Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады так і не перапрасілі ўдаву аэранаўта


Памятны знак на месцы гібелі паветраплавальнікаў
Памятны знак на месцы гібелі паветраплавальнікаў

Жонка зьбітага ў верасьні 1995 году ў небе над Бярозай амэрыканскага аэранаўта Джона Ст’юарта днямі дала першае інтэрвію Радыё Свабода. Кэралайн Ст’юарт-Джэрвіс засмучаная, што, страціўшы самага блізкага чалавека, яна так і не дачакалася, каб у яе папрасілі прабачэньня беларускія ўлады. Да таго ж ніхто з афіцыйных асобаў не патлумачыў, ці насамрэч была неабходнасьць зьбіваць паветраны шар. Таксама спадарыня Ст’юарт-Джэрвіс цікавілася ў вашынгтонскага карэспандэнта: ці захоўваецца ў Беларусі памяць пра Джона Ст’юарта і Алана Фрэнкела?

12 верасьня 1995 году некалькі паветраных шароў, якія бралі ўдзел у міжнародных спаборніцтвах паветраплавальнікаў, стартаваўшы ў Швайцарыі, накіраваліся на Ўсход. Аднак да фінішу даляцелі ня ўсе: гандола вопытных падарожнікаў, амэрыканцаў Алана Фрэнкела і Джона Ст’юарта была зьбітая сіламі беларускай супрацьпаветранай абароны і рухнула на ўскрайку дачнага каапэратыву маторарамонтнага заводу і пчалярскага таварыства “Пчолка” блізу Бярозы. Сьведкай расстрэлу паветранага шара была мясцовая пэнсіянэрка Валянціна Салавей, чыё лецішча побач зь месцам падзеньня шара. Яна расказвае, што нэўтралізоўваў аб’ект вайсковы верталёт:

“Лётчык, можа, хвілін 10 ці нават болей над намі лятаў. Я яшчэ махала яму рукамі — маўляў, вось там шар упаў, і муж мой таксама махаў пілёту. Бо як нам, дык добра быў відаць ягоны твар, шлем на галаве, акуляры; ён пазіраў, што там на зямлі. Бо ён якраз і лятаў, пэўна, каб убачыць, куды шар зваліўся. Дык вось мы яму і махалі. Тады мы і самі толкам не разумелі, што ж насамрэч здарылася. Бо нічога не было зразумела, што і да чаго. Страшнае разуменьне зьявілася пазьней, калі ўжо сталі разьбіраць завалы, апісаньне рабіць, фатаграфаваць, здымаць на відэа і г.д.”

Юры Сівакоў: Амэрыканцы памерлі яшчэ да таго, як іх зьбілі

Дзяржаўная камісія для высьвятленьня прычынаў інцыдэнту так і не патлумачыла, чым не дагадзілі беларускаму вайсковаму камандаваньню спартоўцы-экстрэмалы. Тагачасны начальнік аддзелу апэратыўнага рэагаваньня Савету бясьпекі генэрал Юры Сівакоў толькі настойваў: амэрыканцы памерлі яшчэ да таго, як іх зьбілі — маўляў, падняліся на небясьпечную вышыню, не хапіла кіслароду, і яны задыхнуліся. Іншыя спэцыялісты не выключалі, што амэрыканцы сапраўды маглі быць у непрытомнасьці, але да зямлі ляцелі ўсё ж жывымі.

Нечакана для сябе да тых падзеяў прычыніўся цяперашні рэдактар тыднёвіка “Свободные новости” Васіль Зданюк. На той час ён вёў у газэце вайсковую тэматыку, а таксама працаваў у рэдакцыі маскоўскага “Военного журнала”. Адтуль атрымаў заданьне зрабіць інтэрвію з камандуючым сіламі супрацьпаветранай абароны Валер’ем Кастэнкам.

Падчас гутаркі апэратыўны дзяжурны далажыў генэралу, што зафіксаваны невядомы паветраны аб’ект у зоне адказнасьці дывізіёну, дысьлякаванага ў Берасьцейскай вобласьці. Маўляў, ляціць на нізкай вышыні, на запыты не адказвае, трэба тэрмінова прымаць рашэньне: пачынаюцца палёты на аэрадроме ў Бярозе, а шар ляціць якраз туды. Кастэнка загадаў падняць дзяжурны верталёт. Пасьля наступных перамоваў з камандзірам экіпажу Мі-24 камандуючы прыйшоў да высновы, што апарат бесьпілётны, і загадаў зьнішчыць аб’ект.

"Прычына трагедыі — у непаразуменьні паміж цывільнай і вайсковай дыспэтчарскімі службамі"

На думку спадара Зданюка, каб Кастэнка літаральна некалькі хвілінаў пачакаў, трагедыі можна было б пазьбегчы. Амаль усьлед за зьбітым, як тады меркавалі, “зондам” пераляцеў беларускую мяжу наступны, потым яшчэ адзін. Гэта былі ўдзельнікі сусьветнага чэмпіянату на далёкасьць палётаў, які стартаваў у Швайцарыі і пра які арганізатары папярэдзілі дыспэтчарскія службы Беларусі яшчэ за паўгоду. Празь некалькі месяцаў пасьля здарэньня кіраўніцтва Дзяржаўнага памежнага камітэту прызналася, што яшчэ ў красавіку атрымала ліст са Швайцарыі, аднак у ім нібыта ня быў дакладна акрэсьлены калідор, якога павінны трымацца паветраплавальнікі. Між тым Васіль Зданюк лічыць, што ў той сытуацыі генэрал усё рабіў правільна, а прычына трагедыі — у непаразуменьні паміж цывільнай і вайсковай дыспэтчарскімі службамі:

“Беларуская сыстэма супрацьпаветранай абароны пра гэты чэмпіянат сьвету нічога ня ведала, хоць арганізатары спаборніцтваў, як і патрэбна, за 6 месяцаў паінфармавалі дыспэтчарскія службы Беларусі. Але выявілася, што гэта былі цывільныя дыспэтчарскія службы. А вось узаемадзеяньня з вайсковымі дыспэтчарамі ніякага не адбылося, ніхто не перадаў вайскоўцам, што будуць праходзіць такія палёты шароў. Там нічога ня ведалі, і ў выніку здарылася тая трагедыя... Я расшыфраваў запісы свайго дыктафона, мы надрукавалі вялікі матэрыял, які ішоў уразрэз з агульным меркаваньнем, якое пераважала ў СМІ — вінаваты выключна камандуючы Кастэнка. Мы ж падалі аб’ектыўную інфармацыю. Дарэчы, Кастэнка пасьля здарэньня зьлёг з сардэчным прыступам у шпіталь, вельмі цяжка яму было. І калі зьявіўся матэрыял, то мы фактычна былі адзіныя, хто яго падтрымаў. Ён як выйшаў са шпіталю, мне затэлефанаваў, падзякаваў і сказаў: “Давай прыедзь, вып’ем хоць па 20 грамаў каньяку”.

"Месца тое не забываецца і не забудзецца ніколі"

На гадавіну трагедыі дэмакратычныя актывісты зь Бярозы ўсталявалі на месцы забойства амэрыканскіх паветраплавальнікаў памятны знак — камень з надпісам “Прабачце”. Адзін з ініцыятараў ушанаваньня — Васіль Азаранка. Расказвае, што ля каменя амаль заўсёды стаяць жывыя кветкі — так дачнікі згадваюць падзеі амаль 14-гадовай даўнасьці:

“Апошнія гады туды прыходзім у верасьні, напярэдадні гадавіны трагедыі. Трошкі прыбраць, абнавіць. Сёлета таксама абавязкова пад’едзем, паглядзім, які там стан. Дарэчы, калі два гады таму прыяжджаў Джонатан Мур, прайшліся па гэтых мясьцінах, усклалі кветкі. Дыплямата, дарэчы, зьдзівіла, што там кветкі ўжо былі. Стаяла акуратная шкляначка з кветкамі. То бок дачнікі заходзяць, прыносяць кветкі. Так што месца тое не забываецца і не забудзецца ніколі. Усё ж гэта ў нейкай малой ступені, але гістарычны выпадак. Таму ня хутка ён сатрэцца і тэма так хутка закрыта ня будзе. А будзе яна закрытая тады, калі паміж нашымі краінамі наладзяцца нармальныя, добразычлівыя стасункі. Тады, калі на гэтае месца прыйдуць ня проста бярозаўскія чыноўнікі, а людзі больш высокага рангу зь Менску. Тады, напэўна, і з амэрыканскага боку будуць прысутнічаць зацікаўленыя асобы. І вось тады сапраўды будзе нагода папрасіць афіцыйнага прабачэньня. Тут, на месцы, а ня дзесьці ў кабінэтах. Можа, дзесьці ў дыпляматычных кулюарах і прагучалі словы выбачэньня, але мы іх ня чулі”.

Сям’я Салавей на месцы падзеньня паветранага шара
Жыхарка Бярозы Валянціна Салавей кажа, што практычна ў кожны прыезд на лецішча наведвае месца падзеньня паветранага шара. Дарэчы, яна была першай, хто ў 10-ю гадавіну трагедыі расказаў амэрыканскім дыпляматам, што насамрэч здарылася 12 верасьня 1995 году:

“Ходзім мы, наведваем, кветкі часам занясём. Нашы актывісты, як вы, напэўна, ведаеце, там памятны камень паставілі. Але ўвогуле там амаль нікога не бывае. Адзінае, што як было 10 гадоў той трагедыі, я вырашыла занесьці туды кветкі. Узяла плястыкавыя бутэлькі, адрэзала, нарвала астры, думаю — панясу, пастаўлю ля каменя кветкі. Бо як мы ўжо першыя былі сьведкі, дык трэба ўшанаваць, проста чыста па-людзку. Прыходжу, а там ужо два букеты стаяць, дарога расчышчаная, пляцоўка вакол каменя. А неўзабаве пад’ехалі людзі, два маладыя амэрыканцы. Думаю, трэба падысьці — можа, сваякі, дык раскажу, як што было. Аказалася, што гэта дыпляматы. Кажу, калі вас цікавіць, то магу расказаць, бо мы бачылі ўсё ад пачатку і да канца. Яны, вядома, вельмі цікавіліся. Ну, мы і расказалі, як усё было, лішняга ж нічога не прыдумаеш”.

Кэралайн і Джон Сьцюарт-Джэрвіс у дзень вясельля, 1959
За мінулыя амаль паўтара дзясятка гадоў ніхто зь беларускіх дзяржаўных асобаў ня ўзяў на сябе адказнасьці за інцыдэнт. Першы час трагічную навіну спрабавалі ўвогуле схаваць ад грамадзкасьці — амбасада ЗША ў Менску толькі праз суткі дазналася пра гібель амэрыканскіх паветраплавальнікаў. Як зазначае ў сваім інтэрвію “Свабодзе” Кэралайн Ст’юарт-Джэрвіс, жонка зьбітага ў небе над Бярозай паветраплавальніка Джона Ст’юарта, сваякі нябожчыкаў так і не дачакаліся словаў выбачэньня ад імя кіраўніцтва Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG