Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзева цягнула пагаварыць пра надвор’е


Дзьмітрый Мядзьведзеў і Аляксандар Лукашэнка.
Дзьмітрый Мядзьведзеў і Аляксандар Лукашэнка.

Кіраўнікі Беларусі і Расеі дамовіліся праводзіць вайсковыя вучэньні, падобныя на “Захад-2009” адзін раз у два гады. Ніякіх іншых падрабязнасьцяў па выніках сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Дзьмітрыя Мядзьведзева пад Баранавічамі не падаецца.

Расейскія тэлеканалы зьвярнулі ўвагу на тое, што Аляксандра Лукашэнку неадступна суправаджае падчас манэўраў трэці малодшы сын Мікалай. Таксама яны нагадалі, што неяк Лукашэнка сказаў, што зьбіраецца рыхтаваць сына ў пераемнікі. Ён часта бярэ хлопчыка на розныя мерапрыемствы і нават у замежныя паездкі. Абодва Лукашэнкі былі апранутыя ў вайсковую форму. Дзьмітрый Мядзьведзеў зьвярнуў увагу на пісталет у хлопчыка, прымацаваны на поясе. Аляксандар Лукашэнка патлумачыў:

“Добры пісталет, бо яго падараваў прэзыдэнт Расеі”.

Таксама расейскія тэлеканалы адзначылі, што падобныя вучэньні “Захад-2009”, якія прайшлі ўпершыню за 25 гадоў, ілюструюць вайсковую магутнасьць саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Умоўнага праціўніка называлі “сінім”.

Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што да такіх маштабных вучэньняў “мы падыходзілі некалькі разоў”, але іх удалося правесьці толькі дзякуючы прэзыдэнту Расеі Дзьмітрыю Мядзьведзеву. Ён падтрымаў рашэньне расейскага прэзыдэнта праводзіць па чарзе на тэрыторыі Беларусі і Расеі адзін раз на два гады падобныя сумесныя манэўры. Дзьмітрый Мядзьведзеў сказаў, што “нашы саюзьніцкія стасункі ўмацоўваюцца. Мы разьвіваем абаронную кампанэнту і стараемся стварыць надзейную аснову для абароны нашых нацыянальных інтарэсаў”. Гэтыя манэўры ён назваў “удалым пачаткам” сумесных вайсковых мерапрыемстваў”.

Расейскага прэзыдэнта падчас сустрэчаў зь беларускімі афіцыйнымі асобамі цягнула гаварыць пра надвор’е і грыбы. Мэдыі пакуль не падалі інфармацыю адносна таго, ці адбыліся ж перамовы паміж кіраўнікамі Беларусі і Расеі, як гэта анансавала прэсавая служба беларускага прэзыдэнта. Раней прадстаўнік расейскай амбасады ў Менску заявіў карэспандэнту Свабоды, што Дзьмітрый Мядзьведзеў прыехаў дзеля вучэньняў. Ніякіх перамоваў не плянавалася.

За вучэньнямі назіралі вайскоўцы зь некалькіх дзясяткаў краін. Сярод іх сын лідэра Лібійскай рэвалюцыі Муамара Кадафі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG