Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як разгрузіць склады? Скараціць вытворчасьць!


Сёньня прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі заслухаў справаздачы ўрадавых чыноўнікаў пра тое, як нацыянальная эканоміка працавала сёлета ў першым паўгодзьдзі. Прамысловая вытворчасьць скарачаецца, запасы непрададзенай прадукцыі працягваюць расьці. Урадоўцы абяцалі, што сытуацыю выправяць. На чым грунтуецца такі аптымізм?


СЛУХАЦЬ:


На паседжаньні было агучана: вытворчасьць прамысловай прадукцыі за першыя 6 месяцаў 2009 году зьнізілася, склаўшы да аналягічнага пэрыяду мінулага году 96%. Між тым прагнозы на пэрспэктыву гучэлі пераважна аптымістычныя. Так, першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка запэўніў: па выніках году паказьнікі будуць гэткія ж, як і леташнія.

Шмат гаварылі пра складзкія запасы. Як лічыць Сямашка, у другім паўгодзьдзі чакаецца зьніжэньне затаваранасьці — ад цяперашніх 95% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці да 75%. Паводле ягоных словаў, у апошнія месяцы прадаецца ўсё, што вырабляецца, тым часам як на пачатку году чвэрць прадукцыі складавалася. Праўда, запасы мяркуецца зьмяншаць перадусім праз скарачэньне вытворчасьці незапатрабаванай прадукцыі.

На думку эканаміста Валерыя Кругавога, які цяпер жыве ў Польшчы, Беларусь аб’ектыўна ня можа быць у лепшым становішчы, чым іншыя краіны, апанаваныя эканамічным крызісам. Таму аптымізм беларускіх чыноўнікаў ён лічыць неабгрунтаваным:
Тыя, хто пазьней у крызіс трапіў, пазьней зь яго і выйдуць

“Маё меркаваньне як эканаміста — ня ўсе стадыі гэтага крызісу ўвогуле яшчэ пройдзеныя. Як мінімум гэта яшчэ 3, 4, а то і 5 гадоў з улікам стадыі выхаду зь яго. Уваходжаньне ў крызіс працягваецца, недзе год у яго будуць уваходзіць, будуць казаць пра іншыя стадыі, іншыя моманты. 1,5—2 гады — пэўныя ваганьні ў розныя бакі, і толькі потым, як звычайна, — выхад. У гэтым сэнсе яшчэ толькі пачатак, для Беларусі ва ўсялякім выпадку. Беларусь у сілу спэцыфікі эканомікі, палітычнай улады ў крызіс трапіла, скажам так, дзесьці на яго трэцяй стадыі. Але будзе яшчэ некалькі стадыяў. Як падказвае лёгіка, тыя, хто пазьней у крызіс трапіў, пазьней зь яго і выйдуць”.

Адказнасьць за падзеньне аб’ёмаў вытворчасьці ў І паўгодзьдзі больш як на 20% ускладзеная на Міністэрства прамысловасьці. З-за рэзкага зьніжэньня рэалізацыі трактароў і самазвалаў затавараныя прылеглыя тэрыторыі МАЗу, БелАЗу, МТЗ. Трактарабудаўнікі за 6 месяцаў прадалі ў Расею 6 тысяч трактароў, хоць за такі ж пэрыяд летась — удвая больш. Значна горшыя справы ў аўтазаводцаў: за паўгода ў Расею прададзена блізу васьмі сотняў машынаў, што ледзьве ня ў 10 разоў меней за леташнія паказьнікі. Чыноўнікі казалі пра неабходнасьць дывэрсыфікацыі паставак. У якасьці ўзору называлася Вэнэсуэла, дзе вядзецца стварэньне зборачных вытворчасьцяў трактароў і грузавікоў.

Колішні памочнік генэральнага дырэктара МАЗу Валянцін Лопан кажа, што тэарэтычна такія пэрспэктывы магчымыя, аднак рэалізацыя праектаў патрабуе шматмільярдных укладаньняў. А ва ўмовах крызісу на такія выдаткі пайсьці няпроста:
Калі ёсьць рэвалюцыйнае жаданьне — стварыць у сябе цэлую галіну прамысловасьці — то трэба дапамагаць гэта рабіць

“Дзе ў сьвеце зараз не складуюць прадукцыю? Таму справа ня ў гэтым. Але калі ў Вэнэсуэле ёсьць рынак збыту, ёсьць грошы (гэта нафтавая краіна, а нафта, дзякуй Богу, пайшла ўверх), то гэта, безумоўна, трэба скарыстаць. Калі там жадаюць, каб мы пабудавалі заводы, дзе потым яны будуць самі вырабляць прадукцыю, трэба ўзгадняць умовы, глядзець, які наш інтарэс, у чым ён. Былі размовы, каб у выпадку з аўтамабільным заводам ня проста зборка была з нашых машынакамплектаў, але самім і маторы рабіць. На маю думку, яны не зусім добра ўяўляюць, што гэта такое — поўны цыкл вытворчасьці ад рухавіка да аўтамабіля. Гэта калясальныя інвэстыцыі, мільярды даляраў. І ўсё ж калі ёсьць рэвалюцыйнае жаданьне — стварыць у сябе цэлую галіну прамысловасьці — то трэба дапамагаць ім гэта рабіць”.

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэту Ўладзімер Зіноўскі сёньня паведаміў: адмоўнае сальда зьнешняга гандлю за паўгодзьдзе склала амаль 4 мільярды даляраў, што ў 1,8 раза больш за адпаведную лічбу першага паўгодзьдзя 2008-га. Адна з прычынаў — скарачэньне экспарту на 47%. Пры гэтым, паводле дадзеных камітэту, валавы ўнутраны прадукт у студзені-чэрвені павялічыўся ў параўнаньні зь леташнім пэрыядам на 0,3%, а чэрвеньскі сярэднемесячны заробак на тле травеньскага падвысіўся на 3,6%. У выпадку з заробкам, як заўважае эканаміст Леанід Злотнікаў, варта ўлічваць выплату так званых “адпускных” у сэзон адпачынкаў. А ўвогуле сытуацыя з аплатай крытычная — прадпрыемствы на 80—90% выплачваюць заробкі коштам узятых у банках крэдытаў:
оМжна чакаць, што будзе далейшае зьніжэньне ўзроўню жыцьця — паніжэньне заробкаў або падвышэньне коштаў

“Цяжка пагадзіцца з тым, што цяпер увогуле існуюць нейкія добрыя паказьнікі. Можа, яны і добрыя, але не такой велічыні, як падае статыстыка. Грунтуючыся на паказьніках мінулага дзесяцігодзьдзя, я бачу: статыстычныя дадзеныя, якія датычацца валавога ўнутранага прадукту і заробкаў, прыкладна ў 1,8 раза завышаныя ў параўнаньні з тым, што павінна быць. Я маю на ўвазе — у параўнаньні зь іншымі краінамі, бо параўноўваў статыстыку з расейскай ды іншымі. Відавочна, што лічбы завышаныя. Увогуле дзяржава можа яшчэ месяцы два падтрымліваць пэўны ўзровень, але што будзе далей — казаць цяжка, бо заканчваюцца ўсялякія зьнешнія пазыкі. Таму можна чакаць, што будзе далейшае зьніжэньне ўзроўню жыцьця — паніжэньне заробкаў або падвышэньне коштаў. А гэта фактычна адно і тое ж”.

Дзеля максымальнай загрузкі беларускіх прадпрыемстваў сёньня чарговым разам агучаная ініцыятыва на скарачэньне імпартнага складніка ў эканоміцы Беларусі. Уладзімер Сямашка паведаміў, што комплекс мерапрыемстваў замацоўвае за кожным міністэрствам і ведамствам пэўныя долі завезенай сыравіны і камплектуючых. Так, у аб’ёме вытворчасьці на 2009 год імпартны паказьнік павінен быць зьніжаны на 10%. Аднак палітыка на імпартазамяшчэньне павінна набіраць усё большыя абароты.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG