Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ці мяняецца замежная палітыка Беларусі?”


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 24-га ліпеня

У чацьвер Аляксандар Лукашэнка правёў нараду з кіраўнікамі беларускіх замежных устаноў. Чаму Беларусь ня будзе рабіць выбар паміж Расеяй і Эўразьвязам? У чым прычына абвастрэньня адносінаў з Масквой? Ці дапамогуць дыпляматы пераадолець эканамічны крызіс?

Удзельнікі: дырэктар зарэгістраванага ў Літве Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Віталь Сіліцкі і кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Аляксандар Класкоўскі
Віталь Сіліцкі
Валер Карбалевіч


Выбар паміж Расеяй і Эўразьвязам


Валер Карбалевіч : “Зусім нядаўна замежная палітыка была простая і зразумелая. Расея была галоўным саюзьнікам, сябрам, старэйшым братам, абаронцам, Захад — ворагам, які цісьне на Беларусь, ставіць жорсткія ўмовы, уводзіць санкцыі, падтрымлівае праціўнікаў Лукашэнкі. Таму Беларусь сябруе з Расеяй і знаходзіцца ў стане “халоднай вайны” з Захадам.

І вось усё памянялася. Здаецца, ключавая фраза Лукашэнкі на ўчорашняй нарадзе: “Беларусь ня будзе рабіць выбар паміж Расеяй і Эўразьвязам”. Гэта значыць, што цяпер і РФ, і ЭЗ — раўнапраўныя партнэры з гледзішча беларускіх інтарэсаў, ніякіх прывілеяваных адносін з Масквой ужо ня будзе. А потым Лукашэнка заяўляе: “Беларусь лічыла і лічыць Расею сваім галоўным саюзьнікам”. Гэта ўзаемавыключальныя тэзы. Як тут разабрацца?“

Віталь Сіліцкі: “Рыторыка звыклая, але я б зьвяртаў увагу не на рыторыку, а на канкрэтыку. Апошнім годам адбыліся пэўныя зьмены. З аднаго боку, канфлікты з Расеяй сталі больш інтэнсіўнымі і балючымі.

Зь іншага боку, беспрэцэдэнтны для лукашэнкаўскай Беларусі ўзровень ангажаваньня з ЭЗ.
Aдносіны з Эўропай — гэта адаптацыйны сцэнар карэкцыі існуючага рэжыму, зьвязаны з тым, што Масква ўжо не гатовая яго падтрымліваць у ранейшым аб’ёме.
Для Лукашэнкі ЭЗ патрэбен настолькі, каб зьмінімізаваць самыя нахабныя захады Крамля. І ня больш за тое. Зь мінімумам саступак. Але ўсё роўна дамінуючым вэктарам застаюцца дачыненьні з Расеяй. А адносіны з Эўропай — гэта адаптацыйны сцэнар карэкцыі існуючага рэжыму, кампэнсацыйны сцэнар, зьвязаны з тым, што Масква ўжо не гатовая яго падтрымліваць у ранейшым аб’ёме”.

Аляксандар Класкоўскі: “Сапраўды, усе выступы Лукашэнкі супярэчлівыя. Гэта тлумачыцца тым, што, з аднаго боку, выступ — гэта піяр. Таму гучаць тэзы пра мудрасьць замежнай і ўнутранай палітыкі, якую мы ня будзем пераглядаць.

А зь іншага боку, трэба даць рацыянальную ўстаноўку дыпляматам. І таму гучыць тэзіс, што мы будзем трымаць парытэт паміж Усходам і Захадам. І гэта гучыць як рэвалюцыйны паварот. Апошнім годам адбылося істотнае пераасэнсаваньне замежнапалітычных арыенціраў. Даводзіцца, пераступаючы церазь сябе, напаўняць рэальным зьместам тэзу пра шматвэктарнасьць замежнай палітыкі. Дарэчы, Лукашэнка прагаварыўся, што раней палітыка была аднамернай”.

Адносіны з ЭЗ


Карбалевіч: “Што тычыцца дачыненьняў з ЭЗ, то Лукашэнка папярэдзіў эўрапейскіх палітыкаў, каб яны ня ставілі ўмовы, бо, маўляў, эўрапейская дэмакратыя нашаму народу непатрэбная. Таму ЭЗ не павінен мець ніякіх ілюзій наконт гэтага”.

Сіліцкі: “Падаецца, што ёсьць ілюзіі ў беларускага кіраўніцтва наконт таго, ці ўдасца захаваць патрэбны ім узровень ангажаванасьці без выкананьня палітычных умоваў. А Менск просіць у ЭЗ грошай. Думаю, што побач з такой жорсткай рыторыкай насамрэч саступкі ціхай сапай будуць ісьці”.

Класкоўскі: “Зноў жа тут ёсьць піяраўскі складнік. Усе гэтыя развагі пра чужыя дэмакратычныя шаблёны, якія нам не пасуюць, бо ў нас самабытны мэнталітэт. Заўжды, калі заводзяць гаворку пра “сувэрэнную дэмакратыю”, гэта патыхае аўтарытарызмам.

Але, зь іншага боку, Менск зацікаўлены ў прагматычных адносінах з ЭЗ. Варта падкрэсьліць, што Лукашэнка заклікаў пераймаць досьвед Эўропы. То бок ёсьць вялікая зацікаўленасьць у мадэрнізацыі беларускай эканомікі. Зразумела, што Расея тут мала дапаможа. Таму трэба паляпшаць стасункі з Захадам і нават ісьці на саступкі ў такіх нялюбых беларускім уладам галінах, як правы чалавека”.

Дачыненьні з Расеяй


Карбалевіч: “Што тычыцца дачыненьняў з Расеяй, то Лукашэнка прызнаў, што тут праблемы абвастраюцца, Масква ўзмацняе ціск. Саюзная дзяржава — даўгабуд. Крэмль праводзіць імпэрскую палітыку. Падалося, што крытыка пазыцыі Расеі была больш жорсткая, чым палітыкі ЭЗ”.

Сіліцкі: “Для рэжыму Лукашэнкі эканамічныя і палітычныя пагрозы з боку Расеі большыя, чым з боку ЭЗ. Масква працуе „па паняцьцях“. Той фармат правілаў гульні ў дачыненьнях Беларусі і Расеі, які існаваў сяк-так да апошняга году, пачаў мяняцца. А новага фармату няма. Яго няма і ў дачыненьнях з ЭЗ. Таму цяпер вельмі шмат невядомых пераменных”.

Класкоўскі: “Лукашэнка шмат гадоў быў вялікім энтузіястам інтэграцыі. Таму цяпер яму трэба захаваць твар. І ён кажа, што саюзны праект ня ёсьць утопіяй, даўгабудам. Як часта адбываецца з выступамі Лукашэнкі, трэба павыкрэсьліваць адмоўе “не”, і ісьціна становіцца зразумелай.

Упершыню было сказана, што супярэчнасьці з Расеяй маюць сыстэмны характар.
Упершыню было сказана, што супярэчнасьці з Расеяй маюць сыстэмны характар.
Раней усё сьпісвалася на “ворагаў інтэграцыі”, асаблівасьці характару расейскіх кіраўнікоў. Цяпер Лукашэнка кажа, што з боку Расеі ёсьць пагроза “цяжкавагавай дзяржаўнасьці”. Мэтафара трохі дзіўнаватая, але сэнс той самы: ідзе імпэрскі націск. Нарастаньне супярэчнасьцяў у стасунках з Расеяй будзе змушаць Менск дрэйфаваць далей ад Масквы”.

Ці дапамогуць дыпляматы пераадолець эканамічны крызіс?


Карбалевіч: “Ці не цэнтральнай ідэяй учорашняй нарады стала патрабаваньне, каб дыпляматы дапамаглі Беларусі пераадолець эканамічны крызіс, прадаць за мяжой прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў, якая перапоўніла склады. Прэзыдэнт назваў гэтую задачу стратэгічным пытаньнем „выжываньня нашай дзяржавы“. Наколькі рэалістычныя такія спадзевы?”

Сіліцкі: “Дыпляматы заўсёды займаюцца прасоўваньнем гандлёва-эканамічных інтарэсаў краіны. Але яны ня могуць замяніць мэнэджмэнт, маркетынг прадпрыемстваў, дамагчыся, каб беларускія тавары адпавядалі сусьветным стандартам.

Таму дыпляматаў выкарыстоўваюць як ахвярных казлоў. Бо ўлады ня могуць адмовіцца ад плянавых эканамічных парамэтраў, дзякуючы якім склады запаўняюцца непатрэбнай прадукцыяй”.

Карбалевіч: “Вось амбасадар Беларусі ў Расеі Даўгалёў прывёў прыклад, што ў Расеі не хапае запчастак для беларускіх трактароў і там прадаюць падробкі. Гэта клясычная мадэль працы савецкага прадпрыемства, якое працуе на валавыя паказчыкі. МТЗ выгадна выпускаць трактары, але нявыгадна вырабляць запчасткі, бо зь іх дапамогай немагчыма выканаць плян па валу”.

Класкоўскі: “Ня першы раз перад дыпляматамі ставіцца задача, каб яны ператвараліся ў дылераў. Але цяпер прагучалі і новыя ноткі. Лукашэнка казаў, што мяняецца сьветапарадак, таму трэба знайсьці сваю нішу, уплішчыцца. Трэба мяняць кадры, прадпрыемствы павінны мець новыя сайты (раней Лукашэнка казаў пра інтэрнэт толькі тое, што гэта вялікая памыйка), сорамна, калі на прадпрыемствах кідаюць слухаўку, пачуўшы замежную мову. Але праблема ў тым, ці здолее ўлада адказаць на выклікі, пераступіць церазь сябе. Бо гэта вымагае мадэрнізацыі ва ўсіх сфэрах, рашучых рэформаў, якія ствараюць новыя рызыкі для самой улады. І пытаньне ў тым, ці зможа яна адэкватна адказаць на гэтыя выклікі часу.

Усё ж пэўная гнуткасьць, позывы да мадэрнізацыі ў дзейнасьці ўладаў ёсьць. Нават калі гэта гнуткасьць бізуна, зь якім бегае па сцэне Лукашэнка. Але гэта адбываецца “празь не хачу”, калі не сказаць больш груба”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG