Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць ахвотных здаваць беларускую мову падае


15 чэрвеня ў Беларусі пачалося цэнтралізаванае тэставаньне — агульнанацыянальная праверка ведаў, па выніках якой можна будзе паступіць у ВНУ. Першы іспыт, які здавалі абітурыенты, — беларуская мова.

Колькасьць ахвотных здаваць беларускую мову сёлета зьменшылася. 65 тысяч — гэта 37% ад агульнай колькасьці тых, хто здае мовы. Для параўнаньня — летась беларускую мову здавалі 68 тысяч, у 2007 годзе — 82 тысячы. На тэст па расейскай мове зарэгістравалася 110 тысяч (летась яе здавалі 107 тысяч). Такім чынам, колькасьць выпускнікоў, якія выбіраюць беларускую мову, штогод зьмяншаецца.

На выкананьне заданьня па беларускай мове даецца дзьве гадзіны. У будынкі, дзе праводзіцца тэставаньне, прапускаюць толькі сяброў камісіі і абітурыентаў з пашпартам, пропускам і асадкай — ніякіх сумак, мабільных тэлефонаў, іншых рэчаў. У сквэрыку БДУ гутару з абітурыентамі, якія толькі што выканалі тэставыя заданьні.

Карэспандэнтка: “Ці цяжкі сёньня быў тэст?”

Хлопец: “Так, „А“ заданьне было вельмі складанае для мяне”.

Дзяўчына: “Ня вельмі складаны”.

Юнак: “Так, даволі складаны. Я школу ўжо даўно скончыў, крыху ўжо забылася беларуская мова”.

Дзяўчына: “У гэты раз ня вельмі складаны тэст. Пробны тэст быў значна цяжэйшы”.

Карэспандэнтка: “А што было складанага менавіта для вас, якія каверзныя пытаньні?”

Дзяўчына: “Для мяне заўсёды знакі прыпынку складаныя, а яшчэ параўнальныя звароты”.

Дзяўчына: “Некаторыя заданьні неверагодна складаныя, я не змагла іх выканаць”.

Хлопец: “Не, зусім не складаныя, я добра падрыхтаваўся”.

Карэспандэнтка: “А дзе вы вучыліся, у якой школе?”

Хлопец: “У ліцэі БДУ на філялягічным профілі, таму мне яны лягчэйшымі падаліся. Я наведваў спэцкурс па беларускай мове і сам рыхтаваўся самастойна”.

Карэспандэнтка: “Па-за школьнай праграмай там былі пытаньні? Хапала школьных ведаў ці ўсё ж такі трэба было займацца з рэпэтытарамі?”

Юнак: “Адназначна трэба было займацца з рэпэтытарамі, таму што не хапала ведаў”.

А што кажуць настаўнікі? Як яны ацэньваюць тэст па беларускай мове? Выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Валерыя Сом выказала такое меркаваньне:

Валерыя Сом
“Я лічу, што заданьні даюцца не па школьнай праграме, а значна больш складанага ўзроўню. Калі браць чыста школьную праграму, прыкладна палова таго, што ёсьць у тэстах, праходзіцца ці факультатыўна, ці, як кажуць, павярхоўна. А выкананьне заданьняў патрабуе ведаў даволі глыбокіх. Звычайны нармальны школьны курс дае асноўны набор нейкіх ведаў, ён не паглыблены, а разьлічаны на тое, каб чалавек пісьменна арыентаваўся ў дакумэнтах, мог граматна ліст напісаць, нешта запоўніць, выказаць сваю думку ў пісьмовай форме — такі вось сярэднестатыстычны варыянт. А на тэставаньні заданьні такія, якія патрэбны фактычна філёлягам, якія ўжо ў мову ідуць як у прафэсію. І мне здаецца, што гэта не зусім добра”.

Летась вынікі цэнтралізаванага тэставаньня былі ня вельмі пасьпяховымі: амаль палова выпускнікоў напісала матэматыку, траціна — расейскую мову, чвэрць — беларускую мову менш чым на 20 балаў, і таму, ужо падчас іспытаў, мінімум для падачы дакумэнтаў у ВНУ быў зьніжаны: па матэматыцы — да 8 балаў, па мовах — да 13 балаў. Таму сёлета паступаць дазволена ўсім, хто набярэ хаця б адзін бал са 100.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG