Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хурскайнэн: “Любое супрацоўніцтва пачынаецца з дыялёгу”


Сініка Хурскайнэн
Сініка Хурскайнэн
Кіраўніца падкамітэту па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Сініка Хурскайнэн адказала на пытаньні Свабоды.

Мы пацікавіліся ў спадарыні Хурскайнэн яе прагнозам: ці адновяць беларускай дэлегацыі статус адмыслова запрошанай у ПАРЭ?

— Мы абмяркуем гэтае пытаньне ў чэрвені на паседжаньні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Палітычны камітэт будзе прапаноўваць аднавіць статус адмыслова запрошанай. Калі Беларусь атрымае такі статус, дэлегацыя гэтай краіны зможа прысутнічаць на паседжаньнях ПАРЭ. У яе будзе магчымасьць выказваць сваю пазыцыю, але не галасаваць. І яшчэ адна рэч, вельмі важная: прадстаўнікі апазыцыі таксама змогуць прысутнічаць на паседжаньнях ПАРЭ.

— Ці бачыць спадарыня Хурскайнэн канкрэтныя прыклады прагрэсу ў Беларусі?

— Натуральна, мы маем дыскусію і мы зрабілі вельмі добрую справу зь беларускімі ўладамі. І яшчэ адзін вельмі важны крок — мы адчынілі інфармацыйны пункт Рады Эўропы. Я лічу гэта яшчэ адным доказам таго, што Беларусь хоча супрацоўнічаць.

Кіраўніца падкамітэту па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы таксама пракамэнтавала той факт, што сярод беларускай апазыцыі няма адзінай пазыцыі ў пытаньні, трэба ці не Эўропе весьці дыялёг з афіцыйным Менскам:

— Пункт гледжаньня апазыцыі для мяне нечаканы, бо зь некаторымі зь іх я абмяркоўвала магчымасьць дыялёгу Эўропы і афіцыйных уладаў. І яны выступалі за дыялёг. Я перакананая, што вельмі важна мець гэты дыялёг зь Беларусьсю. Любое супрацоўніцтва пачынаецца з дыялёгу. І я не магу зразумець, чаму ў нас не павінна быць гэтага дыялёгу.



10 чэрвеня на паседжаньні круглага стала “Беларусь: прагрэс лякальнай і мясцовай дэмакратыі і пэрспэктыва будучага супрацоўніцтва” Сініка Хурскайнэн таксама заявіла, што “стасункі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы і Беларусі, мякка кажучы, няпростыя”. Кіраўніца падкамітэту па Беларусі запэўніла ўдзельнікаў Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы, што статус адмыслова запрошанай для дэлегацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў ПАРЭ будзе адноўлены.

Пры гэтым спадарыня Хурскайнэн падкрэсьліла, што факт аднаўленьня — “гэта не канчатковы вынік дыялёгу, а пачатковы пункт”, што маніторынг сытуацыі ў Беларусі будзе працягвацца.

Кіраўнік групы ў справе старшынства Славеніі ў Радзе Эўропы, прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Славеніі Даміян Бэргант (Damian Bergant) заявіў, што ягоная краіна будзе і надалей спрыяць мацаваньню дэмакратыі ў Беларусі і далучэньню краіны да Рады Эўропы.

Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы Ян Мікалеў (Ian Micaleff), у сваю чаргу, заявіў: “Адкрыцьцё інфармацыйнага пункту (Рады Эўропы) -пазытыўны крок наперад”. Пункт пачаў працу ў Менску 8 чэрвеня.

Ян Мікалеў таксама заявіў, што мапа Рады Эўропы “няпоўная безь Беларусі”.

26 траўня палітычная камісія ПАРЭ прагаласавала за тое, каб вярнуць Беларусі статус адмыслова запрошанай. У паведамленьні пра гэта прадстаўнікі ПАРЭ зазначаюць, што вярнуць статус плянуецца дзеля таго, каб “уцягнуць беларускія ўлады ў палітычны дыялёг” і адначасна “падтрымліваць дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасьць”.

Канчатковае рашэньне будзе прынятае на чарговай сэсіі ПАРЭ, якая заплянаваная на 22-26 чэрвеня.

Беларусь атрымала статус адмыслова запрошанай у Парлямэнцкую Асамблею Рады Эўропы ў 1992 г.

Гэты статус быў скасаваны ў 1997 годзе пасьля таго, як у краіне адбыўся канстытуцыйны рэфэрэндум. Прычынаю скасаваньня стала адсутнасьць прагрэсу ў галіне дэмакратызацыі, павагі да правоў чалавека і вяршэнства закону.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG