Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Людзі баяцца зьвярнуцца ў міліцыю — зьняверыліся ў мясцовай уладзе”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 28 жніўня, пятніцу.


Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію ІТАР-ТАСС заявіў, што распарадзіўся сфальшаваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў. “За мяне на апошніх выбарах прагаласавала, каб ведалі, 93%. Я аддаў каманду, каб не 93% было, а дзесьці там 80%”, — паведаміў кіраўнік краіны. Слухачы “Свабоды” камэнтуюць гэтую тэму:

Спадар: “У інтэрвію расейскім СМІ наш правадыр у чарговы раз прызнаў, што прэзыдэнцкія выбары 2006 года былі сфальсыфікаваныя. У перакладзе на нармальную мову гэта азначае, што рэальны рэйтынг правадыра наўрад ці перавышае 55—60 адсоткаў, а падначаленая яму Ярмошына, каб дагадзіць Аляксандру Рыгоравічу, відавочна перастаралася і тым самым аказала яму мядзьведжую паслугу, за якую правадыру і па сёньня даводзіцца апраўдвацца”.

Выказваньне камэнтуе палітык Павал Севярынец:

“Безумоўна, Лукашэнка ведае, што адбываецца ў выбарчай сыстэме. Ня думаю, што кепскія “баяры” яго падманваюць. “Пад жастачайшым кантролем” там усё. І гэта проста прагаворкі, якія, з аднаго боку, паказваюць, наколькі ў нас кепска з дэмакратыяй, калі ўлічыць, што фальшаваньне выбараў — гэта крымінальнае злачынства і за гэткія рэчы можна сесьці ў турму. Зь іншага боку, гэта паказвае, што ўлада сёньня пачуваецца абсалютна беспакаранай. Бо рабіць такія заявы — і народ гэта “каўтае”, народ маўчыць — гэта сьведчыць і пра пэўны стан грамадзтва”.

Слухачы таксама працягваюць выказвацца з нагоды канфлікту паміж Менгарвыканкамам і вернікамі царквы “Новае жыцьцё”. Людзі па-ранейшаму адмаўляюцца аддаваць уладам будынак свайго храму, які з 21 жніўня лічыцца маёмасьцю Менгарвыканкаму:

Ціна: “Хачу перадаць прывітаньне саўкам, якія адбіраюць царкву ў людзей, бо ж прырода ня дура, а Бог не калека, а вы яго ў шыю — так нельга ж. Перад тым як цэрквы ў людзей адбіраць, лепш бы парадак навялі ў цыганскім качэўі. А то езьдзяць дзьве цыганкі на белых жыгулях па вёсцы, адна чорная, другая белая, заходзяць у двары, знаходзяць ключы ад дому, заходзяць у хаты, забіраюць у людзей заручальныя пярсьцёнкі, якія Бог ведае зь якіх часоў, ювэлірныя вырабы ў дзяцей, у адзінокіх жанчын вялікія сумы грошай, назьбіраныя на старасьць і пахаваньне. А людзі баяцца зьвярнуцца ў міліцыю: да таго зьняверыліся ў мясцовай уладзе. А Лукашэнка для іх кумір, асабліва са сваімі вусікамі. І, спрачаючыся на гэтую тэму з пэнсіянэрамі, як і раней, рызыкуеш атрымаць ня толькі палкай па галаве, але і граблямі”.

У працяг тэмы супрацьстаяньня ўлады і людзей і наступнае тэлефанаваньне:

Спадарыня: “Што тычыцца чэкаў “Жыльлё” і “Маёмасьць”. Чэкі “Жыльлё” людзі ўклалі ў прыватызацыю кватэр, а чаго дачакаюцца чэкі “Маёмасьць”? Дзяржаўная маёмасьць, што закладзена была ў чэк “Маёмасьць”, прыватызуецца або перадаецца інвэстарам, але бяз нашых чэкаў “Маёмасьць”. Народ зноў застаецца з пустымі чэкамі “Маёмасьць”, як савецкія ўклады ў банках. І вінавацяць крызіс, ніхто не вінаваты. Як у прымаўцы: Кандрат не вінават, Агата вінавата”.

Працягваем праграму прапановай слухача:

Аляксандар Галін: “Паважаная “Свабода”! Зрабіце, калі ласка, на вашым радыё рубрыку “Пра што я мару?” Да прыкладу, я мару, каб у Беларусі хоць адзін дзень пражыць без Лукашэнкі-прэзыдэнта”.


Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG