Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэнэ Гейбэлс (René Geybels), лідэр найбуйнейшага бэльгійскага прафсаюзу ABVV, які налічвае амаль 1,4 мільёна чальцоў, назваў Беларусь сталым фігурантам справаздач “Міжнароднай Амністыі” ды камітэту нормаў і стандартаў Міжнароднай арганізацыі працы.

Выступаючы на ўчорашнім паседжаньні камітэту МАП у Жэнэве, дзе прымалася рашэньне адносна выкананьня беларускім урадам міжнароднай канвэнцыі № 87 аб свабодзе аб’яднаньняў і абароне права грамадзянаў аб’ядноўвацца ў прафсаюзы, Рэнэ Гейбэлс адзначыў:

“Мы вельмі рады, што пасьля працяглага пэрыяду, калі мы сутыкаліся з палітычным нежаданьнем Менску выконваць гэтую канвэнцыю, мы нарэшце сустракаем афіцыйную пазыцыю, цалкам адрозную ад папярэдніх. Спадзяемся, што наш камплімэнт не абернецца для нас у наступным годзе гэткім халодным душам”.

Паводле Рэнэ Гейбэлса, камітэт МАП узяў пад увагу інфармацыю пра захады беларускіх уладаў для выкананьня рэкамэндацыяў МАП, выкладзеную гэтымі днямі ў Жэнэве віцэ-прэм’ерам Беларусі Аляксандрам Патупчыкам. Аднак камітэту таксама патрабуюцца канкрэтныя гарантыі беларускага боку і дакладны плян выкананьня ўрадам гэтых гарантыяў.

“Ня можа быць ніякіх ілюзіяў, быццам хранічная праблема свабоды прафсаюзаў у Беларусі можа быць вырашана нейкім магічным чынам”, — падкрэсьліў бэльгіец. Ён адзначыў, што тыя, хто хоча ў Беларусі ствараць свабодныя прафсаюзы, праводзіць страйкі і пікеты ў падтрымку правоў працоўных, па-ранейшаму сустракаюць вялізарныя праблемы з боку ўладаў.

Паводле Гейбэлса, “незалежныя прафсаюзы Беларусі па-ранейшаму застаюцца пагрозай для дзяржавы. Па-ранейшаму дзяржава не гарантуе стандартных умоў для разьвіцьця прафсаюзнай дзейнасьці”.

“Мы заклікаем беларускі ўрад падвоіць высілкі для забесьпячэньня поўнай свабоды аб’яднаньняў працоўных”, — заявіў бэльгійскі прафсаюзны дзеяч.

XS
SM
MD
LG