Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сам ня гам, дый кітайцу ня дам


Новая перадача "Свабоды".

Вельмі харошым выдаўся апошні тыдзень, што тычыцца тэлефанаваньняў на “Свабоду”. Сувязь працавала, электрычнасьці хапала, выдатных ідэяў і закавырыстых пытаньняў назьбіралася багата. Ёсьць аб чым падумаць, ёсьць з чым пагадзіцца і, што самае важнае, ёсьць з чым паспрачацца. Калі нашы экспэрты адказваюць наогул на тэлефанаваньні, якія мы называем “Званкамі на “Свабоду”, дык я, Ян Максімюк, буду адказваць на ўсё тое, што можна назваць “Званочкамі на “Свабоду”.

Пачнем спачатку, гэта значыць, з панядзелка.

Адна спадарыня закранула якраз тэму тэлефанаваньняў на “Свабоду”, асабліва вылучаючы закід аднаго з нашых слухачоў, што нам, маўляў, тэлефануюць пераважна людзі сталага веку.

Спадарыня: “Добры вечар, паважаная “Свабода”! Чула абурэньне праз тэлефанаваньне вам званкамі на “Свабоду”. Па-першае, іх рэгулярна слухаюць і тыя, хто ня хоча іх чуць, Радыё Свабода таксама. Толькі ўпарта слухаюць, напэўна, чамусьці страшнавата і няўтульна ім. Так няўтульна, што за шчасьце маюць, што тэлефануюць вам пажылыя людзі. Але гэта ня так, мы чуем і маладых, іх менш, тэлефанаваць на беларускую “Свабоду” небясьпечна, тэлефоны праслухоўваюцца, і рукі могуць выкруціць праз гэта па-рознаму, і праз прадуманы шантаж з боку розных савецка-камуністычных і сталінскіх дыназаўраў і тых, каго атруціла лукашэнкаўскае паветра”.

Цяжка сказаць, наколькі страх перад тым, што спадарыня называе “савецка-камуністычнымі і сталінскімі дыназаўрамі”, не дазваляе нашым слухачам пазваніць нам і пакінуць на аўтаадказьніку сваё меркаваньне. Ну бо сапраўды — чаму, калі не баяцца нам тэлефанаваць старэйшыя, меліся б баяцца маладыя? Сёньняшнія маладыя беларусы — баязьліўцы? Наўрад ці. Аднак трэба сказаць, што ёсьць людзі, якім наогул неабавязкова ўжываць голас, каб выказаць сваю пазыцыю. Яны альбо пішуць эсэмэскі на мабільных тэлефонах, або камэнтары на сваіх кампутарах, альбо графіці, і ня толькі на сьценках прыбіральняў. Я сам прыхільнік эсэмэсак – напрыклад, калі спажыву крыху нейкага лікёрна-гарэлачнага прадукту і хачу паведаміць жонцы, што дзеля важных прафэсійных прычынаў вярнуся дахаты пазьней, чым звычайна. Голас, так сказаць, у такой сытуацыі не перадае такога паведамленьня з належнай дозай пераканаўчасьці.

І яшчэ адзін голас наконт закіду, што слухаюць нас людзі наогул пажылыя:

Спадарыня: “Хачу нагадаць радыёслухачу, шчасьліваму ад таго, што Радыё Свабода слухаюць пэнсіянэры і “Свабода” прымае званкі толькі ад іх. Ён вельмі памыляецца. Увесь сьвет слухае Радыё Свабода. У космасе лётаюць тысячы спадарожнікаў, а нашыя званкі нясуць усяму сьвету праўдзівую інфармацыю пра жыцьцё простых людзей у Рэспубліцы Беларусь”.

Заўвага прынцыпова слушная. Слухаць нас можна ня толькі на радыёпрымачах савецкага часу, якія наогул маюць людзі старэйшыя, але і ў інтэрнэце. А інтэрнэтам карыстаюцца як пэнсіянэры, так і маладое пакаленьне — дзякуючы, між іншым, згаданым у тэлефанаваньні спадарожнікам.

У панядзелак мы яшчэ атрымалі тэлефанаваньне ад слухача, які папярэдняга дня выслухаў перадачу “Вольная студыя” нашага калегі Міхася Скоблы пра беларускія балоты:

Спадар: “Цудоўна слухалася “Вольная студыя” пра беларускія балоты. Хто газам, нафтай багатыя, а мы – балотамі, лёгкімі Эўропы. Ну і добра, беларусы наогул дзеці прыроды, вось толькі б піць сталі менш. Дзякуй Міхасю Скоблу і Вячаславу Раковічу. Усяго найлепшага ў працы”.

Гэта вельмі патрэбныя ўсім нам тэлефанаваньні. І вельмі кранальныя. Беларускія балоты, як кажа адзін слухач “Свабоды” з Браслава, – гэта нашы горы. Што яшчэ можна сказаць? Хіба толькі далучыцца да пажаданьняў размоўцы наконт беларускага выпіваньня.

У сераду наш слухач выступіў з прапановай, як даць рады адной зь бедаў беларускай эканомікі — празьмернаму затавараньню фабрычных складоў:

Спадар: “15 год таму Лукашэнка абяцаў вярнуць уклады насельніцтву лядоўнямі, пральнымі машынамі, тэлевізарамі. Дзяржаўнае прадпрыемства “Атлант” ня ведае, куды падзець 258 тысяч лядоўняў і 40 тысяч пральных машын. Дык трэба аддаць пэнсіянэрам гэтыя заляжалыя тавары, разгрузіць склады — і лукашэнкаўская абяцанка, хоць і праз 16 год, будзе выкананая. Але я мяркую, што тая абяцанка застанецца цацанкай”.

Прапанова бліскучая. Але чаму толькі пэнсіянэрам? А маладым сем’ям, шматдзетным маці, інвалідам? Ці яшчэ лепш – усім слухачам “Свабоды”? Ну калі ня ўсім, дык хоць бы тым, хто тэлефануе. Што да абяцанкі, якая цацанка, дык я нагадаю поўны тэкст народнай мудрасьці: абяцанка-цацанка, а дурню радасьць. Спадзяюся, вашу прапанову, спадар, абавязкова вывучаць у Міністэрстве эканомікі. Ёсьць тут над чым падумаць і барацьбітам супраць глябальнага пацяпленьня – гэта ж калі ўсе гэтыя лядоўні адкрыць, які эфэкт быў бы! Вядома, каб толькі пробкі не перагарэлі.

Яшчэ адно тэлефанаваньне закранула, так бы мовіць, надзённую праблему вырошчваньня і гадаваньня электарату у Беларусі.

Спадарыня: “Шаноўная “Свабода”! Заробкі зьнізіліся, а пэнсіі павышаць трэба. Інакш пагубляюць электарат. Прыхільнікі дзейнага рэжыму аддаюць пэнсіі сваім дзецям і ўнукам, а самі сядзяць на тратуарах з пучком кропу. Ужо ня б’юць палкамі тых, хто непачціва адгукаецца пра іх куміра. Дзякуй”.

Добрае ў гэтым паведамленьні несумненна тое, што ў Беларусі паменшала агрэсіі на тратуарах. Можна сьмела ісьці і думаць што хочаш пра любога куміра, і кіем цябе ніхто не перацягне. Магчыма, гэта ўплыў беларускага кропу, які, як вядома, вельмі пахучы, і я асабіста яго вельмі люблю, асабліва калі гуркі саліць. Але ці будзе у Беларусі кансэнсус, як правільна гуркі саліць – тут я ня ведаю. Тут кумір у кожнага свой, і мой кумір – мая цешча ў Бельску на Беласточчыне, якая, як я лічу, робіць самыя смачныя гуркі ў Эўропе.

Ну, а цяпер пра істотную рысу беларускага жыцьця. П’янства ў Беларусі зьяўляецца даволі часта тэмай тэлефанаваньняў на “Свабоду”. Але вось гэты званок ставіць гэтую наогул заганную грамадзкую зьяву ў даволі нечаканы ракурс:

Спадарыня: П’янства – гэта адна з формаў пратэсту людзей супраць сваёй улады, жабрацтва і ўбогасьці. Улады гэта вельмі добра разумеюць, таму і душаць так людзей пітушчых. Тым ня менш дзяржава рабуе свой народ і сама спойвае яго. Надта ласы артыкул прыбытку ад п’янства. Выснова: дзяржава – тыповая машына гвалту, і вінаватая ўва ўсім улада і толькі ўлада”.

Калі гэта сапраўды так, дык гэта вельмі неэфэктыўная форма пратэсту супраць дзяржаўнай машыны гвалту. Бо як сама слухачка заўважае, нацыянальнае п’янства служыць дзяржаве якраз сродкам атрыманьня дадатковага прыбытку ды ўтрыманьня грамадзянаў у паслушэнстве. Таму нагадаем ранейшую параду нашага слухача: давайце менш піць! Тады, па-першае, рэжыму застанецца менш пітушчых для душэньня, а па-другое — менш грошай на зарплаты для тых, якія душаць.

У Беларусі афіцыйна пацьверджаны першы выпадак захворваньня на сьвіны грып. Натуральна, гэтая падзея не магла застацца ўбаку ад грамадзкай увагі. Тым больш, што хворым аказаўся чалавек прыежджы, кітаец. Вось што думае наша слухачка з гэтай нагоды.

Спадарыня: “Наконт таго, што кітаец сьвіны грып завёз. Чаго і трэба было чакаць. Гэта яшчэ кветачкі, а ягадкі потым. Сваім людзям няма ні работы, ні жыцьця, ні заробку. Кітайца запусьцілі. Раней кітайцаў ракетамі адкідвалі ад межаў, а зараз хутка Менск будзе кітайскі цалкам. Ну, там пажывем-пабачым. Цікава, чуму яшчэ прывязуць”.

Па-навуковаму гэты званок называецца ксэнафобія. Па-народнаму, мабыць, — сам ня гам, дый кітайцу ня дам.

Раней вінаватымі ў сваіх розных бедах звычайна лічылі амэрыканцаў, габрэяў, масонаў – цяпер да іх дадалі кітайцаў.

Вось наконт таго, што Менск хутка стане кітайскім, я не перакананы. Дэмаграфічная сытуацыя выглядае на карысьць вялікага кітайскага народу. Кітайцаў цяпер 1 мільярд 300 мільёнаў, а беларусаў — менш чым 10 мільёнаў. Гэта значыць, кітайцаў прынамсі ў 130 разоў болей, чым беларусаў. Але 20 год назад іх было толькі ў 100 разоў больш, але добры кітайскі рэстаран і тады, і цяпер дзе-небудзь у Пухавічах днём з агнём ня знойдзеш. Як і добры беларускі, дарэчы.

Але вось што я падумаў. А што, калі слухачка мае рацыю? Таму я пастанавіў запісаць сваю сямігадовую дачку, калі толькі яна авалодае ангельскай мовай, на курс кітайскай мовы. Калі прыйдуць кітайцы, ім спатрэбяцца перакладчыкі. Хто ведае, ці тады ўсе будуць мець працу. Але перакладчыкі зь беларускай на кітайскую і назад — напэўна... Ведаеце, як па-кітайску да пабачэньня? "Цзай цьзіень”.

Сёньня на гэтым і закончу гутарку са слухачамі, якія актыўна карыстаюцца тэлефонам і не баяцца набраць сем шчасьлівых лічбаў – 266- 39-52. Гэта аўтаадказьнік “Свабоды” ў Менску.

Званіце — я вас выслухаю. Давайце прапановы — я на іх адгукнуся. Крытыкуйце — я, можа, і не пакрыўджуся.

Вам адзвоньваў сваім званочкам Ян Максімюк.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG