Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пастаўце сябе на месца людзей, якіх тэрарызуе падпальшчык”


Агляд тэлефанаваньняў за сераду, 5 жніўня.


СЛУХАЦЬ:


У праграме “Званкі на Свабоду” слухачы камэнтуюць затрыманьне на беларускай мяжы ўкраінскага кантрабандыста, на якім было надзета 15 пар майткаў, чатыры спартыўныя гарнітуры і трое штаноў. Слухач таксама разважае пра тое, што Аляксандар Лукашэнка памілаваў пухавіцкіх забойцаў, якія ўчынілі самасуд над аднавяскоўцам. А юрыст Сяргей Альфер адказвае на пытаньне, наколькі адпавядае беларускаму заканадаўству такі інстытут мясцовага самакіраваньня, як старасты.

Многія беларускія мэдыі паведамілі пра наступнае здарэньне на беларуска-украінскай мяжы: 3 жніўня памежнікі на ўезьдзе ў Беларусь затрымалі грамадзяніна Ўкраіны. На ім было надзета 15 пар майткаў, чатыры спартыўныя строі і трое штаноў. Кантрабанду ацанілі ў 650 тысяч рублёў.

Спадар: “Паглядзеў сюжэцік — не магу да гэтага часу супакоіцца. Такім бадзёрым голасам камэнтатар і пасьля яшчэ адзін там супрацоўнік мытні. Быў сюжэт пра тое, якую пільнасьць праявілі нашы доблесныя мытнікі. Зьвярнулі ўвагу на грамадзяніна Ўкраіны, які, маўляў, нібыта не па сэзоне быў апрануты. Распранулі яго, выявілася на ім тры спартовыя касьцюмы, некалькі майткаў, і вось, небарака, сказалі, што пагражае яму адміністратыўнае пакараньне за вось гэтую правіну. Нават у саюзныя, у СССР-аўскія гады такога не было. Памятаю, едзеш сам за мяжу, у дзевяностых гадах надзяеш там двое джынсаў — усе мытнікі ўсьміхаюцца, разумеюць, але ніхто не падлічваў, колькі ён, выбачайце, вязе майткаў. Самае цікавае, што пасьля гэтага даводзіцца літаральна праз пару хвілін чуць словы пра тое, якая наша дзяржава дружалюбная, — запрашае ўсіх замежных турыстаў у госьці да нас. Мне вельмі сорамна за нашу краіну. І сорамна, што я тут жыву з такімі законамі”.

Слухачы працягваюць абмяркоўваць памілаваньне Аляксандрам Лукашэнкам двух забойцаў зь вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёну. Нагадаю, што Сяргей Аліфяровіч ды Ігар Макарэвіч былі пакараныя судом на 5 і 3 гады пазбаўленьня волі за забойства аднавяскоўца, якога падазравалі ў падпалах:

Генадзь, Мядзель: “Вельмі шмат абмяркоўваецца памілаваньне прэзыдэнта наконт забойцаў падпальніка. А вы пастаўце сябе на месца тых, што пазбавіўся ў адну хвіліну свайго нажытага дабра і ня ведае, як жыць далей, як усё гэта аднавіць. Асудзіць лягчэй. Вы асудзіце ўладу, чаму яна не абараняе насельніцтва, а заахвочвае тых, хто творыць зло”.

Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:

Спадар: “Вось толькі што па тэлевізіі сюжэт: у Гродзенскай вобласьці і на Берасьцейшчыне, здаецца, ёсьць такія, у рамках мясцовага самакіраваньня, так званыя старасты. Вось тут быў сюжэт, і сказалі, што яны зьбіраюцца ў сельскім савеце. Вось цікавая, парадаксальная сытуацыя, як гэты так званы інстытут старастаў суадносіцца з Канстытуцыяй, зь іншымі законамі аб самакіраваньні і ўвогуле аб уладзе? Хацелася б пачуць меркаваньне, ці каб хто-небудзь са спэцыялістаў патлумачыў гэтую такую анахранічную, можна сказаць, зьяву на Беларусі, як старасты”.

На пытаньне слухача адказвае юрыст Сяргей Альфер:

“У Канстытуцыі пытаньне мясцовага самакіраваньня аднесенае да ведама закону. У законе аб дзяржаўным кіраваньні і мясцовым самакіраваньні старасты ўзгадваюцца. Гэта адзін з варыянтаў самакіраваньня: народ выбірае старасту, і стараста адстойвае іхныя інтарэсы. Гэтая форма мае права на існаваньне. Гэта дастаткова нармальная зьява, мае права на існаваньне. Калі гэта не была 100-адсоткавая ініцыятыва ўладаў, стараста сьвядома выбраны мясцовым насельніцтвам, а не прызначаны для галачкі, і гэты стараста працуе з органамі ўлады, гэта можна толькі вітаць”.


Тэлефон “Свабоды” у Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG