Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Э. Зэльцэр: Жыцьцё вартае раману


Учора грамадзянін ЗША Эмануіл Зэльцэр быў вызвалены з калёніі ў Магілёве ўказам прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі і адляцеў у Нью-Ёрк. Закончыўся амаль чатырнаццацімесячны "беларускі эпізод" жыцьця спадара Зэльцэра, які ён, відавочна, ня будзе згадваць са шкадаваньнем. За яго заступіліся і праваабарончыя арганізацыі, і афіцыйны Вашынгтон — а пра гэта можна распавядаць унукам. Ня кожнаму, хто ўваходзіць у калізію з законам, так шанцуе.

Спадар Зэльцэр вярнуўся ў краіну, дзе яго ўжо некалькі разоў спрабавалі асудзіць за махлярства, уключна з падробкай дакумэнтаў, але нікому ў ЗША гэта не ўдалося. Удалося беларускай судовай сыстэме, якая, нагадаем, прысудзіла яму тры гады пазбаўленьня волі за спробу эканамічнага шпіянажу і фальшаваньне дакумэнтаў. Сумневы наконт таго, ці суд быў справядлівы, у шырэйшай публікі застануцца, паколькі суд быў засакрэчаны і ніякай канкрэтнай інфармацыі пра справу ў сьвет не прасачылася. Ці мы калі-небудзь даведаемся нешта канкрэтнае пра характар абвінавачаньня Зэльцэра ў Беларусі?

Але жыцьцё Зэльцэра да ягонага няўдалага палёту зь Лёндану ў Менск у сакавіку 2008 году на самалёце расейскага алігарха Барыса Беразоўскага стала аб’ектам некалькіх журналісцкіх дасьледаваньняў на Захадзе. З таго, што нам удалося сабраць з розных прэсавых артыкулаў і інтэрнэтных сайтаў, узьнікае вобраз Эмануіла Зэльцэра як надзвычай калярытнага пэрсанажа, які мог бы стаць героем неблагога авантурнага раману ў стылі Ільфа і Пятрова.

Піяніст і фінансавы кансультант

Эмануіл Зэльцэр нарадзіўся ці то ў 1953, ці то ў 1954 годзе. Месца нараджэньня таксама неадназначнае — адны крыніцы называюць Кемерава, іншыя Кішынэў. У 1971-73 годзе ён вучыўся ў клясе фартэпіяна Малдаўскага дзяржаўнага інстытуту мастацтваў. Пасьля Зэльцэр нібыта гаварыў, што ён вучыўся ў Маскоўскай кансэрваторыі. І ён яшчэ нібыта сьцьвярджаў, што вучыўся на юрыдычным факультэце Кішынэўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, які выдаў яму дыплём юрыста. Але гэтае сьцьвярджэньне неааднаразова ў ягоным пазьнейшым жыцьці ставілася экспэртамі пад сумнеў.

У 1974 годзе Зэльцэр эміграваў у Ізраіль як адзін зь першых эмігрантаў з СССР па гэтак званай "габрэйскай квоце". А з Ізраілю Зэльцэр адразу перабраўся ў ЗША, у штат Тэксас, дзе працаваў прыбіральнікам у гамбургернай забягалаўцы і піяністам у стрыптыз-бары. У 1975 годзе Зэльцэр апынуўся ў Нью-Ёрку, дзе таксама спрабаваў вучыцца ў кансэрваторыі. У 1980 годзе ён адкрыў першае расейскамоўнае радыё ў Нью-Ёрку, якое нібыта хутка збанкрутавала і знайшлося ў полі зроку тамтэйшай пракуратуры. Як адзначае амэрыканская прэса, Зэльцэра ў ЗША спрабавалі прынамсі тры разы асудзіць за махлярства.
У найбольш сур’ёзнай справе Зэльцэра абвінавацілі ў незаконным захопе мэдычнай клінікі. Зэльцэр, які быў фінансавым кансультантам клінікі ў Нью Джэрзі, паводле абвінавачаньня, у 1988 годзе пранік у клініку, забраў статутныя дакумэнты, памяняў замкі, а потым заявіў, што клініка належыць яму. Уладальнікі клінікі падалі на яго ў суд, і ў 1997 годзе суд абавязаў Зэльцэра выплаціць ім 2 мільёны даляраў кампэнсацыі.

Адвакат і экспэрт па расейскай мафіі

У 1990 годзе Зэльцэр атрымаў ліцэнзію на адвакацкую дзейнасьць. Для допуску на экзамэн Зэльцэр паказаў дыплём юрыдычнага факультэту Кішынэўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і даведку аб паступленьні на факультэт права Дэнвэрскага ўнівэрсытэту.

У 1993 годзе Зэльцэр стаў працаваць як юрыст у філіяле расейскага Інкомбанку ў Нью-Ёрку. У 1994 годзе банк звольніў Зэльцэра і падаў на яго ў суд, абвінавачваючы яго ў крадзяжы 5,6 мільёна даляраў. У абвінавачаньні было напісана, што Зэльцэр — гэта "кар’ерны махляр", для якога "падробка дакумэнтаў стала рутынным заняткам". Зэльцэр у сваю чаргу абвінаваціў Інкомбанк у крадзяжы грошай акцыянэраў і ўкладальнікаў. Судовая спрэчка так і засталася нявырашанай, бо Інкомбанк збанкрутаваў у 1998 годзе.

У 1994 годзе Зэльцэр стаўся адным з важных сьведкаў у расьсьледаваньні ФБР адмываньня грошай расейскай мафіяй праз Bank of New York. Як экспэрт па арганізаванай злачыннасьці ў Расеі, Зэльцэр сьведчыў перад Кангрэсам ЗША і часта зьяўляўся ў CNN, Fox News ды іншых СМІ. Гэтая мэдыйная слава дала Зэльцэру адваротны вынік, калі "New York Times" у 2000 годзе напісаў, што адзін з дакумэнтаў, прадстаўленых Зэльцэрам у доказ адмываньня грошай банкам, аказаўся звычайнай фальшыўкай. Іншыя доказы Зэльцэра таксама рассыпаліся. Зэльцэр пасьля таго зьнік з публічнага жыцьця ЗША ажно да 12 сакавіка 2008 году, калі быў затрыманы ў Менску.

Юрыст алігархаў

Паводле вэрсіі, якую распаўсюдзіў у СМІ Марк Зэльцэр, брат Эмануіла Зэльцэра, гэты апошні стаўся ахвярай помсты расейскага алігарха Барыса Беразоўскага, зь якім ён нібыта не дамовіўся наконт некаторых рэчаў, зьвязаных са спадчынай грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі.

Пасьля нечаканай сьмерці Патаркацышвілі ў лютым 2008-га шмат хто спадзяваўся, што спадчыну атрымае ўдава па алігарху і ягоныя дзеці. Аднак выявілася, што паводле раней не вядомага тэстамэнту, які Патаркацышвілі нібыта зрабіў у прысутнасьці Зэльцэра, алігарх прызначыў распараднікам сваёй маёмасьці далёкага сваяка, Джозэфа Кэя. Грузінскі суд прызнаў сапраўднасьць гэтага тэстамэнту, і Кэю ўдалося прадаць адну грузінскую тэлестанцыю, якая належала Патаркацышвілі. Але далейшае распараджэньне маёмасьцю алігарха было заблякаванае пазовам удавы, якая абвінаваціла Зэльцэра ў сфальшаваньні тэстамэнту на карысьць Кэя.

Якая тут роля Барыса Беразоўскага? Дакладна не вядома, але ў СМІ зьявіліся домыслы, што Беразоўскі, які спачатку падтрымліваў удаву, пасьля сустрэчы з Зэльцэрам зьмяніў фронт і пастанавіў працаваць разам зь ім. Паводле судовага абвінавачаньня ўдавы, Зэльцэр і Беразоўскі вырашылі падзяліцца спадчынай Патаркацышвілі, аддаючы сям’і памерлага грузінскага алігарха ўсяго 15 адсоткаў. Ці было так — ніхто дакладна ня ведае.

Няясна таксама, чаго Зэльцэр паляцеў на самалёце Беразоўскага зь Лёндану ў Менск, дзе яго, разам з сакратаркай Уладленай Функ, арыштавалі адразу на лётнішчы. Функ заявіла прэсе пасьля таго, як адседзела свой гадавы прысуд у Беларусі, што яе і Зэльцэра даставілі ў Менск супраць іх волі. Функ сказала, што пасьля вячэры зь Беразоўскім яны страцілі прытомнасьць і апрытомнелі ўжо ў самалёце, які ляцеў у Менск.

Праўда гэта ці байка — невядома. Але ўся гэтая гісторыя, няма сумневу, вартая хутчэй пісьменьніцкага, чым журналісцкага падыходу...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG