыйнымі”.

Аналітыкі клясыфікуюць беларускі тэатар паводле трох прыкметаў: уласна дзяржаўны тэатар, недзяржаўная антрэпрыза (альбо тэатар камэрцыйны і таму залежны ад масавых густаў) і альтэрнатыўныя сцэнічныя праекты.

Яднае адсутнасьць легальнасьці

Наведваць клясычныя тэатры прывучаюць яшчэ са школы, што ў многіх насамрэч пераўтвараецца ў завядзёнку. Ня меней папулярныя малабюджэтныя, але відовішчныя антрэпрызныя пастаноўкі, дзе ці не найболей посьпеху выпала на долю “Нікаля-тэатра” рэжысэра Мікалая Пінігіна.

Каб пералічыць альтэрнатыўныя праекты, хопіць пальцаў адной рукі. Як кажа крытык Максім Жбанкоў, перадусім іх аб’ядноўвае тое, што нармальна працаваць у Беларусі яны ня могуць. Нядаўні выпадак з затрыманьнем трупы “Свабоднага тэатра” – лішняе таму пацьверджаньне:

“Калі мы гаворым пра радыкальныя праекты, то гэта, канешне ж, Іназемцаў, ягоны шыкоўны плястычны тэатар “ІнЖэст”. Выдатны альтэрнатыўны праект, які ведаюць па ўсёй Эўропе і які да “Свабоднага тэатру” быў фактычна адзіным прадстаўніком актуальнай беларускай культуры па-за межамі краіны. То бок, чыстая альтэрнатыва, авангардны плястычны пэрфоманс, 100-працэнтны прадстаўнік.

Гэтаксама быў у свой час такі сьмешны тэатар “Бамбукі”, дзе сустрэліся ўпершыню “Саша і Сірожа”, Хацкевіч і Міхалок, і было гэта дзесьці ў сярэдзіне 1990-х. Таксама быў такі абсурдысцкі праект, нібыта несур’ёзны, але ў прынцыпе незалежны. Такім чынам, “дыназаўры” альтэрнатывы – Іназемцаў зь “ІнЖэстам” і адносна малады “Свабодны тэатар”. Гэта практычна ўсё”.

У адсутнасьць матэрыяльнай базы альтэрнатыўнікі займаюцца пастаяннымі пошукамі фінансаваньня альбо робяць спробы зарабляць за межам краіны. Згаданы “ІнЖэст” фактычна больш часу працуе за мяжой. Замежныя гастролі ўсё часьцей фігуруюць і ў распарадку “Свабоднага тэатра”.

Калі ты не традыцыйны, цябе не ўспрымаюць

Кіраўніка Менскага тэатра плястычнага гратэску “ІнЖэст” Вячаслава Іназемцава тэатралы ўжо ўзнагародзілі гучнымі эпітэтамі: “радыкал”, “тэатральны рэвалюцыянэр”. На яго раўняюцца, спрабуюць капіяваць. Нядаўна запушчаны праект “D.O.S.K.I.”, як лічаць крытыкі, – якраз спроба камэрцыйнага клону тэатра Іназемцава. Запытваю ў Вячаслава Іназемцава: ці насамрэч у Беларусі альтэрнатыўныя праекты настолькі рызыкоўныя, што імі баяцца займаецца?

“Ну як рызыкоўна? Проста гэта вельмі складана. Адна справа, калі ты сябе пазыцыянуеш, дапусьцім, як яскрава палітычны тэатар, канешне, тут будуць аднаго роду праблемы. Я, уласна кажучы, ніколі сябе так не вызначаў. У мяне ёсьць свае погляды, але тэатар і палітыка – для мяне гэта цяжка сумяшчаецца, не наўпрост прынамсі. Але ў любым выпадку любая альтэрнатыва ў дадзеным выпадку ўспрымаецца як пагроза. Дый увогуле тут вельмі шмат закасьцянелых усялякіх перашкодаў. Ня толькі чыста адміністрацыйнага, палітычнага кшталту, сьвядомага. Проста сыстэма такая: калі ты не традыцыйны, калі прапануеш штосьці рызыкоўнае, то гэта зь цяжкасьцю ўспрымаецца”.

Адзін час тэатру “ІнЖэст” далі магчымасьць папрацаваць у Тэатры эстрады. Але так жа хутка адтуль папрасілі: хтосьці з пільных гледачоў напісаў скаргу ў Міністэрства культуры, маўляў, у спэктаклі ходзіць голы чалавек.

Адыход ад стандартаў? Недапушчальна!

“Надзвычай паказальны момант што да тэатральных экспэрымэнтаў”, – рэзюмуе Максім Жбанкоў. Ён жа перакананы, што з прычыны надзвычайнага адміністраваньня і падпарадкаванасьці Міністэрству культуры ніводзін з існуючых дзяржаўных тэатраў не дазволіць сабе такую раскошу, як адыход ад стандартаў. Фактычна, за спробу імправізацыі з Купалаўскага тэатра быў звольнены Ўладзімер Шчэрбань, цяперашні рэжысэр “Свабоднага тэатру”.

Пра непажаданасьць адыходу ад клясычных рамак гаворыць і мастацкі кіраўнік расейскага драматычнага тэатра імя М.Горкага Барыс Луцэнка:

“Калі я бачу, што чалавеку няма чым займацца, і ён пачынае нешта выдумляць ад “няма чаго рабіць” – то гэта як у Гогаля атрымліваецца. Значыць, як там: яму ня так падабалася, што напісана, а сам працэс чытаньня падабаўся. Дык вось, у мяне адчуваньне, што такія людзі проста да чагосьці намагаюцца “прымкнуць”. Прычым, калі зь імі размаўляеш, яны ня вельмі ўяўляюць, чаго ж яны насамрэч хочуць”.

Тэатральная альтэрнатыва – “сэктанты”?

Кіраўнік больш нестандартнага, чым альтэрнатыўнага тэатру гумару “Хрыстафор” Яўген Крыжаноўскі не такі радыкальны. І якраз прыхільнік магчымасьці экспэрымэнтаў на сцэне:

“Ну, цяпер гэта ўжо зусім не страшна. Бо зараз тая акторская школа, якая была колісь – Станіслаўскага, Неміровіча-Данчанкі, яна ўжо адыходзіць. Цяпер іншыя прынцыпы, зусім інакш можна гуляць, іграць у тэатры. Таму, я думаю, што поўныя залі, аншлягі маладым і нестандартным гарантаваныя”.

Малады драматург Андрэй Курэйчык разам зь Мікалаем Халезіным колісь стаяў ля вытокаў “Свабоднага тэатру”. Цяпер ён крытыкуе калегаў за “сэктанцтва”:

“Мне здаецца, што трэба шукаць выхад да максымальна шырокай аўдыторыі, максымальна прабівацца да людзей. Максымальна задзейнічаць самыя шырокія плясты гледачоў, заклікаючы іх на свой бок. А вось гэтая абмежаванасьць – яна крыху сэктанцкая. У ёй ёсьць, безумоўна, свае плюсы, таму што тут маем справу з “абажацелямі”, то бок, на паказы прыходзяць у асноўным “абажацелі”. Але ёсьць і свае мінусы, таму што ты закрыты, і ты не адчуваеш рэальнай сувязі з народам”.

Незалежныя аналітыкі ня толькі кажуць пра немагчымасьць існаваньня альтэрнатыўнай сцэны ў Беларусі, але і пра дэградацыю дзяржаўнага тэатра ўжо на прыкладзе тэатральных фэстаў.

Спачатку быў “Адкрыты фармат”, да якога непасрэднае дачыненьне меў Андрэй Курэйчык, затым – больш сьціплая “Панарама”. Год таму адбыўся “славянска-віцязьны” тэатральны праваслаўны фэст пад патранажам расейскага актора Мікалая Бурляева. Сёлета не адбылося ўвогуле нічога, хоць шмат абяцалі.

Мікалай Халезін: “Улады хочуць, каб мы зьехалі з краіны”, 24.08.2007 К.Бэнэдэці: “Мы пабачылі шмат людзей эўрапейскага мысьленьня”, 24.08.2007 Міліцыя вырашыла не замінаць спэктаклю "Свабоднага тэатру", 23.08.2007 “Беларуская й расейская культуры размаўляюць на павышаных танах”, 11.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG