Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валера Руселік. ПРА СВАБОДУ /частка II /


Валеры Руселік
Валеры Руселік

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Валера РУСЕЛІК. Нарадзіўся ў Горадні ў 1982 годзе. Сярод іншых сваіх заняткаў найперш вылучае падарожжы. У 2001 годзе босым пілігрымам з Горадні дайшоў да Вострай Брамы ў Вільні. Плаваў у трох морах і двох акіянах. Абаронца намётавага мястэчка на Плошчы Каліноўскага, а таксама гістарычнай забудовы Горадні ў часе “бульдозэрнай рэканструкцыі”. Мэдыя-актывіст. Сябра суполкі літаратараў-паўстанцаў “Бункер”.


Аўторак 2009-VIII-18


Майго гарадзенскага сябра Стаса Пачобута на днях ня выпусьцілі зь Беларусі. Ён меўся трапіць у Вільню, каб адыграць там сольны акустычны канцэрт. Аднак памежнікі накіравалі Стаса дадому: маўляў, невыязны.

Афіша сарванага канцэрту ў Вільні: даты зьменяцца, надпісы застануцца

Многім Стас вядомы найперш як музыка і анархіст. Сам жа ён акрэсьлівае сябе інакш: чалавек. Сёньня можна сьпяваць песьні, працаваць кавалём і ладзіць акцыі анархістаў, але ўжо заўтра можна кінуць кавадла і гітару ды заняцца, да прыкладу, цясьлярствам ці грузаперавозкамі. Галоўнае ж – заставацца пры гэтым чалавекам. Адказваць за кожнае сваё слова, за кожны свой учынак. Трымацца сваіх прынцыпаў і перакананьняў. Цьвяроза ацэньваць рэчаіснасьць.

На жыцьцё Стас Пачобут зарабляе кавальствам

Апошні альбом гурту DEVIATION, аўтарам і вакалістам якога зьяўляецца мой сябра, называецца “Чарговы дзень пад акупацыяй”. Яго нельга купіць у музычных крамах ці пачуць на канцэртных пляцоўка.

Але ці варта зьдзіўляцца гэтаму, жывучы ў краіне дыктатуры?

Мы гэтак часта адмаўляемся верыць відавочнаму, што вось раптам здарылася, хаця яшчэ ўчора цьвердзілі адзін адному пра навіслую небясьпеку. Да прыкладу, у растыражаванай гісторыі з жаўнерам Вячоркам-малодшым зьдзіўляе зусім ня жорсткасьць умоваў службы ў войску ці абыходжаньне з хворым беларускамоўным ваяром. Дзівіць нейкая дзіцячая наіўнасьць заклятых апанэнтаў рэжыму: як, няўжо гэта ўсё здарылася менавіта са мной?!

А чаго вы чакалі? І для каго?


Нічога трагічнага ў сваім невыязным статусе Стас ня бачыць: рана ці позна ён усё-ткі выедзе за мяжу і прасьпявае свае песьні для адзінадумцаў, якія яго там чакаюць. І ня так істотна, што гэта будзе крыху пазьней, а раздрукаваныя зараз афішы пойдуць у стол. Нашмат важнейшае тое, што музыка ня стаў праходзіць тэст на ляяльнасьць да якога-небудзь мясцовага ідэоляга, ня стаў мяняць свабоду ўнутраную на свабоду перасоўваньня празь мяжу.

Застаўся свабодным чалавекам.

Прэзэнтацыя альбому,натуральна, адбылася падпольна, запісы выкладзеныя ў Інтэрнэце.

Хтосьці можа гмыкнуць: маўляў, не нагуляліся яшчэ ў партызанку.

Нехта пацісьне плячыма: ат, нічога ўсё адно ня будзе.

Але калі нічога ня будзе ды ўсё дарэмна – навошта тады наагул жыць, прынамсі ў гэтай краіне?

Чарнобыльскі Шлях у Горадні быў адзначаны акцыяй супраць пабудовы АЭС

Партызанаў ніколі не было шмат, гэта заўсёдная каста нязгодных з большасьцю. Калі ж іх шмат, то гэта ўжо сапраўднае народнае рушаньне. Мы гэтак часта любім прымяраць да сябе гевараўскую бэрэтку ды хваліцца ваеннымі перамогамі продкаў – ад ваяроў Грунвальду да вэтэранаў ІІ Усясьветнай. Рэспубліка-партызанка, усё такое.

Але ці ж сапраўды шмат сярод нас людзей свабодных унутрана, нязломных і неўтаймаваных? І колькі нам яшчэ трэба часу, каб адасобленыя партызанскія атрады зьліліся ў сапраўдным Народным Рушаньні?

Пляц Каліноўскага: нас сапраўды было шмат
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG