Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Італьянцы вывучылі слова “bat’ka”


Аляксандар Лукашэнка ў часе параду
Аляксандар Лукашэнка ў часе параду

Шэраг эўрапейскіх выданьняў пішуць пра пышныя сьвяткаваньні Менскам 65-й гадавіны вызваленьня Беларусі ад нацыстаў, якія прайшлі на фоне эканамічнага крызісу.


“Сюррэалістычным шоў у цэнтры Эўропы” назвала галяндзкае выданьне Volkskrant вялікае прадстаўленьне 3-га ліпеня. Выданьне піша пра ваенны парад, які нагадваў спэктакль “лялек - марыянэтак”, пра прэзыдэнта ў ваеннай форме, які прымаў парад разам з апранутым у вайсковую вопратку 5-гадовым сынам Міколам, пра масавыя гуляньні беларусаў, народныя танцы у нацыянальных строях, тысячы дзяцей з яркімі каляровымі сьцяжкамі і кветкамі…

“Па сутнасьці, гэта карцінка “міні-Савецкага Саюзу”, ёсьць свайго роду карыкатурай на краіну, якая геаграфічна знаходзіцца ў цэнтры Эўропы і чый прэзыдэнт апошнім часам усё часьцей дэманструе свой флірт з ЭЗ. Зразумела, Эўропа ня стала палітычнай мадэльлю для Беларусі. Яна патрэбная Менску як крыніца інвэстыцыяй”,-- піша галяндзкае выданьне Volkskrant.

Італьянскае выданьне Il Legno Storto называе А. Лукашэнку беларускім словам “бацька” ў італьянскай транскрыпцыі -- “bat’ka”:

“Нават нягледзячы на эканамічны крызыс, “бацька” не захацеў адмовіцца ад традыцыйнага ваеннага параду, у якім ўзялі ўдзел болей за 3 тысячы вайскоўцаў, ракетныя сыстэмы С-300, рэактыўныя сыстэмы “Смерч” і “Град”, вялікая колькасьць іншай баявой тэхнікі”, піша італьянскае выданьне Il Legno Storto.

Пры канцы параду беларускі кіраўнік сказаў, што “крыніцай сувэрэнітэту Беларусі зьяўляецца воля народу”. Паводле ягоных слоў, сваю свабоду і незалежнасьць беларускі народ адстаяў, дзякуючы “выключнай дапамозе Чырвонай арміі”. Такім чынам беларусы не дазволілі гітлераўскім акупантам паставіць іх на калені” . Беларускі кіраўнік чарговым разам нагадаў, што беларусы і расейцы з’яўляюцца адным народам, і што “Беларусь не гандлюе дружбай з Расеяй”.

"Беларускі рэжым наўмысна сьцірае факты, якія не адпавядаюць камуністычнай ідэалёгіі”,-- італьянскае выданьне цытуе словы менскага філёзафа Алеся Анціпенкі. Навуковец лічыць, што гаворачы пра незалежнасьць беларусаў, варта было б ўзгадаць і БНР, постсавецкую Беларусь, а таксама каштоўны досьвед Вялікага княства літоўскага, а не ўзгадваць старыя савецкія міты пра Вялікую айчынную вайну”.

Як піша італьянскае выданьне, “адкладзем у бок гістарычныя дыскусіі” і адзначым, што “апошнім часам Масквой заўважаныя зусім іншыя сыгналы афіцыйнага Менску. Тое ж непрызнаньне Беларусьсю Абхазіі ды Паўднёвай Асэтыі. Усё гэта ня можа не выклікаць помсты з боку Крамля. Пасьля “малочнай вайны” Масква можа аб’явіць газавую ці нейкую іншую. Сёлетняе лета абяцае быць гарачым для Беларусі, мяркуе Il Legno Storto .
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG